Вы тут

Анатоль Бензярук. «Экзамен па гісторыі»


Празаік, журналіст, краязнаўца Анатоль Бензярук нарадзіўся на Берасцейшчыне. Жыве ў Жабінцы. Працуе ў Брэсцкай абласной газеце «Заря», шмат робіць для захавання гістарычнай памяці, гісторыка-культурнай спадчыны Жабінкаўскага раёна. Лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка.

Асаблівая тэма для творцы — трагічныя выпрабаванні, якія спазнаў наш народ падчас Вялікай Айчыннай вайны. Тыя далёкія і страшныя падзеі азараюць сваімі трывожнымі водбліскамі сённяшняе мірнае жыццё. Пра гэта новае апавяданне Анатоля Бензерука. Па-майстэрску выбудаваны сюжэт (адзначым і ўласцівае аўтару тонкае пачуццё стылю) вядзе чытача ў аўдыторыю інстытута, дзе праходзіць экзамен па гісторыі. Не дужа добра падрыхтаваны студэнт, ад імя якога вядзецца аповед, у думках наракае на прыдзірлівага выкладчыка. Але раптам — быццам незнарок закранулі «нейкую патаемную струну» — адна дэталь паказвае нам звычайны экзамен з новага ракурсу…

Алена БРАВА


Была субота. Запомніце, гэта важна!

Церушыў снег. Было яшчэ цёмна — а восьмай гадзіне раніцы. Толькі стары ліхтар, падвешаны замест месяца, гойдаўся, стомлена рыпеў і кідаў сваё жоўтае святло на зямлю. І яно быццам разбівалася на кавалкі.

Мяне папярэджвалі хаваць горла і кутацца ў шалік. Прасілі трымаць між пальцаў старую сярэбраную манету — на шчасце. Але ж... субота, снег і гэты экзамен. Які па ліку ўжо? Здаецца, здаў больш іспытаў, чым пражыў гадоў на свеце. Аб чым хвалявацца?.. Толькі б не ўпасці — дрэнная студэнцкая прыкмета.

Перад самым інстытуцкім ганкам, там, дзе яшчэ ўчора хлюпала вада, сёння ўсё было вымашчана лёдам. Асцярожна, нязграбна перасоўваючы ногі, я рушыў па ім. Раптам не ўтрымаўся, і манетка — тая, што на шчасце! — выслізнула з далоні, цінькнула аб лёд і схавалася ў глыбокім снезе.

Ліхтар кінуў на мяне бледна-жоўты слуп святла, і побач нехта зайшоўся ад смеху. Толькі мне было ўжо не смешна: трымаючыся за выцятае месца, падняўся і ўвайшоў у будынак.

— Сёння Эдзік не ў настроі, — адразу прывітаў мяне сябар Сенька, угледзеўшы, што і мой настрой, як у рака перад лазняй.

— Не ў настроі? — хмыкнуў я.

Дзівак! Эдзік (афіцыйна — Эдвард Паўлавіч) і настрой, у маім разуменні, заўсёды былі рэчамі несумяшчальнымі. Лёд, аб які я пабіў бакі, відаць, цяплейшы за нашага Эдзіка-Эдварда!

На свет Эдвард Паўлавіч паглядаў строга і безапеляцыйна праз свае вялізныя рагавыя акуляры. Заўсёды чымсьці незадаволены, нейкі пахмурны, як восеньская непагадзь, ён тварам сваім быў падобны на пабіты яблык, стары і зморшчаны. Пра яго ўзрост можна было толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё, Эдзік быў равеснікам Маркса і Энгельса, пра якіх так натхнёна чытаў лекцыі.

Мне толькі аднойчы пашчасціла даведацца, што Эдвард Паўлавіч умее смяяцца. Гэта здарылася, калі яго віншавалі са з’яўленнем новай кнігі. Партрэт Эдзіка тады вывесілі на дошцы аб’яў. Здарылася тым часам міма крочыць сапраўднай жывой легендзе гістарычнага факультэта, шаноўнай Юдзіфі Ісакаўне, пра якую гаварылі, што яна нарадзілася яшчэ тады, калі ўсё чалавецтва было непісьменным. Угледзеўшы знаёмы твар на сцяне, старая са шкадаваннем паківала галавою і прашамкала:

— Вось і Эдвард Паўлавіч памёр ужо…

Усе анямелі, потым нехта далікатна паспрабаваў удакладніць:

— Ды не, Юдзіфь Ісакаўна! Ён яшчэ ого-го які жывы! Нават кніжку зноў выдаў.

Але жанчына, не зважаючы на чужыя словы, ціха ўздыхнула:

— А шкада. Такі добры чалавек быў... — і, быццам задаволеная тым, што яна самая старажытная на свеце, паціху пасунулася далей па справах.

Калі Эдварду Паўлавічу пераказалі гэтае здарэнне, ён аж заенчыў ад рогату. Смяяўся, і слёзы выступалі на яго вачах. А мне тады падалося, што ён больш плакаў, чым смяяўся.

* * *

— Марэк, сёння Эдзік проста звярэе, — паведаміў Сенька. — Шпурляецца залікоўкамі ва ўсе бакі. Ты шпаргалкі маеш?

— Ёсць нешта лепшае, чым шпоры, — я паказаў на падручнік. — Разумныя людзі напісалі, а не тыя, што шпаргалкі начамі строчаць.

— І што, спісваць збіраешся?

— Лёгка!

Сенька недаверліва засмяяўся і ўпэўнена заявіў:

— Вось Серафіма ледзь выйшла адтуль. А цябе вынесуць, далібог, з санітарамі вынесуць. І адразу ў рэанімацыю!

Спрачацца з ім не было часу. Тым больш што Серафіма ўжо выпіла шклянку вады і змучаным голасам запрасіла:

— Клікалі, каб наступны заходзіў.

Я быў наступны.

* * *

У аўдыторыі было ціха. Мабыць, як у пячоры.

Эдвард Паўлавіч глянуў на мяне без аніякай цікаўнасці і худым доўгім пальцам тыкнуў у стос білетаў.

— Цягніце... э-э-э, малады ча-ла-век, — выгаварыў ён, трохі расцягваючы словы.

Ягоны твар здаваўся стомленым і раздражнёным. Эдзік нервова пацёр нос і працягнуў, прыпадаючы на кожным складзе, як кульгавы конь на гасцінцы:

— Што гля-дзі-цё? Яны аднолькавыя... Калода не значаная.

Калі я выцягнуў білет, Эдзік праводзіў мяне на месца халодным пажаданнем «хутчэй рыхтавацца» і, здаецца, страціў да маёй асобы ўсялякую цікавасць, змежыў павекі, быццам задрамаў.

Час ішоў нетаропка. Пытанняў было два. Першае — лягчэй лёгкага. Толькі вось другое ніяк не вытанцоўвалася. Я пацягнуўся асцярожна да падручніка, які даўно перакачаваў з-за пазухі ў парту. Гартаў няспешна, асцярожна. Працаваў, як сапёр.

Раптам ува мне ўсё пахаладзела: нейкія паны-дабрадзеі, таварышы мае па няшчасці, паклалі ў парту цэлы стос шпаргалак. Паперкі сыпануліся мне пад ногі, разляцеліся па падлозе.

Эдвард Паўлавіч, які дагэтуль цешыўся, як кот на прыпечку, раптам ускочыў са свайго месца.

— Сюды, сюды ідзіце, — вельмі лагодна азваўся ён, але ў яго словах чуліся нядобрыя ноткі.

Апраўдвацца не было сэнсу. Я паслухмяна падняўся і пачаў свой шлях да выкладчыка.

— Ну-с, пачынайце... э-э-э... Слухаю, слухаю…

* * *

Я пачаў ціха, блытана, няўмела. Ён зусім не перапыняў, толькі грозна глядзеў скрозь свае вялізныя акуляры і цёр нос. Гаварыць рабілася ўсё цяжэй. Язык біўся ў перасохлым роце, як адарваны, у галаве чуўся нейкі гул. Я правальваўся ў бездань, а яго шэрыя вочкі-драпежнікі пільна, бязлітасна сачылі за мной.

— Так-так, — нарэшце насмешліва перарваў прафесар маю блытаніну, невыразна матнуў галавой і зноў дадаў: — Так!

Ён падышоў да акна. Стаяў, глядзеў, як сыпле снег, нешта слухаў, да нечага прыслухоўваўся, але не да мяне.

І падалося: ён забыўся пра маю прысутнасць. 

І раптам агарнуў такі жаль да сябе самога, што я адважыўся перарваць яго думкі. Мне ж так патрэбна добрая адзнака. Усё, што заўгодна, але толькі не «тры». Бо «тройка», гэтая птушка-«тройка», азначае адзінае: няма табе, браце-студэнце, стыпендыі! Хоць жыві, хоць пабірайся! Але ж гэтак біць па кішэні? Па кішэні, у якой і так ніц не звініць, нават апошні грош збег у снег!

Я зашамацеў паперкаю, каб звярнуць увагу, і заспяваў, як анёльчык, старую студэнцкую малітву:

— Не псуйце залікоўку «тройкай»! Пастаўце «двойку»... Ы-ы! Прыйду, калі скажаце... здам... вывучу. Не буду спаць, есці... не буду.

Ён нават не глянуў у мой бок. Яму цікавей быў снег за вокнамі, чым мае енкі і просьбы. Ён жорстка, спінаю адгукнуўся:

— Вы, што, здурнелі, малады чалавек?.. Я ўжо сто гадоў не стаўлю «двоек». Ідзіце, ідзіце…

Я павольна пачаў адступаць да дзвярэй. Вусны мае дрыжалі, і перад вачыма паўстала нейкая шэрая заслона.

— Пастаўце «два»... Я прыйду... У панядзелак. Прыйду, пераздам…

Ён уздрыгнуў: штосьці адбылося з Эдзікам. Быццам незнарок я закрануў нейкую патаемную струну. Яго спіна раптам напружылася, нервова перакрывіліся плечы, скалануліся, як прастрэленыя. Рэзка, адразу ўсім тулавам Эдзік павярнуўся да мяне. У яго вачах з’явіліся дзве шалёныя бліскавіцы, што загарэліся гневам і адчаем. Незвычайна спакойна, ціха ён вымавіў, хаваючы гэтыя свае палаючыя вочы:

— Што вы кажаце? У які панядзелак?

— У панядзелак — пасля нядзелі…

— Глупства! Вар’яцтва! — Эдвард Паўлавіч грымнуў кулаком па падаконніку.

Ён ужо крычаў, не стрымліваўся, уся яго істота бушавала, як жарало вулкана. Ён схапіў з нейкім нечалавечым азартам маю залікоўку, размашыста крэмзаў яе, быццам змагаўся з драпежным зверам. І перамог нарэшце, кінуў на стол.

Рукі мае калаціліся. Я ледзь адгарнуў патрэбную старонку. Яго каравы раз’юшаны подпіс распоўзся ажно на тры радкі. А побач з ім стаяла адзнака «добра»... «Доб-ра»?!

Я падаўся да дзвярэй і ў хваляванні, што агарнула мяне, няўпэўнена і сумленна прамармытаў:

— Але ж я... не адказваў на «добра»…

Ён глянуў на мяне, быццам угледзеў упершыню, і адным горлам прасіпеў:

— Быў у мяне ўжо адзін такі прайдзісвет. Казаў, бажыўся, кляўся: не стаўце, не стаўце, у панядзелак прыйду — пе-раз-дам. Паслухаўся яго... А ў нядзелю было 22 чэрвеня…

— Вайна? — ледзь вымавіў я.

Ён увесь неяк сабраўся, паменшыўся, жаўлакі ягоныя зайгралі, давячы слязу.

— Ён — той... загінуў?

Стары прысеў, стомлена сабраў свае кашчавыя пальцы ў кулакі і ціха кінуў, як пруцік у агонь:

— Загінуў — не загінуў... — падняўся, расправіў заўсёды гарбатую спіну, быццам вызваліў крылы, здавён прыхаваныя, і закончыў:

— Чорт вас ведае! Вось так: укоціш «лебедзя», а потым — чакай яшчэ сорак гадоў: прыйдзеш пераздаваць ці не?

...Я выйшаў на вуліцу. Снег усё ішоў, і не было яму канца. У пакоі гарэла святло. Эдвард Паўлавіч стаяў у перакрыжаванні акна і глядзеў на гэты снег. А можа, далей і глыбей?..

Анатоль БЕНЗЯРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.