Вы тут

На «Лістападзе» паказалі зняты ў Татарстане мультфільм па вершы Янкі Купалы


Фестываль «Лістапад» працягвае сваю працу, хаця ўжо хутка надыдзе час падвесці яго вынікі. Як заўсёды, насычанай атрымалася анімацыйная праграма — трыццаць шэсць стужак з пятнаццаці краін. Конкурсныя фільмы былі падзеленыя на чатыры паказы, у залежнасці ад узроставай аўдыторыі. Увечары 21 лістапада ў кінатэатры «Беларусь» адбыўся сеанс анімацыі для дарослых, які называўся «Людзі і краіны».


Стужкі 16+ былі на любы густ: іранскі фільм «У ценю кіпарысу» Шырын Сахані і Хасэйна Малайемі — пра бацьку і дачку, якія спрабуюць выратаваць кіта, што выкінуўся на іх бераг, «Светлыя душы» Анастасіі Жыкулінай з запамінальнай графікай у эскізным стылі — па апавяданні Васіля Шукшына, «Жагар Мэшэд хан» Наталлі Фаціх распавядае буратскую народную казку пра цудоўнага хлопчыка з залатымі грудзямі і срэбным азадкам, якога перыядычна з асаблівай жорсткасцю забіваюць, але ж ёсць панацэя — слёзы маці. «Пчала і муха» кітайскага рэжысёра Ся Су — гэта вострасацыяльная прыпавесць. Прыляцела пчала ў горад, пазнаёмілася з мухай... Дзе ж знайсці самае бяспечнае і сытнае месца? А на галаве вялікага начальніка! Ніхто не наважыцца яму сказаць, што ў яго на галаве нешта ці нехта сядзіць. Галоўнае — у час перасесці на іншую начальніцкую галаву... «Адна порцыя ў бляшанцы» калумбійскага рэжысёра Мігеля Аталора — прыпавесць пра сямейнае жыццё з вядомай метафарай нядружнай сям’і — карабель, які сеў на рыфы. Асабістую свабоду гераіня здабывае, калі перастае чакаць, пакуль хтосьці па яе цыдулцы з чарговай бляшанкі прыдзе на дапамогу, а будуе з тых самых бляшанак свой човен. Ізраільскія рэжысёры Брыл і Голдвасэр намалявалі гісторыю пра немаладую мажную наглядчыцу мастацкага музея, закаханую ў старажытную карціну з зімовым пейзажам і птушкамі... Вось толькі кандыцыянер не справіўся з рэканструкцыяй зімовага надвор’я. Што ж, менавіта сюжэты пра дзівакоў, якія бачаць свет не так, як усе, змушаюць нас многае пераасэнсоўваць.

Але галоўным уражаннем для беларускага гледача на тым праглядзе атрымалася карціна «Вечарынка» двух маладых аўтарак, Эліны і Алены Абызавых. Знятая ў Татарстане анімацыйная стужка гучыць на беларускай мове і прысвечаная вершу Янкі Купалы «Вечарынка». Як кажуць стваральніцы — гэта анімаваны верш Купалы. 
Сёстры Эліна і Алена адразу зачаравалі залу, прывітаўшыся на трох мовах — беларускай, рускай і татарскай. Яны распавялі, што ў Татарстане знаходзіцца адзіны ў Расіі музей Янкі Купалы, таму творчасць беларускага паэта іх натхніла. 

— Гэты верш аб простых людзях, аб тым, як яны, прыходзячы з цяжкой працы, намагаюцца сябе падбадзёрыць, заўсёды гатовыя таньчыць... Наш фільм пра тое, як трэба любіць жыццё, цаніць яго, нягледзячы на цяжкія часы. Для нас кожны персанаж, усе гэтыя Сцёпкі, Пецькі, Васі — гэта асобы. Калі мы іх малявалі, працавалі над іх касцюмамі, атрымалі вялікае задавальненне. 

Фільм атрымаўся вясёлы, добры і дынамічны. Дарэчы, на паказе прысутнічалі супрацоўнікі мінскага Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. 
А на пытанне, ці часта Алена і Эліна бываюць у музеі Янкі Купалы ў татарскіх Пячышчах, дзе беларускі класік правёў апошнія месяцы жыцця, чароўныя дзяўчаты засмяяліся і адказалі, што дырэктар музея Рыма Абызава — іх маці. Таму Янка Купала для іх — родны. Яны з дзяцінства ведаюць і захапляюцца творчасцю беларускага песняра. І «Вечарынка — не адзіны верш Купалы, які дзяўчаты ператварылі ў анімацыю. Абедзве маюць кінематаграфічную адукацыю, але як прадзюсары. А мультфільм рабілі ўдвух. Самі малявалі, самі пісалі сцэнар — хаця Эліна значыцца як рэжысёр, а Алена як сцэнарыст. Нават самі спявалі песні — у стужцы гучыць беларуская «Купалінка».

Сёстры Абызавы шчыра цікавяцца Беларуссю і беларускай культурай, збіраюцца ўдасканальваць свае веды і валоданне беларускай мовай, і, зразумела, рабіць новыя праекты, звязаныя з Купалам. 

Нагадаю, што закрыццё фестывалю «Лістапад» адбудзецца 24 лістапада, і ў вас яшчэ ёсць магчымасць патрапіць на прагляды.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.