Вы тут

Элеанора Качалоўская: Ты будзеш па-сапраўднаму прыгожай, калі ты шчаслівая


21 лістапада ў Неапалі адбыўся фінал конкурсу «Міс Еўропа Кантыненталь — 2023», нашу краіну на ім прадставіла пераможца «Міс Беларусь — 2023» Элеанора Качалоўская. Дзяўчына не толькі годна ўвасобіла прыгажосць Сінявокай, але і заваявала тытул першай віцэ-міс. Аб тым, як праходзіла падрыхтоўка да конкурсу, якія ўражанні пакінуў ён аб сабе, а таксама аб планах дзяўчыны на будучыню чытачы даведаюцца з сённяшняй гутаркі.


— Як змянілася ваша жыццё пасля конкурсу «Міс Беларусь»?

— Напэўна, найбольш заўважна змяніўся графік і жыццёвы рытм. Цяпер у мяне максімальная ўцягнутасць у розныя мерапрыемствы, а яны ўсе разнапланавыя. Ну і, вядома ж, статус, у якім я іх наведваю. Калі раней была ў якасці гледача ці арганізатара, то цяпер мяне запрашаюць як ганаровага госця. Але, вядома, асноўнае, што я павінна выконваць, гэта ўдзельнічаць у міжнародных конкурсах і прадстаўляць на іх краіну.

— А якія з мерапрыемстваў больш за ўсё «запалі ў душу»?

— Гэта складанае пытанне. Кожнае было па-свойму ўнікальнае. Цяпер я актыўна наведваю гульні хакейнага клуба «Дынама». Яны запрасілі мяне на свой першы матч, а потым сама стала прыходзіць да іх. Я і раней любіла хакей, таму глядзець яго ўжывую прыносіць мне сапраўднае задавальненне. Таксама ў мяне зараз вялікая колькасць мерапрыемстваў сумесна з БРСМ. 

З апошніх, напрыклад, была закладка першага каменя на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Брэсцкай крэпасці. Таксама актыўна прымала ўдзел як госця ў конкурсе «Студэнт года». Калі казаць пра найбліжэйшую будучыню, то гэта, канешне ж, удзел у Прэзідэнцкім балі. А яшчэ нядаўна мяне запрасілі як «Міс Беларусь» у Гродзенскую вобласць у карэкцыйны цэнтр. Але я вырашыла паехаць у вобразе Снягуркі, знайшла сабе касцюм і нават Дзеда Мароза. (Усміхаецца.)

— Ці займаецеся вы самі валанцёрскай дзейнасцю?

— Я не магу назваць сябе паўнавартасным валанцёрам, аднак некаторую валанцёрскую дзейнасць усё ж вяду. Напрыклад, пад сваё «забеспячэнне» ўзяла «Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Воранаўскага раёна» і кобрынскіх валанцёраў, якія выкупілі дом і зрабілі прытулак для сабак.

— Як прынялі рашэнне ўдзельнічаць у конкурсе «Міс Еўропа Кантыненталь — 2023»?

— Да нас у Нацыянальную школу прыгажосці прыйшло запрашэнне адтуль, і, нядоўга разважаючы, мы яго прынялі. Насамрэч на падрыхтоўку пайшло вельмі мала часу, прыблізна крыху менш за месяц. Вельмі праблематычным было лагістычнае пытанне. У Еўропу трапіць прамым рэйсам немагчыма. Складана было разлічыць лагістыку самалётаў, у мяне была перасадка, начное пражыванне ў перасадачным пункце. Цяжка было разлічыць хвіліна ў хвіліну дзе, як і ў колькі мне трэба быць, каб паспець у канкрэтнае месца. 

У выніку на конкурс я паехала адна, што пакінула пэўны след у маёй падрыхтоўцы і адбілася на маім багажы.

— Апроч вырашэння арганізацыйных пытанняў, як яшчэ праходзіла падрыхтоўка да конкурсу?

— Я больш часу стала надаваць вывучэнню англійскай мовы. Таксама ў мяне быў псіхолаг. Не магу сказаць, што было вельмі шмат сеансаў, але яны, бясспрэчна, дапамаглі. Паколькі я літаральна з аднаго маштабнага конкурсу адразу паглыбілася ў іншы, ды яшчэ і ўдалечыні ад дома знаходзілася, таму было псіхалагічна цяжкавата. Ды і тое, што я ляцела адна, таксама крыху палохала. Акрамя гэтага, у мяне з’явіўся асабісты стыліст, якая распрацавала мне прычоскі і макіяж на кожны дзень. Разам з ёю мы хадзілі закуплялі касметыку. Увогуле можна сказаць, што я прайшла такі экспрэс-курс. І гэта вельмі спатрэбілася. На конкурсе мы па факце «збіралі» самі сябе, акрамя фінальнага дня, і я выкарыстоўвала атрыманыя ад стыліста навыкі напоўніцу.

— А што наконт касцюмаў?

— Вядома ж, пры іх падрыхтоўцы праводзілася вялікая работа. Дызайнерамі стала каманда брэнда Kіkо Rіchen пад кіраўніцтвам яго заснавальніка Ягора Кірычэнкі. 

У гэтым конкурсе не патрабавалася прэзентацыя народнага касцюма, але мы вырашылі, што створым вячэрнюю сукенку, якая будзе сімвалізаваць Беларусь. Выбралі блакітны колер і «шкляную» фактуру, каб нагадвала рэкі і азёры. У нас атрымалася гэта зрабіць, сукенка выйшла лятучай і вельмі прыгожай, і гэта пры тым, што пашыты строй быў у кароткія тэрміны. Цяпер яна будзе захоўвацца ў музеі Нацыянальнай школы прыгажосці. Акрамя гэтай сукенкі, была створана яшчэ адна ў ружовым колеры, дызайнер назваў яе «Яблычны сад».

— Давайце прыгадаем, як прайшоў першы дзень па прылёце на конкурс…

— Дарога ў мяне заняла суткі, і гэта ўжо вельмі выматала, але літаральна праз некаторы час пасля прылёту я адаптавалася. Амаль адразу за мной прыехалі і прывезлі ў гатэль. Што адразу кінулася ў вочы, гэта тое, што ў ім былі разеткі еўрапейскага стандарта, што не падыходзіла пад нашы зарадныя прылады і тэхніку. Таму прыйшлося ісці заводзіць новыя знаёмствы і шукаць якія-небудзь перахаднікі. Потым літаральна хвілін трыццаць на зборы, і адразу фотасесія. Фатаграфаваліся ў вячэрніх сукенках, купальніках. Адразу ж пачалося актыўнае жыццё, нават не было часу пакамунікаваць з іншымі дзяўчатамі. Увечары было прадстаўленне прэзідэнту конкурсу, і ў прынцыпе там адбылося знаёмства паміж канкурсанткамі. Усяго нас было 57 удзельніц з розных краін, не толькі з Еўропы, а ўвогуле з усяго свету.

— Дарэчы, аб дзяўчатах. Ці адчувалася паміж вамі канкурэнцыя?

— Я б так не сказала. Наогул удзельніцы былі зусім розныя. Мне здаецца, цвёрдых рамак ні па знешнасці, ні па ўзросце ніхто не выстаўляў. На мой погляд, дыяпазон узросту быў ад васямнаццаці да трыццаці пяці. Дзяўчаты адразу негалосна падзяліліся на дзве «падгрупы»: тыя, хто быў натуральнай знешнасці, і тыя, хто відавочна рабіў разнастайныя пластычныя ўмяшанні. Асабіста я неяк пасябравала з англамоўнымі дзяўчатамі. І, нягледзячы на тое, што англійская — іх родная мова, мы выдатна адзін аднаго разумелі.

— Чым быў заняты час да фіналу?

— У асноўным гэта былі рэпетыцыі. На самай першай нам раздалі нашы нумары, пад якімі мы потым выступалі. Мне трапіўся нумар «сем». Таксама ў самы першы дзень мы пазнаёміліся з харэографамі, якія ў далейшым ацанілі мае навыкі дэфіле. Таксама на працягу ўсяго часу нашых рэпетыцый у зале прысутнічалі члены журы. Як я зразумела ўжо потым, яны адразу прыглядалі дзясятку фіналістак. Таксама, як я даведалася ўжо пазней, у зале прысутнічалі яшчэ і дызайнеры, якія выбіралі сабе мадэляў для прэзентацыі сваіх сукенак. І ў дзень перад самім фіналам была перадпрэзентацыя, дзе кожная дзяўчына выходзіла ў сваёй сукенцы на чырвоную дывановую дарожку для СМІ і фатографаў. І мне літаральна за хвілін дваццаць да гэтага сказалі, што я не пайду ў сваёй сукенцы, а пайду ў дызайнерскай. Тады я вельмі разгубілася, нават падумала, што гэта значыць, што мяне «злілі». Паспела патэлефанаваць свайму дырэктару і навесці паніку. А па выніку аказалася, што ў дызайнерскіх сукенках выходзілі дзяўчаты, якіх адабралі ў топ дзесяць.

— І вось надышоў фінал конкурсу…

— Ён адрозніваецца ад «Міс Беларусь». Паколькі гэтае шоу было тэлевізійным, вымяраліся ўсе моманты, размяшчэнне кропак, камер, прыпынкаў. Але ў адрозненне ад нашага шоу, у іх маглі быць паўзы. Арганізатары ў пэўны момант гавораць «стоп» — і ідзе змена кадраў, усе спакойна пачынаюць хадзіць па сцэне, гледачы ўстаюць. Для мяне гэта было нечым новым. У дзень фіналу візажысты-цырульнікі працавалі на вялікі паток людзей, і зноў жа яны не рабілі тое, што ты хочаш. Яны выконваюць, што ім гавораць арганізатары. Мне, напрыклад, не спадабаўся бляск для вуснаў. Ён, вядома, прыгожы, але не для мяне. Тады я проста ўзяла сваю касметыку і нафарбавала сваім. У пачатку шоу ўдзельнічалі ўсе 57 канкурсантак, потым літаральна адразу аб’явілі дваццатку. Пасля конкурсу купальнікаў дзяўчат засталося дзесяць, потым выбралі пяцёрку, пасля наступнага этапу засталіся на сцэне ўсяго дзве дзяўчыны. І ў гэты фінальны момант і былі аб’яўлены пераможца і першая віцэ-міс.

— Якія эмоцыі адчулі ў гэты момант?

— Я была, канешне ж, вельмі рада і за сябе, і за пераможцу. Перш за ўсё патэлефанавала дырэктару Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэне Ярэміч. У нас з ёй была такая дамоўленасць, што, як толькі ёсць вынік, нягледзячы на час, тэлефаную ёй і дзялюся навінамі. Калі я ёй патэлефанавала, у Беларусі было прыкладна палавіна другой ночы, але яна адразу ж адказала, спачатку нават здзівілася, што мы так далёка зайшлі ў гэтым конкурсе, і вельмі парадавалася. Ну і, вядома, такой навіной я адразу ж падзялілася са сваёй мамай.

— Якія цяпер у вас планы?

— Хачу правесці снежань максімальна сямейным. Я люблю Новы год, усю гэтую атмасферу, мітусню. Шалёна хачу схадзіць на каток. Ужо стаіць ёлка, я пачала выбіраць падарункі сваім родным. Вядома ж, ніхто не адмяняў маю работу і абавязкі ў новым статусе. Але пры ўсім гэтым я хачу заставацца сама сабой. Бо наша галоўная прыгажосць — унутры нас. І ты будзеш па-сапраўднаму прыгожы, калі ты — шчаслівы.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.