Вы тут

Свечкі для дома: чым нашкодзяць, калі выбраць няправільна?


Час, калі свечкі служылі крыніцай святла, скончыўся са з’яўленнем электрычнасці. Але іх да гэтага часу выкарыстоўваюць для стварэння рамантычнай або медытатыўнай атмасферы, раслаблення ў ванне, дэкарыравання і араматызацыі памяшкання. Яны маюць розны дызайн і пах. Але ці ўсе з іх бяспечныя, і ці варта рызыкаваць здароўем дзеля арыгінальнай формы ці водару? Разбіраемся разам з урачом-лабарантам Мінскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святланай Клімук, як абраць бяспечную свечку для дома.


Трэба ведаць, што свечкі бываюць васковыя (натуральныя, зробленыя з пчалінага, соевага воску) і парафінавыя (атрымліваюць з нафты і сланцу). У парафінавыя свечкі часта дадаюцца араматызатары і фарбавальнікі.

— Парафін пры гарэнні вылучае ў паветра бензол і талуол, вельмі шкодныя для жывога арганізма канцэрагены, — папярэджвае ўрач. — Нароўні з канцэрагенным бензол валодае мутагенным, ганадатаксічным, эмбрыятаксічным, тэратагенным і алергічным дзеяннямі. Талуол — яд агульнатаксічнага дзеяння, які выклікае вострыя і хранічныя атручванні. Яго раздражняльны эфект выяўлены мацней, чым у бензолу. Ён выклікае эндакрынныя парушэнні і зніжае працаздольнасць, працяглы кантакт з малымі дозамі талуолу можа ўплываць на кроў. У сілу высокай растваральнасці ў ліпідах і тлушчах талуол назапашваецца пераважна ў клетках цэнтральнай нервовай сістэмы.

У якасці замацавальніка ўстойлівасці водару шматлікія вытворцы ўжываюць складанае злучэнне — дыэтылфталат.

— Ён можа выклікаць алергічныя рэакцыі і экзэму, галавакружэнне, галаўны боль, парушэнне рытму дыхання, слёзацёчнасць, млоснасць і ваніты. Валодае тэратагенным і мутагенным дзеяннем, што вельмі небяспечна для цяжарных. Пры рэгулярным уздзеянні можа паражаць нервовую і дыхальную сістэмы, унутраныя органы і форменныя элементы крыві, спрыяць утварэнню злаякасных пухлін. Нават калі свечка араматызаваная натуральнымі эфірнымі алеямі, араматызатар падчас прагарае, алей моцна награваецца, змяняецца яго хімічная структура і скажаецца водар. Таму злоўжываць нават натуральнымі араматычнымі свечкамі не трэба, — рэкамендуе Святлана Клімук.

Рэдкае ўжыванне парафінавых свечак не прынясе нейкай моцнай шкоды, але сістэматычнае выкарыстанне будзе мець уздзеянне на арганізм.

Васковыя свечкі цалкам зроблены з натуральных рэчываў, яны не ўчыняць шкоду здароўю, нават калі іх гарыць велізарная колькасць. Такія свечкі часта выкарыстоўваюць для стварэння рамантычнай абстаноўкі, для зняцця стрэсу або ў перыяд эпідэмій. Сёння папулярнасць набірае соевы воск — ён на 100% бяспечны, танней пчалінага, не ўтрымлівае хімічных рэчываў.

Для таго каб не прынесці шкоду здароўю пры выкарыстанні свечак трэба прытрымлівацца наступных правілаў:

1. Купляйце бяспечныя араматычныя свечкі з прыроднага воску — пчалінага ці соевага, з натуральнымі араматызатарамі.

2. Запальвайце свечкі не часцей за 2-3 разы ў тыдзень, прыкладна на паўгадзіны.

3. Запальвайце свечкі ў добра праветраным памяшканні і ніколі не пакідайце іх гарэць на ноч.

4. Купляйце свечкі ў спецыялізаваных крамах, дзе ёсць дакументы, якія пацвярджаюць іх бяспеку і якасць.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.