Вы тут

14 студзеня споўнілася 50 гадоў харэаграфічнаму ансамблю «Харошкі»


Студзень — час чароўны: навагоднія падарункі і калядныя цуды, новыя надзеі і адкрыцці, зімовая казка і белая таямніца снегу... У такую харошую пару 14 студзеня 1974 года нарадзіўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Назва адпавядае сутнасці. Хаця ў сапраўднасці ансамбль атрымаў імя ад назвы вёскі Харошкі, што ў Магілёўскай вобласці. Там у пачатку 1970-х быў запісаны танец «Гусарыкі». 


50 гадоў — плён шматвяковых нацыянальных традыцый і непаўторны фальклорны каларыт, увасоблены ў харэаграфічным і музычным мастацтве. Дзякуючы «Харошкам» старадаўнія беларускія танцы атрымалі новае жыццё і сучаснае гучанне, захаваўшы пры гэтым аўтэнтычную народнасць і прыгажосць. Нацыянальнае багацце доўгія гады збіралася падчас экспедыцый па Беларусі. І цяпер гэты скарб адлюстраваны ў творчасці калектыву. 

Нязменная натхняльніца «Харошак» — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. Яе руплівасцю назапашаны залаты фонд аўтарскіх праграм, якія з’яўляюцца візіткай беларускай культуры. Яны выглядаюць як жывы спектакль, своеасаблівая тэатралізацыя.

За паўвека творчасці з гастролямі «Харошкі» аб’ехалі амаль увесь зямны шар. З нядаўніх міжнародных гастроляў — выступленне ў Парыжы. У калектыве працуюць заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Святлана Кашталапава-Патаповіч, Фёдар Балабайка, Васіль Прыходзька, Андрэй Макарук, Алена Якубец.

Падарункам да юбілею стаў паштовы праект «50 гадоў Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму заслужанаму харэаграфічнаму ансамблю „Харошкі“» — мастацкі маркіраваны канверт і спецыяльны штэмпель. На канверце адлюстравана харэаграфічная кампазіцыя «Пава» — адзін з нумароў залатога фонду ансамбля. Канверт уведзены ў паштовае абарачэнне тыражом 20 тысяч экзэмпляраў. Яшчэ адным падарункам стане юбілейны канцэрт 26 студзеня ў канцэртнай зале «Мінск».

Вясна. Лета. Восень. Зіма. Поры года змяняюць адна адну і, здаецца, паўтараліся мільёны разоў, а кожны раз новыя і чаканыя, кожны раз дораць радасць і адкрыццё. Так і «Харошкі»: безліч канцэртаў і праграм на аснове фальклору і народных традыцый штораз зачароўваюць і натхняюць. Чаго толькі варты «Полацкі сшытак» — нацыянальны здабытак музыкі XVII ст. Таксама ў рэпертуары такія вядомыя кампазіцыі, як «Гусарыкі», «Весялуха», «Лянсей», «Камарынская», «Субота», «Каляда», «Юр’еў конь», «Беларускае вяселле», «Купальская сюіта», «Вечар у замку», «Сакалінае паляванне» — усяго больш за 80 харэаграфічных нумароў, пастаўленых Валянцінай Гаявой. У чым сакрэт залатога юбілею «Харошак», мы даведаліся ад удзельнікаў калектыву.

Калі гэты артыст толькі выходзіць на сцэну — яму ўжо апладзіруюць. Саліст Фёдар Балабайка, заслужаны артыст Беларусі, танцуе ў калектыве 48 гадоў, амаль яго равеснік, ды не расслабляецца, дысцыплінуе сябе: «Каб не страціць планку, якую маеш, і трымаць яе на ўзроўні. Бо ўніз апусціцца можна заўсёды. Тое, што напрацавана гадамі, складана ўтрымаць. Некаторыя думаюць: вось як выйдзем, як дадзім, а выходзяць — і не атрымліваецца. Усё залежыць ад таго, як працуеш на рэпетыцыях», — перакананы Фёдар Якаўлевіч. Сваім прафесіяналізмам, прызнаецца, абавязаны Валянціне Гаявой і Мікалаю Дудчанку, стваральнікам ансамбля. Карыснай стала іх патрабавальнасць. Артыст аддаў «Харошкам» большую частку жыцця. Адна з важных рыс Фёдара Якаўлевіча — вучыць маладых: «Трэба рабіць, як я, ды яшчэ лепш». «Гусарыкі», «Весялуха», «Віцебская полька», «Местачковы вальс», «Танга» — непаўторныя нумары без яго не ўяўляліся. Сакрэт поспеху, лічыць, просты: трэба рабіць сваю работу якасна: «Не проста прыйшоў, адбыў, а адпрацаваў стапрацэнтна, атрымаў задавальненне». 

З часу заснавання «Харошак» і загадчык трупы Валянціна Гехт. У яе працоўнай кніжцы — только адно месца працы. «Скончыла дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, якое тады было пры оперным тэатры, і прыйшла сюды», — расказвае Валянціна Васільеўна. Поспех «Харошак» на працягу 50 гадоў тлумачыць так: «Мы нясём на сцэне жыццё. Нашы артысты шчырыя, працуюць не найграна. Гэтым і бяром, што спадабалася ў свой час Ігару Маісееву». Аднойчы ездзілі са справаздачным канцэртам у Маскву, прадстаўлялі Беларусь. Былі і іншыя майстры мастацтваў краіны. І Маісееў адзначыў харэаграфію «Харошак», не падобную на іншыя, згадвае Валянціна Васільеўна: «У нас свой твар. З’явіўся ён дзякуючы мастацкаму кіраўніку Валянціне Гаявой. Гэта яе бачанне». Валянціна Гехт была задзейнічана ва ўсіх праграмах. Першы састаў невялікі: пачыналі з васьмі пар. «Калі стваралі праграму „Беларусы“, нас ужо было шмат — каля 30 жанчын і 26 мужчын». Потым прыйшлі маладыя — дапамагалі ім. 

І яны цяпер — гонар калектыву, як, напрыклад, саліст Аляксей Анішчук, які ў «Харошках» 15 гадоў. Гэта ён у славутай «Камарынскай» робіць сальта і розныя трукі, скача на руках. «Я люблю трукачыць. Што да тэхнікі, то ў мяне самая складаная: сальта, флякі, бедуінскі, свечкі». На пытанне, ці не занадта строгія настаўнікі, адказвае: «Хочацца, каб патрабавалі больш, — тады працаваць лягчэй. Расслабляцца нельга». Іншы раз ад заўваг можа ўзнікнуць крыўда, але танцоры рады прымаць нагрузку: «Заўвагу робяць дзеля твайго ж поспеху». Рознасць пакаленняў працуе станоўча, і Фёдара Балабайку маладыя, у прыватнасці Аляксей, успрымаюць як бацьку: «Фёдар Якаўлевіч пастаянна жартуе, весяліцца, падбадзёрвае». Можа, у гэтым і ёсць сакрэт харошкаўскай згуртаванасці на доўгія гады? «Глядзіш на нашых карыфеяў і радуешся, што ў сваім узросце выходзяць на сцэну і працуюць», — кажа Аляксей. З любімых яго нумароў — «Дуда», пастаўленая ўся на тэхніцы. Па душы сталі і лірычныя кампазіцыі, у прыватнасці «Сакалінае паляванне», хараводы. 

«Харошкі» — адзінае месца працы і заслужанай артысткі Беларусі Святланы Кашталапавай-Патаповіч: «Трэба настолькі любіць свой калектыў, якому аддала сэрца, сямейнае жыццё, любоў да харэаграфіі. Хаця мяне запрашаў да сябе Ігар Маісееў», — прызнаецца Святлана Аляксандраўна. «Харошкі» заявілі пра сябе на конкурсе прафесійных калектываў і здзівілі ўсіх, адзначае суразмоўца: «Спаборнічалі дзяржансамбль Сухішвілі-Рамішвілі танца Грузіі, увогуле, усе калектывы з Савецкага Саюза. І нікому не вядомыя „Харошкі“, восем пар. І мы стрэлілі так, што ўразілі ўсіх і занялі першае месца. Тады пра нас усе даведаліся». А гісторыя з Ігарам Маісеевым вельмі цікавая: «Быў месяц рэпетыцый у Індыі. Калектывы з Казахстана, Узбекістана, Украіны, Малдовы... — успамінае Святлана Кашталапава-Патаповіч. — Агромністая адкрытая пляцоўка. А да гэтага мы збіраліся разам на агульны танец у Лужніках. Не было толькі маісееўцаў. За тры дні да ад’езду яны прыехалі, ім патрэбна было паказаць тое, што харэограф паставіў для ўсіх. Балетмейстар папрасіў мяне, падбядзёрылі: «Не саромейцеся, вы ўсё прыгожа і правільна робіце». Прыйшлося паказаць. Так на мяне звярнулі ўвагу. І потым да мяне падышоў народны артыст СССР Леў Галаванаў і сказаў: «Ігар Аляксандравіч запрашае вас да сябе ў калектыў. Як вы на гэта глядзіце?» Я так разгубілася. Ён дазволіў падумаць. Так я знайшла шмат сяброў у ансамблі Маісеева. Калі яны прыязджалі да нас з канцэртамі, я запрашала іх да сябе дадому. Калі прыязджала ў Маскву я, прыходзіла на рэпетыцыі да іх. У Ігара Аляксандравіча была звычка: любую новую дзяўчыну ён сустракаў поглядам — глядзеў на ногі, у якой форме лыткі, ці зможа дзяўчына працаваць: у яго калектыве ва ўсіх моцныя ногі, бо найскладанейшыя нумары. Такім чынам, пачынаў з ног, а потым: «О, к нам «Харошкі» прыехалі. І звяртаўся да сваіх: «Вы так не зможаце, як танцуюць „Харошкі“. І я, чырванеючы, паказвала, што такое беларускі танец „Мітусь“. Сяброўства маё з маісееўцамі працягваецца, хоць многія сышлі на пенсію, але я сябрую з іх дзецьмі. Мы сустракаемся на конкурсах як члены журы». 

Сёння Святлана Аляксандраўна перадае вопыт маладым. Пытаюся: «Калі да вас прыходзяць маладыя, вы на іх, як Маісееў, глядзіце знізу ўверх?» — «Не, — смяецца. — Я спрачатку гляджу твар, а потым фактуру. Для мяне галоўнае — фактура. Ёсць, напрыклад, танцоры з фактурай трукачоў, але даводзіцца адкрываць і іншыя грані. Валянціна Іванаўна ставіць геніяльныя пастаноўкі, дзе знаходзіцца месца ўсім: цікавыя карцінкі, абыгроўкі, кадрылі, смешнае. У нас Паша Барадзінчык невысокага росту: здаецца, нестандарт, але так упісваецца, такія вобразы выносіць на сцэну... Гэта заслуга балетмайстра. А я намагаюся дасягнуць правільнага выканання рухаў, раскрыць эмоцыі і раблю гэта з вялікай любоўю». Сакрэт поспеху «Харошак», лічыць Святлана Кашталапава-Патаповіч, у разнапланавых пастаноўках, а яшчэ — у эмоцыях, якія аддаюць артысты: «На нашых канцэртах усе: бабулі, дзядулі, маладыя, дзеці — апладзіруюць, танцуюць, усміхаюцца, а яшчэ кажуць: „Вы нам дапамагаеце жыць“». 

Служаць мастацтву ў калектыве не толькі музыканты і танцоўшчыкі, балетмайстры, але і касцюмеры. Наталля Дзямбіцкая працуе з 2000 года: «У нас унікальныя нумары, праграмы з беларускімі вытокамі. Валянціна Іванаўна ездзіла ў экспедыцыі па вёсках і збірала па крупінках народнае багацце. Разынка „Харошак“ — жывая музыка, аркестр». Яны гараць справай — гэта відаць па зіхатлівых вачах. «Мы з дзяцінства, уся наша сям’я, любілі „Харошкі“ і хадзілі на іх канцэрты, — дзеліцца Наталля Дзямбіцкая. — Таму і мой брат Аляксей Гладнеў прыйшоў сюды. Усёй сям’ёй чакалі, калі ён прыязджаў з гастроляў. Без яго не абыходзілася ні адной камандзіроўкі». Натхняючыся харошкаўскім вірам творчасці, майстрыца рада рабіць тое, што ёй падабаецца. «А па-іншаму быць не можа, і выпадковых людзей тут няма», — дадае калега Іна Рогава.

Кожны чалавек тут — у агульнай мазаіцы праекта. «Харошкі для мяне — родны калектыў, — адзначае Руслан Абдул, дырэктар калектыву. — Я тут з 2007 года і прайшоў значны шлях ад артыста балета да работніка адміністрацыі, кіраўніка. Лічу, што „Харошкі“ валодаюць непаўторным стылем. Мы дорым самабытную культуру. Калектыў — вынік вялікай фантазіі і аўтарскага сачынення Валянціны Гаявой. Усе нумары ў рэпертуары — фальклор, перакладзены на мову танца. У гэтым наша асаблівасць і адрозненне. „Харошкі“ на сцэне — гэта цёплыя пачуцці. Хоць ужо шмат гадоў ездзіш з калектывам, не надакучыла. Кожны раз уражанні нараджаюцца зноў». Здаецца, нумары адпрацаваны, адшліфаваны і маглі б выглядаць аднолькава... «Тут прамая залежнасць ад артыстаў. Адзін нумар танцуе адзін састаў, а заўтра — іншы, хай нават адзін-два артысты зменены, і нумар глядзіцца інакш», — гаворыць Руслан.

Маючы багаты рэсурс у выглядзе неабмежаванага рэпертуару, вакальных, харэаграфічных кампазіцый, плануюць рабіць новыя пастаноўкі, абнаўляць састаў. Шмат прасторы для вывучэння і перапрацоўкі, звязанай з беларускім фальклорам. Гледачоў будуць радаваць новымі праграмамі і залатым фондам. Вялікія планы на юбілейны і наступныя гады па развіцці і павелічэнні геаграфічных межаў.

«Да 50-годдзя мы прыходзім з цудоўным вынікам, — адзначае нязменны саліст „Харошак“ заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Прыходзька. — У нас назапашаны каласальны вопыт у выглядзе пастановак, харэаграфічных, вакальных, інструментальных кампазіцый. Гэта нумары і праграмы, якія прайшлі праверку часам, крытыкай — глядацкай, тэатральнай, усякай. Мы ў цудоўнай форме, з аптымізмам выходзім на свой юбілейны канцэрт. Год абяцае быць насычаным. Калі матэрыял запатрабаваны гледачом — гэта самы галоўны для нас паказальнік поспеху». 

«Харошкі» правялі серыю канцэртаў у Купалаўскім тэатры ў 2022–2023 гадах і плануюць працягваць. Ёсць новыя цікавыя задумкі, пра якія хутка стане вядома. Тут віруе атмасфера пазітыву і стваральнасці, мо таму з’явілася шмат сямейных пар? Валянцін і Таццяна Аўдзеюкі, Андрэй і Алена Макарукі, Віктар Кедала і Іна Брылеўская. Тут пазнаёміліся Святлана і Анатоль Кашталапавы, Вольга і Фёдар Балабайкі, Ірына Грушова і Аляксей Гаявой. Урадлівая глеба! «Калі палічыць, колькі стварылася тут пар, для якіх «Харошкі» сталі месцам знаёмства і работы, усіх і не ўспомніш, — заўважае спецыяліст па рэкламнай камунікацыі Вольга Томкавіч. — Да сённяшняга часу працуюць чатыры сямейныя пары. А Валянціна Гаявая нават такі канцэрт давала — «Мой лёс — „Харошкі“».

Вольга Томкавіч у калектыве з 2005 года, пра адданасць сваёй справе кажуць яе зіхатлівыя вочы, калі расказвае пра «Харошкі»: «У нас ёсць такія нумары, якія падлягаюць узнаўленню. Валянціна Гаявая вельмі назіральная, не кажучы ўжо пра яе багатую фантазію. У пачатку свайго творчага шляху была ў журы конкурсаў самадзейнасці. Прыкмячала, хто як размаўляе на вёсцы, як сябе паводзіць. Усё гэта пераносіла на сцэну. Вось адкуль тэатр танца Валянціны Гаявой. Таксама праграмы называюць фальклорнымі балетамі, бо гэта цудоўны сінтэз вакалу, харэаграфіі і музыкі. Шмат водгукаў, у тым ліку замежнай прэсы».

Усё сваё творчае жыццё прысвяціў «Харошкам» былы артыст балета Аляксандр Яфрэменка. Прыйшоў у калектыў у 1985 годзе. Ездзіў з гастролямі ў Амерыку, Індыю, Францыю, Германію, Італію, Іспанію. У яго адзін дзень нараджэння з «Харошкамі» — 14 студзеня, толькі год розны: Аляксандр нарадзіўся ў 1958-м.

Адзін з важных складнікаў іміджу «Харошак», яркая краска — аркестр і вакалісты. Ульяна Гаўрылава працуе ў калектыве 29 гадоў. Яна пераканана, што аркестр — вельмі складаны механізм: гэта работа ансамбля музыкаў, салістаў і гукарэжысёра: «Мы ганарымся, што працуем ужывую, таму кожны канцэрт унікальны: па настроі, падачы. З прыходам новых салістаў штосьці мяняецца. Бо кожны чалавек — індывідуальнасць. Як і ў балеце: з прыходам новых людзей старыя нумары пераасэнсоўваюцца, набываюць новы каларыт». Калектыў жыве, бо кожнае імгненне — новае прачытанне твора з рознымі акцэнтамі. «У гэтым ёсць імгненнасць. Фанаграма ж не мяняецца, бо зафіксавана ў моманце. А наш аркестр як жывы арганізм, — лічыць Ульяна. — І музыканты з балетам павінны быць як адзіны парыў душы. Мы іх натхняем гучаннем, а яны нас — візуальна. Яны чуюць, і гэта перадаюць, а мы бачым і іграем».

Матэрыял «Харошак» няпросты па лексіцы і ў музыкантаў, і ў балета. Патрабуе тэхнічных уменняў, але і дружнага, на адным дыханні, выканання. «А кожны творчы чалавек складаны, таму задача — згуртавацца, — пераканана Ульяна. — Мы іграем лёгка, іскармётна, а на самай справе гэта праца». Ульяне даспадобы праграма «Полацкі сшытак», калі працуюць разам з балетам, па настроі блізкія «Местачковыя карцінкі».

«Харошкі» сталі лёсам і для вакалістаў. «Першы раз ансамбль я ўбачыў па тэлевізары ў 1975 годзе, — расказвае саліст Віктар Кедала. — Яны здымалі тады фальклорную праграму ў Азярцы. Я дзіцем вельмі ўразіўся, прытым што рос на музыцы Pink Floyd, The Beatles. Падумаў: „Вось бы ў „Харошках“ працаваць!“. У 1996 годзе я прыйшоў сюды праслухоўвацца, вывучыў увесь рэпертуар. І ў красавіку 1997-га мяне ўзялі. Жыццё змянілася, бо я заўсёды марыў стаць артыстам тэатра, і мара ажыццявілася». На 30-м, 40-м разе выканання песні адкрываюцца новыя сэнсы. Гэта як перачытваць кнігу некалькі разоў або пераглядаць фільм, звяртаючы ўвагу на новыя фразу, кантэкст. Так і накатаныя творы гучаць па-новаму. «Не можаш праспяваць песню аднолькава заўсёды, — заўважае Віктар Кедала. — Напрыклад, сёння свеціць сонца, заўтра ў цябе іншы настрой. І для гледача адпрацоўваем на сто дваццаць працэнтаў. Спявае душа. Немагчымасць працаваць дрэнна — толькі ў задавальненне сабе і гледачам. Але я вельмі крытычны да сябе. Нам робяць вельмі прыгожыя вакальныя апрацоўкі. Калі выконваем, мурашкі пачынаюць бегаць ад гармоніі. Найбольш мне падабаецца народная песня „Люлечка-дудалка, выбівалка-стукалка“».

Калектыў славіцца тым, што прадстаўляе фонд беларускай культуры і ў мове, і ў касцюмах, і ў танцавальнай лексіцы. Амаль увесь рэпертуар вакальных кампазіцый па-беларуску. Гэтым вельмі ганарыцца вакалістка Марына Анкуда: «Беларуская мова на генетычным узроўні ўспрымаецца на дзвесце працэнтаў, і я яе вельмі люблю. Калі мы за мяжой, здаецца, беларуская мова быццам гарманізуе душэўны стан — настолькі яна глыбокая, мяккая і добрая». У калектыве Марына з 2015 года. «Той, хто ўбачыў „Харошкі“ адзін раз, носіць іх у сэрцы ўсё жыццё, — пераканана яна. — У свой час я ўбачыла ансамбль падчас навучання ва ўніверсітэце культуры, вельмі ўразілася, і яны сталі пуцяводнай зоркай у маёй творчасці. Сакрэт „Харошак“ вельмі просты: трэба быць сумленным. Наша мастацтва сумленнае, адкрытае і нефальшывае».

Публіка ад самых маленькіх да сталых успрымае творчасць калектыву як узор, бо яна якасная, лічыць Марына Анкуда: «Цэняць наш жывы гук, аркестр, шырокую палітру музычных інструментаў, тэмбры галасоў, касцюмы...» У гэтым можна было пераканацца падчас нядаўніх гастроляў «Харошак» у Парыжы. «Не хапала месца ў зале. Прыйшло б людзей у два разы больш, калі б была магчымасць змясціць усіх. Французы, адчувалася, разумелі нашу мову», — расказвае другая вакалістка Вольга Неўмяржыцкая. Яна ў калектыве з 2010 года. Размеркавалася пасля ўніверсітэта культуры: «Для мяне „Харошкі“ — штосьці нерэальнае. Я была шчаслівая, калі Валянціна Іванаўна, праслухаўшы мяне, узяла. Яна чалавек з вялікай літары. Захапляюся ёю да гэтага часу. Яе парады бясцэнныя». 

Сапраўды, творчая празорлівасць Валянціны Гаявой адкрыла моцныя бакі многіх удзельнікаў калектыву, а іх каля 70. І цяпер справу галоўнай натхняльніцы працягвае новы мастацкі кіраўнік Ірына Грушова. «Я 23 гады працавала артысткай балета. Кожны раз на канцэрце новыя эмоцыя, і яны не слабейшыя, а нават і мацнейшыя. На новай пасадзе наперад гляджу з аптымізмам. Шклянка для мяне заўсёды напалову поўная, і я хачу напоўніць яе да краёў, — гаворыць Ірына Грушова. — Мая задача — захаваць усё, што было створана Валянцінай Іванаўнай, прычым максімальна, і набраць новае пакаленне, каб перадаць назапашаныя ўменні і навыкі: як фальклор — з вуснаў у вусны, так і творчы багаж: ад пакалення да пакалення». 

У чым поспех «Харошак»? Яны вось ужо 50 гадоў зберагаюць беларускі генетычны код. Годная мэта, вартая высілкаў і служэння сцэне. «Сёння папулярны сучасны танец, але ён, па сутнасці, паўсюль аднолькавы, — разважае Ірына Грушова. — Калі мы за мяжу прывязём сучасны танец, усе здзівяцца: а што тут цікавага? А цікавы ж народ, яго характар, яго генетычны код — касцюм, музыка, танец. Пры дапамозе гэтага мы прадстаўляем свае нацыянальныя асаблівасці. У гэтым геній Валянціны Гаявой: хоць яна сама нарадзілася ў Валгаградскай вобласці, у стэпе, дзе руская казацкая культура, ды адчула культуру беларускую, змагла вылучыць канцэнтрат і стварыць алмаз».

Хай жа ён зіхаціць новымі гранямі доўгія гады!

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара і з архіва БДАЗХА «Харошкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.