Вы тут

Прыватны складнік нацыянальнай бяспекі


У свеце кажуць: нішто так не аб’ядноўвае, як дружба супраць агульнага ворага. Мо яно і так. Але гэта не пра нас, не пра беларусаў. Мы ўвогуле за паразуменне і паважлівыя адносіны адзін да аднаго, так было спрадвеку. Але з часам лавачкі ля вясковых хат і гарадскіх дамоў апусцелі, і хаты сталі больш дыхтоўнымі, агароджы вышэйшымі. Яно і не дзіва — багацеем. А вось узбагачэнне нашай духоўнай сутнасці не паспявае за набытым дабрабытам. Ці то інтэрнэт той нас раз’ядноўвае, ці то заможнасць наша? Вось калі мы былі пад панскай пугай, дык тады і пра талаку памяталі, і пра сяброўскія вячоркі. Пад адной лучынай і пралі, і ткалі. Як святла хапала? Мусіць, душы былі ў людзей святлейшыя. А як пачалі ў няпростыя 30-я пісаць на суседзяў даносы — прыйшла і бяда, самая страшная, агульная, — Вялікая Айчынная.


Толькі разам змаглі перамагчы жудаснага і моцнага ворага. Калі пачалі туліцца адзін да аднаго, давяраць адно аднаму: і закладваючы міны пад колы ворага, і выбіраючыся па багне з аблаў карнікаў, і падчас траскучых маразоў у халодных зямлянках... Толькі разам з братамі па савецкай сям’і дайшлі да Перамогі. Вось і зараз нам трэба быць разам, каб вораг нават і не думаў ізноў фарсірваць Заходні Буг. А ён не дрэмле. Усё больш сіл сцягвае ў наш рэгіён. Ніякіх эмоцый, толькі лічбы. Вучэнні НАТА Steadfast Defender — 2024 («Устойлівы абаронца») пачаліся на гэтым тыдні. Толькі па афіцыйнай інфармацыі, у іх удзельнічаюць 90 000 вайскоўцаў краін альянсу і Швецыі. Задзейнічаны ўсе магчымыя падраздзяленні і зброя. Такой маштабнай трэніроўкі (ці падрыхтоўкі да вайны?) не было ажно з часоў існавання Варшаўскага дагавора. Тэатр вучэнняў разгортваецца і ў Польшы, і ў прыбалтыйскіх краінах. Выпадкова? Але толькі, мякка кажучы, неразумны чалавек можа так падумаць.

Што нам застаецца? Трымацца разам, давяраць адно аднаму, знаходзіць паразуменне. Вось як, напрыклад, падчас распрацоўкі новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. 70 дыскусійных пляцовак, навуковыя і экспертныя спрэчкі, аналіз прапаноў, — гэта, што называецца самы народны шлях прыняцця стратэгічных рашэнняў. Гэта і ёсць уцягнутасць людзей у дзяржаўнае будаўніцтва. Таксама было пры рабоце над новай рэдакцыяй Канстытуцыі. Менавіта зыходзячы з абноўленай рэдакцыі Асноўнага Закона, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам. Куды ўжо больш дэмакратычна? Спачатку абмеркавалі ўсім беларускім светам, а потым праз дэлегаваных прадстаўнікоў народа ад усёй краіны будзем прымаць гэтыя важныя дакументы!

Зразумела, сёння абарона Айчыны датычыцца кожнага. Я не пра народнае апалчэнне і тэрытарыяльную абарону. Гэта аксіёма. Я пра агульны фронт. Журналіст — адказвае за інфармацыйную бяспеку, слесар з завода і кіраўнік міністэрства — за эканоміку. Трапна Прэзідэнт зазначыў: «Будзе эканоміка, будзе — мір». Знешнія ворагі чакаюць аслаблення дзяржавы, тыя, хто на падтанцоўцы ў нашых часам партнёраў, часам... як зараз, чакаюць пагаршэння эканамічнай сітуацыі, каб ускалыхнуць грамадства. Заходнім каланіялістам не патрэбна паляпшэнне нашага жыцця. Заходнім каланіялістам патрэбны нашы жыцці ў вайне з Расіяй. Таму тым, хто робіць нашу краіну мацнейшай, тым абставінам, якія спрыяюць нашай лепшай долі, — будуць замінаць.

Здаецца, мы толькі пачынаем усведамляць каштоўнасць мірнага жыцця на сваёй зямлі. Чарка і скварка — вось яны, ёсць, але яны не галоўнае сёння. І мары пра смартфон апошняй серыі ўжо на другім плане, і пра новы аўтамабіль, і пра мэблю. Дарэчы, зараз вельмі танныя крэдыты на айчынныя тавары — «як у Еўропе». Але мы як ніхто ведаем і памятаем іншую Еўропу, — тую, што каваным ботам ідзе па нашых хлебных нівах. Тая, што сёння лязгае зброяй ля самых нашых граніц…

Кажуць, што вайна — гэта апошні аргумент Бога ў выхаванні непаслухмянага, ганарыстага, напышлівага, злога ды самаўлюбёнага чалавека. Каб яна не прыйшла на нашу зямлю, давайце самі станавіцца лепшымі. Пачнем з сябе і, напрыклад... з чаргі ў паліклініцы: перастанем сварыцца. Зараз час паразумення. І агульнанацыянальнай талакі і стваральнай працы дзеля міру. Вось яна — наша галоўная і канцэпцыя, і дактрына.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.