Вы тут

Час яднання


Лес прачынаецца. Расплюшчвае вочы ад зімняга сну, калі быў час цішыні — ні гуку. А цяпер шуміць, турбуецца, нават, здаецца, злуюцца тыя вечназялёныя шаты. Хопіць траскучых маразоў ды нялітасцівых завей. Але той гоман не толькі з-за спрэчак зімы з вясной. Заўжды памятаю, як у вёсцы казалі, што «на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы». І гэта дарыла надзею — хутка вясна! І ў цяперашнім шуме лесу — покліч вясны. Узрушаны дрэвы — ад сустрэчы з сонцам і птушыным гоманам. І ў гэтай мелодыі жыцця, спевах абуджэння адчуваецца еднасць, дух яднання. Кожная іголка, кожная пушыстая галінка, кожнае дрэва непаўторныя і ў той жа час — адзіны жывы арганізм. Калі так паводзіць сябе прырода, чаму не павінны так рабіць людзі? Быць грамадой. Сустракаць вясну ў адным парыве. Хопіць падзяляцца, трэба быць разам. І таму нават назва — адзіны дзень галасавання — не толькі пра тое, што мы выбіраем адразу дэпутатаў усіх узроўняў. Гэта яшчэ і пра тое, што мы павінны паказаць сябе адзінай нацыяй, з’яднанай грамадой.


Як гэта адбываецца падчас святкавання агульных свят — Дня Незалежнасці, Дня Перамогі. Ці нават на Каляды, ці на Радаўніцу, калі беларусы едуць да сваіх продкаў, дзядулевых хат, вяртаюцца ўспамінамі ў светлы і радасны перыяд жыцця. А яшчэ мы разам збіраем збожжа, талакой дапамагаем сабраць грошы на лячэнне. А памятаеце, як зусім нядаўна мінчан і прыезджых аб’ядналі ў адной чарзе святыні з Афона. Пояс Багародзіцы знітаваў нас, такіх розных, у адзіным шэрагу. Вернікаў. Дарэчы, у галоўны праваслаўны сабор краіны прыходзілі і каталікі. І гэта вельмі добра.

А цяпер трэба разам зрабіць выбар. Кожнаму — свой. Але ўсім разам і ўсёй краінай. Канцэртныя праграмы, выязны гандаль, нават міліцыя ў параднай форме... Выбары ў Беларусі — гэта свята. Выбары ў Беларусі — гэта не майдан. За такі «перажытак савецкай спадчыны» — выбары — свята — нас крытыкавалі і «тролілі». Час усё расставіў на свае месцы. «Троль усяе Украіны» ператварыў краіну ў могілкі і руіны. Гэта ж наступствы выбараў. Наступствы паліттэхналогій, піяру, маніпулявання грамадскай свядомасцю — чаго заўгодна, але толькі не рэальнай ацэнкі сітуацыі. Як бы нас ні пераконвалі ў новай фармацыі чалавека, але людзі застаюцца людзьмі. І выбіраюць людзей.

У Еўропе і нашых краінах-суседзях па флангах упраўленцаў, як тавар на паліцы, прадаюць маркетолагі ад піяру. А ў нас асноўная маса дэпутатаў — людзі «ад зямлі». Маркетолагі «прадалі» ўкраінцам Зяленскага, французам — Макрона, немцам — Шольца. А тыя, у сваю чаргу, прадалі свае краіны англасаксам. Не варта блытаць маркетынг з рэальнымі справамі.

У нас асобы ў бюлетэнях ужо з жыццёвым вопытам, прафесійным багажом. Пікеты і жывыя сустрэчы з выбаршчыкамі больш праўдзівыя і сумленныя за ўсякія там тэхналогіі. Толькі вочы ў вочы людзі могуць убачыць і адчуць дэпутата, што называецца, «прамацаць». «Прамацаць» спрабуюць і нас. Разведкі, калабаранты, ды нават партнёры. Як Беларусь правядзе гэтую электаральную кампанію, ды яшчэ ў такіх складаных геапалітычных умовах.

Звычайна выбары ў краіне праводзіліся традыцыйна. Пасля 2020-га так ужо ніколі не будзе. Наступленне «новага сусветнага парадку» спынілася каля берагоў Заходняга Буга. І ідэолагі, і агітатары гэтага «парадку», а дакладней кіраванага хаосу, ужо нават не абяцаюць інвестараў і палітычныя свабоды. Яны абяцаюць раскласці кожнага на храмасомы. Пытанні. Пытанні як выклікі. І зноў трэба на іх адказваць, у тым ліку падчас электаральнай кампаніі. Выбіраць свой шлях.

Гэта сапраўды гістарычная выбарчая кампанія, і справа дакладна не толькі ў адзіным дні галасавання. Роля парламентарызму і народаўладдзя прыкметна ўзрастае. Грамадска-палітычная страхоўка ад усяго — УНС. Гэта якраз і ёсць перамены, якія адлюстроўваюць запыты грамадства і нацыянальны ўзрост беларусаў. А ўпершыню само слова «перамены» нервова вырывалася не з істэрычных вуснаў вулічных хейтараў — яшчэ ў 2018 годзе аб гэтым загаварыў Прэзідэнт. У кожнага перыяду — свае задачы, у кожнага — свая місія.

Цяпер з фразы «мірная Беларусь» ніхто ўжо не пасміхаецца — вайна бліжэй, чым калі-небудзь. А пасля ковіднага перадзелу «чарка і скварка» ўжо не мем. І нават у такіх умовах мы не адмовіліся ад палітычнага апгрэйду. Змянілі Канстытуцыю, пашырылі паўнамоцтвы губернатараў і мясцовай вертыкалі ўлады, на новы ўзровень узнялі ролю парламентарызму. Узровень адказнасці.

Цяпер створаны ўсе перадумовы для дэбатаў, пікетаў, электаральнага крэатыву. Але кандыдаты ў дэпутаты ідуць па старой добрай традыцыі ў народ. У людзей таксама паступова прыходзіць усведамленне: выбары — гэта не пра шоу і не флэшмоб. Гэта — пра будучыню.

Вакол неспакойна, асяроддзе шуміць, нібы той лес у лютым падчас чакання надыходу вясны. Калі мы сумленна і спакойна — па-беларуску — правядзём адзіны дзень галасавання, то гэта будзе чарговы крок умацавання нашай Незалежнасці, маналітнага грамадства, непадзельнай нацыі. Як у тым лесе: кожная іголка, кожная пушыстая галінка, кожнае дрэва — непаўторныя і ў той жа час — адзіны жывы арганізм.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.