Вы тут

Мінтранс падвёў вынікі работы ў 2023 годзе


У мінулым годзе транспартная галіна краіны працавала ў даволі складаных умовах, звязаных у першую чаргу з непрыязнымі дзеяннямі краін Захаду ў адносінах да нашай дзяржавы. Але галіна паспяхова пераадолела цяжкасці. Прычым настолькі, што само слова «санкцыі» знікла з лексікону кіраўнікоў і спецыялістаў транспартных і дарожных арганізацый. Рухаючыся наперад, арганізацыі і прадпрыемствы галіны распачалі шэраг перспектыўных праектаў.


Як год прайшоў?

На пашыраным пасяджэнні калегіі Міністэрства транспарту і камунікацый разглядаліся вынікі 2023 года і абмяркоўваліся пытанні перспектыўнага развіцця транспартнага комплексу Беларусі. Віцэ-прэм’ер Анатоль СІВАК, які прымаў удзел у рабоце калегіі, адзначыў у цэлым станоўчую дынаміку дзейнасці прадпрыемстваў ведамства ў мінулым годзе.

Галоўным пасылам яго выступлення сталі задачы, якія трэба будзе вырашыць Мінтрансу сёлета: комплексная работа па нарошчванні аб'ёмаў грузаабароту, павышэнні якасці інвестыцыйнай дзейнасці і эфектыўным выкарыстанні патэнцыялу грузавых міжнародных аўтамабільных перавозак ва ўсходнім напрамку.

Ён таксама засяродзіў увагу ўдзельнікаў калегіі на ўзмацненні работы ў рэгіёнах па кіраванні сферай аўтамабільных пасажырскіх перавозак. Анатоль Сівак падкрэсліў, што сёння неабходна вырашаць пытанні абнаўлення пасажырскага аўтамабільнага і лётнага парка, займацца аптымізацыяй унутраных водных шляхоў і, на пастаяннай аснове, электрыфікацыяй чыгункі.

Напярэдадні калегіі кіраўнікі падгалін Мінтранса ў сваіх калектывах зрабілі справаздачы па выніках мінулага года і абазначылі перспектывы. У Лідзе, дзе праходзіла пасяджэнне, міністр транспарту Беларусі Аляксей ЛЯХНОВІЧ падагульніў іх: транспартны комплекс Беларусі працягвае аднаўляць і нарошчваць свой патэнцыял. Сярод дасягненняў — рост мабільнасці насельніцтва, аб'ёмаў інвестыцый і колькасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, што ўліліся ў кола транспартнікаў, якія аказваюць транспартныя і транспартна-лагістычныя паслугі. Нягледзячы на негатыўны ўплыў знешніх фактараў, аб'ём экспарту транспартных паслуг у дружалюбныя краіны вырас у разы: у Бразілію — у 4,9 раза, Пакістан — у 4,2, Туркменістан — у 3,6, Егіпет — у 2,5, Кітай — у 2 ,3, Інданезію — у 2,2 раза.

Міжнародным аўтамабільным перавозчыкам удалося дадаткова атрымаць больш за 32 тысячы дазволаў — у Азербайджан, Арменію, Іран, Грузію, Казахстан, Кітай, Манголію, Расію, Турцыю і Узбекістан. У выніку гэтага беларускія аўтаперавозчыкі цяпер працуюць на тэрыторыі 14 краін.

Аптымізацыя лагістыкі беларускага экспарту — яшчэ адна актуальная задача. Работа ў гэтым кірунку вялася і вядзецца бесперапынна, што прыносіць станоўчыя вынікі: дасягнута дамоўленасць з Расійскай Федэрацыяй аб скідцы ў памеры ад 10 да 40 % на чыгуначныя перавозкі па маршрутах міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач — Поўдзень» і ў напрамку марскога порта Санкт-Пецярбурга. Працягваецца рэалізацыя дзяржаўных праграм «Транспартны комплекс» і «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады.

Вялікія зрухі адбыліся і ў ажыццяўленні праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы. У 2023 годзе завяршыліся Саюзныя праграмы па ўніфікацыі рэгулявання транспартнага рынку і па інтэграцыі інфармацыйных сістэм транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў. З найбольш актуальных для нашай краіны — устанаўленне пэўных умоў узаемнага допуску суднаў Беларусі і Расіі да плавання па нацыянальных унутраных водных шляхах і бездазвольнай сістэмы ажыццяўлення ўсіх відаў міжнародных аўтамабільных грузавых перавозак шляхам паэтапнага пераходу да 2030 года. Таксама падпісаны шэраг пагадненняў у адносінах да паветранага і чыгуначнага транспарту.

Беларуская чыгунка: усё атрымалася

Год напружанай працы і кансалідацыі намаганняў — так ахарактарызаваў 2023 год кіраўнік беларускай сталёвай магістралі Уладзімір Марозаў. Намаганні чыгуначнікаў былі накіраваны на выпрацоўку аператыўных рашэнняў рэагавання на знешнія выклікі, забеспячэнне надзейнай эксплуатацыйнай работы чыгуначнай галіны, яе інвестыцыйнае развіццё і сацыяльную абароненасць калектыву. Усё атрымалася: якасць паслуг павышалася, абнаўляўся рухомы састаў, развіваліся інфармацыйныя тэхналогіі, пасажырскія цягнікі павялічылі хуткасць руху, а на карце маршрутаў з'явіліся новыя лагістычныя ланцужкі дастаўкі грузаў.

Беларускую чыгунку па праве лічаць лакаматывам экспартных паставак айчынных прадпрыемстваў, і ў мінулым годзе БЧ гэтае званне пацвердзіла — экспартныя кантэйнерныя перавозкі павялічыліся амаль у 1,5 раза да ўзроўню 2022 года. Так, напрыклад, за 2023 год у напрамку Беларусь — Кітай адпраўлена больш за 1500 кантэйнерных цягнікоў, што на 50 % больш, чым у папярэднім годзе.

Прычым аб'ёмы перавозак у Кітай павялічыліся не толькі па сухапутных маршрутах, але і па мультымадальных, у якіх былі задзейнічаны марскія парты КНР і РФ. Нарошчванне гэтай дзейнасці з выкарыстаннем патэнцыялу тэрміналаў прадпрыемстваў будзе прадоўжана і сёлета.

Як кампанія з вялікай сацыяльнай адказнасцю, Беларуская чыгунка ўдзяляла вялікую ўвагу павышэнню якасці работы пасажырскага комплексу. Як вынік — усё больш жыхароў краіны звяртаюцца да паслуг менавіта чыгуначнага транспарту. Самую вялікую долю ў агульным аб'ёме пасажырскіх перавозак склалі перавозкі ў межах краіны. Агульны аб'ём пасажырскіх перавозак у 2023 годзе склаў больш за 62 млн чалавек.

Яшчэ адзін важны аспект развіцця Беларускай чыгункі — лічбавізацыя тэхналагічных працэсаў. Укараненне новых тэхналогій для зручнасці пасажыраў на БЧ ужо некалькі гадоў не пакідае сваю актыўную фазу. 2023-і не стаў выключэннем і адзначыўся ростам продажу электронных праязных дакументаў. На цягнікі найбольш папулярных рэгіянальных ліній эканомкласа рэалізавана на 60 % больш электронных білетаў, чым у 2022 годзе.

Дарожная гаспадарка: прыводзім у парадак

Прэзідэнт паставіў перад дарожнікамі задачу прывесці ў парадак усе дарогі Беларусі. Гэту задачу дарожныя арганізацыі выконваюць — у рамках рэалізацыі дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады» летась было адрамантавана 1,4 тысячы кіламетраў дарог і 2,2 тысячы метраў маставых збудаванняў. Адкрыўся рух па Паўднёва-Заходнім абходзе Магілёва і на ўчастку аўтадарогі Р-99 Баранавічы — Ваўкавыск — Пагранічны — Гродна. На рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах уведзены ў эксплуатацыю 11 дарожных збудаванняў.

Маштабныя планы ў дарожнікаў і на гэты год: ім трэба выканаць работы па рамонце, узвядзенні і рэканструкцыі не менш як 1,6 тысячы кіламетраў рэспубліканскіх і 2,7 тысячы мясцовых аўтамабільных дарог. Плануецца завяршыць рэканструкцыю ўчасткаў дарог Р-53 ад Смалявічаў да Жодзіна, М-3 ад Лагойска да Плешчаніц, другой чаргі аўтамабільнай дарогі Р-46, таксама правесці рэканструкцыю не менш як сямі маставых збудаванняў, завяршыць капрамонт дарогі Р-46 на ўчастку ад Полацка да граніцы з Расіяй. Цяпер рэканструюецца ўчастак дарогі ад Лепеля да Полацка. Гэты аб'ект дарожнага будаўніцтва вельмі важны для краіны — ён з'яўляецца адзіным транспартным калідорам, які вядзе ў Расію і, у канчатковым выніку, у марскія парты Санкт-Пецярбурга. З уводам аўтадарогі ў эксплуатацыю шлях да мора скароціцца больш як на 100 кіламетраў.

Паветраны транспарт: працуем на перспектыву

Санкцыі паставілі авіяцыйную галіну Мінтранса ў складанае становішча. Але прадпрыемствы працуюць як па раней прынятых планах і інвестыцыйных праектах, так і на перспектыву. У 2023 годзе працягвалася будаўніцтва авіярамонтнага завода на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Увесці аб'ект у эксплуатацыю плануецца сёлета. Праведзены комплекс рамонтных работ па аднаўленні першай узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

Авіякампанія «Белавія» выконвала рэгулярныя рэйсы ў 20 аэрапортаў 10 дзяржаў. Два новыя рэгулярныя напрамкі адкрыты з Мінска: у Дэлі і Мурманск. З восені 2023-га нацыянальны авіяперавозчык на рэгулярнай аснове выконвае рэйсы па маршруце Гомель — Масква — Гомель. У паветраную гавань сталіцы пачалі лятаць пяць замежных перавозчыкаў, а ў цэлым на рэгулярнай аснове паслугамі Нацыянальнага аэрапорта карыстаюцца 11 авіяперавозчыкаў.

У 2023 годзе было падпісана міжурадавае Пагадненне аб паветраных зносінах з Аманам. Праведзены перагаворы па супрацоўніцтве з авіяцыйнымі ўладамі Расіі, Егіпта, Кітая, Амана, В'етнама, Венесуэлы, Ірана, Казахстана і іншых. На ўзроўні ўнутрыдзяржаўных працэдур падпісаны міжнародныя дагаворы аб паветраных зносінах з Венесуэлай, Кеніяй і Сейшэламі.

Год якасці і яго акцэнты

Аляксей Ляхновіч падкрэсліў, што ў Год якасці транспартная галіна робіць акцэнт на бяспеку, павышэнне канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці транспартнага абслугоўвання, паляпшэнне якасці перавозак і развіццё транспартнай інфраструктуры. Пры гэтым ён падкрэсліў, што адной з асноўных умоў паспяховай дзейнасці была і застаецца дысцыпліна — тэхналагічная, выканальніцкая, вытворчая.

Алена ЕМЯЛЬЯНАВА

Загаловак у газеце: Галіна нарошчвае патэнцыял

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.