Вы здесь

Праграма ўрачыстасцяў на юбілей Навагрудка амаль падрыхтавана


У кастрычніку адсвяткуе свой 975-гадовы юбілей былая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, цудоўны сучасны Навагрудак. Адметна, што мерапрыемствы святкавання прадумваюцца ўжо сёння — больш за тое, праграма ўрачыстасці амаль падрыхтавана.

— Важна, што будучае свята атрымаецца цікавым не толькі для жыхароў Гродзеншчыны, але і для гасцей з іншых абласцей і нават для замежнікаў, — упэўнены намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — Мы прапануем штосьці цікавае для кожнага госця, выразна акрэслім і пастараемся данесці гэта праз СМІ, створым свайго роду магніты для наведвальнікаў. Не лішне падумаць і над стварэннем талісмана свята, які і пасля яго завяршэння будзе асацыявацца менавіта з Навагрудчынай.

Адметна, што мерапрыемствы, прысвечаныя першай летапіснай згадцы пра Навагрудак, ужо распачаліся. У студзені быў урачыста дадзены старт святочнаму году. У лютым пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізіма перадаў тры факсімільныя асобнікі ўнікальнага Лаўрышаўскага Евангелля — для краязнаўчага музея, бібліятэкі і Лаўрышаўскага манастыра. А 5 кастрычніка самыя розныя мерапрыемствы разгорнуцца ажно на 12 пляцоўках горада.

— Падключыцца да святкавання павінны ўсе бібліятэкі і музеі, каб яшчэ загадзя нагадаць гасцям і жыхарам гісторыю Навагрудка, расказаць пра гістарычных асоб, творчы і жыццёвы шлях якіх звязаны з гэтай зямлёй, — мяркуе начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. — У свой час горад быў адным з самых важных геаграфічных пунктаў сучаснай Еўропы — з'яўляўся першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Плануем запрасіць на святкаванне знамянальнай даты таксама прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса суседніх дзяржаў. Анансуючы мерапрыемства, будзем арыентавацца ў тым ліку і на замежнага госця — англамоўныя матэрыялы з'явяцца на сайтах.

Пра тое, якія цікавінкі прапануюць гасцям будучага свята, расказала намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана КАРАЛЬКО. Апоўдні 5 кастрычніка ўсе храмы горада зліюцца ў меладычных пералівах сваіх звонаў. На галоўнай сцэне на плошчы дзейства пачнецца з тэатральнага пралога. Адбудуцца і аркестровыя плац-парады «Фанфары над Навагрудкам» і канцэрт «У рытме — 975». А самымі яркімі момантамі вечаровай праграмы стануць вогненна-піратэхнічнае шоу з хадулістамі і салют.

Натуральна, што адной з самых відовішчных пляцовак свята стане тая, што месціцца каля замка. Гледачы змогуць убачыць тут рэканструкцыю вяселля караля Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, якая адбывалася ў 1422 годзе, а таксама іх вянчанне ў Фарным касцёле.

— Рыцарская тэма стане галоўнай для ўсіх святочных мерапрыемстваў, — расказала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. — Каля Навагрудскага замка пройдуць конныя і пешыя рыцарскія баі, майстар-класы па сярэднявечных танцах і стральбе з лука, выступяць вулічныя артысты і размесцяцца рады рамеснікаў, якія пацешаць гасцей цікавымі майстар-класамі, напрыклад кавальскім.

Плануецца, што наведванне асноўнай «рыцарскай» пляцоўкі будзе платным. Пра яе цікавінкі ўжо з сярэдзіны красавіка распавядзе спецыяльна створаны сайт з падрабязнай праграмай і інтэрактыўнай картай. Кошт наведвання, запэўніваюць арганізатары, будзе даступным і дынамічным — можна будзе набыць, напрыклад, агульны білет для ўсёй сям'і. Прычым для зручнасці гасцей зрабіць гэта можна будзе загадзя праз інтэрнэт.

Тэрыторыя каля помніка Адаму Міцкевічу стане месцам збору мастакоў і цэнтрам прыцягнення для гасцей самых розных нацыянальнасцяў. Тут пройдзе вернісаж «Навагрудскі Манмартр» і фестываль нацыянальных культур «Палітра дыяспар». Гарадскі парк па традыцыі стане тэрыторыяй для самай юнай аўдыторыі — будзе працаваць дзіцячая пляцоўка, малыя змогуць паўдзельнічаць у тэматычным квэсце-гульні. У цэнтры ўвагі будуць і людзі сталага ўзросту — для іх рыхтуюць культурна-забаўляльную праграму «Мой горад — мой лёс». І гэта далёка не ўсё, чым здзівіць на свой юбілей адзін з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў. Завітаць — варта!

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Название в газете: Вянчанне караля і... салют!

Выбор редакции

Политика

Второй день ВНС: все подробности здесь

Второй день ВНС: все подробности здесь

В повестке дня — утверждение концепции нацбезопасности и военной доктрины.

Энергетика

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

А среди стран ЕАЭС — на первом месте.

Молодежь

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Финалистка проекта «Академия талантов» на ОНТ — о творчестве и жизни.

Общество

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Почти тысяча двести человек соберутся, чтобы решать важнейшие вопросы развития страны.