Вы здесь

Абскубаць сем пеўняў на галаўны ўбор


Як да вяселля рыхтаваліся знакамітыя свахі з Лелікава


Паводле правіл традыцыйнай культуры, нашы продкі маглі ўступаць у шлюб у час, калі не было посту і калі не трэба было рабіць тэрміновую працу па гаспадарцы і зборы ўраджаю. Святкаванне доўжылася ад трох да сямі дзён, таму, натуральна, такі перапынак у звыклым ладзе жыцця мог нанесці шкоду заведзенаму парадку ва ўсёй вёсцы ды і «паспрыяць» справам, не дазволеным падчас хрысціянскіх пастоў. Можна сцвярджаць, што зараз набліжаецца пара вяселляў, таму мы час ад часу згадваем асаблівасці гэтага старажытнага рытуалу ў беларусаў.

Натуральна, галоўнымі асобамі на вяселлі былі і ў наш час з’яўляюцца маладыя, іх бацькі, сведкі, тамада, ці вядучы свята. Але па традыцыі ролю самых гучных завадатараў выконвалі сваты, а на Кобрыншчыне — свахі.

Для гэтай ролі выбіралі жанчын вясёлых, і яны даволі доўга рыхтаваліся да вяселля. Каб з гумарам, кпінамі прыдумаць прыпеўкі пра кожнага госця і жаніха, загадзя даведваліся пра адметнасці іх лёсу і характару. Шмат часу займала і падрыхтоўка вясельнага ўбору. Нездарма ж традыцыя вырабу і выкарыстання ўбору свахі з вёскі Лелікава, што на Кобрыншчыне, з’яўляецца адным з аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Так, мясцовыя згадваюць, што сваху выбіралі з боку жаніха. Ёй магла быць як замужняя жанчына, так і незамужняя «свашка». І неабавязкова, каб яна была адна: лічылася, што чым іх больш, тым багацейшы жаніх. Ёсць нават успаміны пра вяселле, дзе адначасова прысутнічала аж 17 свах!

Сваха павінна быць у доўгай баваўнянай сарочцы, паркалёвай спадніцы, паверх якой завязаны фартух, упрыгожаны аплікацыяй з рознакаляровых стужак і ланцужкоў з закругленымі ромбамі чырвонага колеру — «вачамі», у сярэдзіне якіх на белым фоне — зоркі, вышытыя чорнымі ніткамі, у чаравічках на абцасах (абавязкова з падкоўкамі, каб здалёк чуваць было!). На галаве — асаблівым чынам закручаная хустка — доўгі адрэзак ільняной тканіны, какошнік ці «брыжы» з пучком рознакаляровага пер’я… Згадваюць, што для аднаго такога яркага ўбору для большага ўражання маглі абскубаць аж сем пеўняў!

Калі ўявіць усю разнастайнасць і разнаколернасць гэтага касцюма, то ўзнікне вобраз клоўна ці нейкага блазана, які адзеў усё, што трапіла пад руку.

І гэта… сапраўды так. З аднаго боку, асацыяцыя правільная, бо галоўная функцыя свахі — весяліць гасцей, хай і такім прымітыўным чынам. Але з іншага — у эклектыцы вобразаў хаваецца памкненне спалучыць мноства знакавых элементаў. Убор лелікаўскай свахі можа расказаць многае. Спалучэнне белага, чорнага, чырвонага і сіняга колераў — гэта характэрная для мясцовых жыхароў дабрыня, спагада, сяброўства, чыстыя намеры (белы колер), цяга да роднай зямлі, філасофскія адносіны да смерці (чорны колер), прага да жыцця, уменне пераадольваць цяжкасці (чырвоны колер), імкненне да гармоніі, перавага духоўнага пачатку над матэрыяльным (сіні колер). Арнаментальныя «вочы» ў гэтым касцюме выкарыстоўваліся не проста так: сваха — галоўны кіраўнік вяселля, асоба дапытлівая, цікаўная, разумная. Галаўны ўбор, што ўпрыгожаны «брыжамі» з «павамі», як па-мясцоваму называюць такое пер’е, сапраўды выконвае ролю камічнага элемента.

Сярод жаночага святочнага адзення Кобрынскага строю касцюм лелікаўскай свахі да канца XIX стагоддзя вылучаўся галаўным уборам, што ўяўляў сабой стракатую карону, завітую паверх вялізнай льняной хусткай даўжынёй каля двух з паловай метраў. Аднак у 1930-я гады ўбор змяніўся. Развівалася лёгкая прамысловасць, з’явіўся шэраг гатункаў фабрычных баваўняных тканін. Паступова замест фрагментаў ткацтва і вышыўкі ва ўборы з’яўляюцца новыя арнаментальныя элементы аплікацый, у тым ліку так званыя «вочы». Яны ўяўлялі сабой акругленыя ромбы чырвонага колеру, у сярэдзіне якіх нажніцамі выразалася кола, куды ўшывалася белая тканіна з вышытымі васьмівугольнымі зоркамі.

Натуральна, што асноўную ўвагу прыцягваў галаўны ўбор свахі. Толькі ўявіце: спачатку на галаву надзявалі лубяную кардонку, на яе завівалі вялікую баваўняную хустку (памер яе крыху паменшыўся ў параўнанні з даўнейшым), упрыгожаную мяккай каронай, аздобленай каляровымі стужкамі і пацеркамі. Акрамя таго, знутры кароны з двух яе бакоў прышывалася пафарбаванае пер’е пеўня, якое азначае, што сваха — баявая сяброўка жаніха. Ззаду карона завязвалася і аздаблялася рознакаляровымі стужкамі, што звісалі па баках і па спіне.

Ну, чым не вясельны маскарад? Затое вясёлы!

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбор редакции

Общество

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

Их жизнь выходит далеко за рамки одних лишь занятий.

Общество

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Из 50 изданий, которые должны появиться на школьных партах до 1 сентября, 48 уже напечатаны.