Вы тут

Беларускія аграрыі распачалі масавую ўборку ўраджаю


Беларускія аграрыі распачалі масавую ўборку ураджаю. Па аператыўнай інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у краіне да 31 ліпеня сабрана 646,7 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці ў 32,4 ц/га. Усяго збожжавыя і зернебабовыя прыбраны з 8,84% пасяўных плошчаў.


Лідзіруе Брэсцкая вобласць, дзе намалот збожжа склаў 282,4 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 35,2 ц/га. Ураджай там убралі з 23,9% плошчаў. На другім месцы Гомельская вобласць з вынікам у 237,4 тысячы тон і ўраджайнасцю 27,8 ц/га, на трэцім — Гродзенская — з паказчыкам 61,2 тысячы тон збожжа і самай высокай ураджайнасцю па краіне ў 43 ц/га. Далей па спісе ідуць Мінская вобласць з намалотам у 58,8 тысячы тон, Магілёўская і Віцебская вобласці з вынікам у 6,78 і 0,2 тысячы тон адпаведна.

Масавая ўборка ў некаторых раёнах краіны ператвараецца ў бітву за ўраджай. Кантынгент Узброеных Сіл краіны з 25 ліпеня прыступіў да работ у 14 сельскагаспадарчых арганізацыях у Мінскім, Старадарожскім раёнах Мінскай вобласці, Мсціслаўскім, Асіповіцкім раёнах Магілёўскай вобласці. Створана і аператыўная група для кіравання вайскоўцамі і ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады. Са складу салдат і грамадзянскага персаналу злучэнняў і вайсковых часцей УС сфарміраваны зводныя аўтамабільныя ўзводы 30-й асобнай чыгуначнай брыгады дэпартамента транспартнага забеспячэння Мінабароны і 15-й зенітнай ракетнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Для перавозкі сельскагаспадарчых грузаў задзейнічана больш за 80 вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу і звыш 50 адзінак аўтамабільнай тэхнікі.

Нагадаем, што тэхнічная забяспечанасць сельгасарганізацый дазваляе правесці работы па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Таксама, паводле папярэдніх ацэнак навукоўцаў, ураджай збожжа ў бягучым годзе павінен вырасці на 20% у параўнанні з мінулым годам — у краіне плануецца сабраць 7,2 мільёна тон збожжавых і зернебабовых (без кукурузы ў свірнавай вазе пасля дапрацоўкі).

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Бітва за збожжа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.