Да 24 жніўня ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея працуе часовая экспазіцыя «Сведкі Вялікай Гісторыі. Беларускі і замежны жывапіс XVI — XІX стст.», якая змяшчае чатыры дзясяткі твораў беларускага, рускага і заходнееўрапейскага жывапісу з калекцыі музея на тэму Старога запавету і Новага запавету Бібліі, а таксама работы, прысвечаныя хрысціянскім святым.
У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь працуе выставачны праект «Блакада. Карткі», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Выстаўка арганізавана па ініцыятыве Дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая. Куратар праекта — расійскі калекцыянер і грамадскі дзеяч Аляксей Семянцоў.
Музыкальнасць Яўгена Хвалея — ад бацькоў, паэтычнасць — ад маляўнічага шчодрага Нёмана, які яго выгадаваў, моц слова — ад асабістай цікаўнасці, дапытлівасці, а пісьменніцкая трываласць — ад самавітых настаўнікаў, што выкладалі ў Мікалаеўшчынскай школе, будаўніцтвам якой апекаваўся Якуб Колас. Усім гэтым поўніцца асоба Яўгена Хвалея, паэта, пісьменніка, журналіста, драматурга, перакладчыка, неўтаймоўнага ў распаўсюджванні святла і велічы слова. Мяркуйце самі: паэзіі ў яго выйшла 10 кніг, прозы — 12 кніг, дзіцячых — пяць, кніга п’ес — 28-я. Пра плён шчырага, усмешлівага, добразычлівага выхаванца Нёмана, ускормленага на яго пракаветных берагах, наша гутарка.
Калі ўспомніць, колькі роляў Рыгор Якаўлевіч сыграў у тэатры і кіно, іх набярэцца болей чым сотня. Акцёру цяжка сказаць, якія з іх любімыя: усе, бо кожная роля — маленькае жыццё. У маладосці марыў сыграць Дон Кіхота, прафесара Праабражэнскага з булгакаўскага «Сабачага сэрца», Крэпа з «Апошняй стужцы Крэпа». І жыццё дало такі шанц. Не здзейснілася пакуль мара стварыць вобраз гарбуна Квазімоды з «Сабора Парыжскай Багамаці», бо ў рэпертуары Магілёўскага драмтэатра такой пастаноўкі яшчэ не было.
Творчасць любога мастака праз выстаўку ці каталог можна прадставіць па-рознаму — вынік залежыць ад шматлікіх складнікаў. Напрыклад, аўтар можа быць зацікаўлены ў адборы найлепшых, на яго думку, твораў, што адлюстроўваюць той ці іншы перыяд працы, галерэйшчык зверне ўвагу на адпаведнасць работ канцэпцыі праекта, улічваючы магчымасці выставачнай прасторы, а стваральнік каталога будзе разлічваць на тое, каб паказаць створанае мастаком як мага шырэй. Пэўна, у разгубленасці былі і арганізатары выстаўкі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, члена Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза кінематаграфістаў і Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Уладзіміра Чарнышова, якая адкрылася на мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі...
Новую кнігу прозы вядомага пісьменніка, публіцыста і перакладчыка Міхася Слівы «Аб чым спявае галубка» склалі пераклады на родную беларускую мову паводле апавяданняў кітайскіх творцаў Хэ Шыгуана і Фэн Цзіцай, венгра Янё Ёжы Цяршынскага, англічаніна С. Найпала, румына Тудара Аргезі, француза Адрэ Маруа, немцаў Марціна Фітэля, Р. Бехера і Петэра Хакса, казаха Дукенбая Дасжанава, рускіх Мікалая Рэрыха і Святланы Макаравай-Грыцэнка.
Яркі неаэкпрэсіянісцкі праект Наталлі Чорнагаловай «Вечна жыві і квітней, Беларусь!» прэзентавалі ў Палацы мастацтва. Выстаўка прысвечана 70-годдзю з дня нараджэння і 50-му юбілею творчай дзейнасці брэсцкай творцы. Маштабны праект ужо прыцягнуў увагу шматлікіх крытыкаў і мастацтвазнаўцаў. Натхніцца чароўнымі вобразамі Радзімы і адкрыць для сябе іншы бок мастацтва можна да 7 жніўня. Не абмініце!
Запланаваная і арганізаваная сумесна з Беларускім саюзам мастакоў выстаўка ў Нацыянальнай бібліятэцы носіць назву «Спёка». Неадпаведнасць канцэпцыі і зместу праекта надвор’ю сёлетняга лета цалкам дарэчная: той, каму надакучылі дажджы, хаця б падчас знаёмства з творчасцю айчынных жывапісцаў і акварэлістаў прыгадае адчуванні аб сапраўднай спёцы; а каму да спадобы тое, што адбываецца за акном, і шкадаваць няма чаго — спякота ў такім варыянце яму па душы.
Трымаю ў руках выдадзены брэсцкім прыватным выдавецтвам «Альтернатива» зборнік празаічных твораў пісьменніка-берасцейца Аляксандра Валковіча «Дзень шэпту траў». У яго ўключаны нарысы, дарожныя нататкі, замалёўкі, эсэ.
У Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы прайшоў шэраг сустрэч з дзіцячымі пісьменнікамі. На прэзентацыю кнігі Зінаіды Багамолавай «У свеце загадак» прыйшлі вучні гімназій №№ 1 і 2 горада. У гэты ж дзень на бібліятэчнай пляцоўцы вучні іншых школ Случчыны сустрэліся з вядомай казачніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, у якой выйшла кніга «Падабай. к@ — гэта я» ў выдавецтве «Беларусь». Аўтар прыехала ў Слуцк разам з лялькамі — яны прыйшлі ў жыццё са старонак кніг пісьменніцы.