Хто не чуў крылатага «Век жыві — век вучыся»? Хто не прамаўляў (прычым тут жа!), што «ўсё роўна дурнем памрэш»? І як жа памыляўся, бо дурні тут зусім ні пры чым: рымскі філосаф, паэт і дзяржаўны дзеяч Сенека Малодшы іх наогул не згадваў. Ён казаў: «Век жыві — век вучыся таму, як належала б жыць».
У каго вучыцца, якім чынам, з якога ўзросту і па які?.. Для чытачоў «Звязды» гэта, вядома ж, не пытанні: вучыцца заўсёды і ўсюды, ва ўсіх (як трэба — паступаць, працаваць, сябе паводзіць і як не трэба), вучыцца на кнігах, фільмах, на чужых і сваіх памылках... А ўрэшце (ну чаму б і не?) на «звяздоўскіх» вясёлых гісторыях з рубрыкі «Алё, народ...», якая ў апошнія гады стала конкурсам на найлепшую.
Дык вось, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, у мінулым 2024-м, як, дарэчы, і ў папярэднія гады, сярод такіх найлепшых — гісторыі А. Навасельскай «Трус не заяц» (гл. нумар «Звязды» за 5.01 альбо сайт — «Калейдаскоп» і «Вясёлыя гісторыі чытачоў»), С. Кусянковай «З мёдам і каліна маліна» (23.02), Л. Чыгрынавай «Рады свату быў Ігнат», «Гонар у кожнага свой» (17.05 і 27.09), С. Варонінай «Ход канём і няма дурных!» (17.05), А. Несцяронак «Чароўная сіла мастацтва» (18.10), Н. Кандрашонак «Багатае вяселле» (18.10), М. Камароўскага «Паспех курам на смех» (7.06), В. Бабко-Аляшкевіч «Радкаўская сербіянка» (4.10), В. Сабалеўскага «Дым без агню...» і «Купі — прадам...» (16.02, 2.08)
Паколькі ўсе гэтыя аўтары (двум апошнім нашы віншаванні з нагоды выхаду кніжак) ужо былі ў ліку пераможцаў (асобныя — нават неаднойчы), невялічкае рэдакцыйнае журы, параіўшыся з сябрамі вялікага чытацкага, вырашыла ўжо адзначаных — сёлета не адзначаць. Такім чынам, змена лідараў. Сярод іх — з уручэннем фірменных «звяздоўскіх» падарункаў — Васіль Пяшэвіч з в. Юркавічы Жыткавіцкага раёна («Па шкарпэткі, альбо Міна — зусім не міна», 12.04), Ніна Горгуль з Мінска («Жыццё даражэйшае за грошы», 13.09), Таццяна Раманава з Наваполацка («Трэба казаць праўду...», 19.12), Фёдар Карпей з Мядзела («Трэба, Федзя, трэба...», 19.04) і Таццяна Новік з Клецка («Дзецям заўсёды хочацца свята», 19.07).
Шчырыя віншаванні пераможцам!
Зрэшты, сярод іх, як здаецца, не толькі гэтыя аўтары — усе, хто пісаў (бо нешта дарагое успомніў, распаўсюдзіў і нават увекавечыў); усе, хто чытаў і, магчыма, нечаму навучаўся; усе, хто ўсміхаўся ці нават рагатаў, бо даўно падлічана, што чалавек, які смяецца больш за 17 хвілін у суткі, прадаўжае сабе жыццё на цэлы год, што, вядома ж, выгадна! Значыць, конкурсу (а ў перспектыве (марыць не шкодна?) мо нават кнізе, цэламу збору чытацкіх гісторый быць? (Валерый Гаўрыш з Чавусаў ужо забраніраваў сабе 10 асобнікаў). Так што пішыце.