Дым без агню? Бывае!


Дым без агню?

Бывае!

Даўняя гісторыя... У нашым, тады яшчэ гарадскім, пасёлку жылі муж і жонка, гадавалі дачку. Юлечка адна ў іх была. Пасля школы, як многія, з’ехала ў сталіцу, выйшла замуж, нарадзіла бацькам першую ўнучку... Тыя нацешыцца не маглі, бо ўсё ў маладых так добра!

Але ж неяк прыходзіць паштальён, прыносіць тэлеграму — з Мінска, ад дачкі. І ў ёй — коратка і ясна: «Прыязджайце. Далі тры гады».

Як?! За што?! Зусім нядаўна, пару месяцаў таму, былі ў сталіцы. У зяця — ніякіх праблем... Так, дачка хвалілася, што яго родзічы прывезлі з Польшчы некалькі пакрывалаў (нешта ў падарунак, нешта на продаж, калі атрымаецца...). Але ж гэткім «бізнесам» займаліся многія... Не ў турму ж з-за яго…

— Значыць, у нешта іншае ўлез? — гаравала цешча. — І як жа так? Не піў чалавек, не курыў, сваю сямейку глядзеў... Што ж цяпер з ёй будзе?

— Марна варажыць, — уздыхнуў гаспадар, — ехаць трэба. На месцы ва ўсім разбяромся.

...Увесь доўгі вечар і яшчэ даўжэйшую ноч бацькі не знаходзілі сабе месца: Міхась скурыў дзве пачкі «Беламору», Валянціна раз-пораз падыходзіла да буфета, каб выпіць валяр’янкі ці ўзяць пад язык валідолу.

На досвітку яны ўжо складвалі сумкі: сала, дамашняя каўбаска, яйкі, слоікі і слоічкі з варэннем... У шапіку на аўтастанцыі купілі да іх прысмакаў для дзіцяці.

...Не без слёз і хваляванняў даехалі да Мінска, а там — да дома дачкі: у роспачы падняліся на патрэбны паверх, націснулі кнопку званка.

Дзверы ім адчыніла Юля — вясёлая, прыбраная... Памкнулася абняць матулю, але ўбачыла заплаканы твар, спытала:

— Што зрабілася? Вы прыехалі да нас і не рады?…

— А чаму ж тут радавацца?! — пытаннем на пытанне адказала маці. — Таму, што тры гады, а не пяць?

— Вы гэта пра што? — насцярожылася Юля. — Якія тры гады? Каму? За што?

Бацька палез у кішэнь, моўчкі дастаў тэлеграму. Юля глянула і аж зайшлася ад рогату:

— Я ж пісала: «Прыязджайце. Галі тры гады». Тэлефаністка літару зблытала…

У людзей нібы камень з душы: абнялі, расцалавалі маленькую імянінніцу, дваццаць рублёў аддалі на падарунак, узяліся выкладваць прывезеныя гасцінцы.

Тым часам і зяць дадому прыйшоў. Жанчыны хуценька сабралі стол, мужчыны расставілі чаркі. І самую першую выпілі — ну, вядома ж, — за тыя тры гады, якія іх Галюнечка пражыла і якія зяць так хутка «адсядзеў».

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда


У трох соснах, альбо Хто на што вучыўся...

Лапатунчык — вось такую пяшчотную мянушку ў нашай акрузе атрымаў маленькі трактарок (напэўна, гэта быў Т-25 Уладзімірскага завода), які спраўна служыў не толькі калгасу і калгаснікам, але і нам, дзецям. Раней, як вядома, школьнікаў, нават малодшых класаў, часцяком здымалі з урокаў на копку бульбы, на збор камянёў. І гэтая праца — калі з лапатунчыкам — нават падабалася: прычэп у яго нізенькі — у такі лягчэй закідваць каменні, кашы падымаць — таксама... Да таго ж трактар так смешна тарахцеў, так няспешна ездзіў... Карацей — досыць мілым быў транспартным сродкам.

Менавіта з ім звязана адна гісторыя з маёй маладосці: так бы мовіць, першы (ён жа апошні) шафёрскі вопыт.

...Летам, як вядома, спраў у вяскоўцаў шмат і далёка не ўсе яны робяцца хутка. У гарадах людзям нервы псуе кватэрнае пытанне, у вёсках — праблема з транспартам: той жа сабраны ўраджай бульбы, буракоў яшчэ можа паляжаць у полі — пачакаць, а вось сена... Муж маёй сястры ў першы год пасля жаніцьбы ну ніяк не мог зразумець, чаму на татава «Едзем!..» (пры з’яўленні хмары) трэба падсковаць, як у войску на каманду «Пад’ём!». Пытаўся, ну чаму гэта нельга дапіць гарбату, спакойна адзецца-абуцца... Ён толькі потым, пад кіраўніцтвам таты, трохі «перавыхаваўся» і ўжо ляцеў разам з намі, на хаду ўскідаючы на плечы кашулю, трымаючы ў руках басаножкі…

У той раз хмар на гарызонце, здаецца, не назіралася — аўралу не было. Сена (у копках) ляжала зусім непадалёк, за вёскай. Для таго каб прывезці, мы звычайна «дамаўляліся з канём» (дакладней — з яго гаспадаром), але ж тут нам падфарціла дамовіцца наконт цэлага трактара!

На месцы размеркавалі «ролі»: сястра з мужам сена падграбаюць і падаюць у прычэп лапатунчыка, тата там прымае яго і складае (ён на гэта вялікі майстар), я кірую трактарам. Гэта — мне сказалі — проста: тры рычагі — стоп, паварот і ход.

Я, вядома ж, паверыла і з форсам села ў кабіну: завяла трактарок, пад’ехала да першай копкі сена... «Каманда» закінула яго ў прычэп. Я пакіравала (бо ўмею ж!) далей, да наступнай копкі. Там трэба спыніцца, а як?

Нешта ў маёй галаве «пераклініла» — я ўключыла... паварот. Сястра з мужам засмяяліся і пайшлі да наступнай капы. Яны, мусіць, думалі, што зараз я ўспомню, туды пад’еду і стану, а ў мяне ж за правіла: калі забываць, то ўжо забываць!... Я зноў уключаю... паварот.

Тата з прычэпа нешта крычаў: не тое сварыўся, не тое казаў, што мне рабіць, сястра з мужам заходзіліся ад рогату... Пагляджу на іх — і сама, здаецца, пакацілася б ад смеху, азірнуся на прычэп — душа ў пяткі ад страху: ну, не магу я ўспомніць, дзе патрэбны рычаг, не магу спыніцца — выпісваю ўсё новыя і новыя кругі!

...Не ў памяці, на якім з іх (па ліку) тата злаўчыўся такі саскочыць з прычэпа і на хаду заглушыць трактарок.

Не ў памяці і тое, што канкрэтна ад яго пачула: тата проста зразумець не мог, ну як гэта — на тое, каб школу з медалём ды інстытут, можна сказаць, з чырвоным дыпломам — розуму ў дзеўкі хапіла, а на тое, каб трактарам кіраваць — не... Тры ж рычагі — як тры сасны, і я ў іх заблудзілася!

Людміла БАГДАНОВІЧ

в. Вараны, Бераставіцкі раён


Са свіннёй звязаўся — у гразі застаўся

Некалі даўно, ясным вясновым днём, па вясковай вуліцы крочылі два зухаватыя кавалеры. Настрой у абодвух быў проста выдатны! Ну яшчэ б — адзін (назавём яго Коля) сёння жаніўся, другі, Толя, быў сведкам, першым шаферам на вяселлі... А да ўсяго — у новым касцюмчыку, што сядзеў на ім як уліты, у бялюткай кашулі (аж рэзала ў вачах), у начышчаных чаравіках... Першы хлопец, карацей, не інакш! Вочы так і зырылі ў пошуках прыгод!..

І, вядома ж, «адшукалі», прычым пад носам: у лужыне, у загародцы, што ля самай вуліцы, ляніва драмаў Данілаў парсюк, на сонейку грэўся.

Толю, нібы чорт тузануў: перагнуўся пад перакладзіну і ў самае вуха як гаркне штось!

Парсюк не чакаў... Брудны да самай хрыбціны, ускочыў на ногі... Кінуўся бегчы. І каб жа ў хлеў, а то... на голас: збіў крыўдзіцеля з ног, як шалёны панёсся па вуліцы.

Толя — не чысцейшы за яго — памалу падняўся (Коля зайшоўся ад рогату), паглядзеў на свой касцюм, на туфлі…

Каля студні хлопцы паспрабавалі адмыцца, і адзенне ў сведкі сапраўды пачысцела, але ж не высахла!

Толю (а з ім і Колю) прыйшлося вярнуцца дамоў: прыбрацца ў нешта іншае.

Пасля гэтага — хай са спазненнем, — але ж яны прыбеглі ў хату да знерваванай нявесты. Хацелі ўсё расказаць (бо ў вёсцы ж нічога не ўтоіш), як ледзь не следам у хаце з’явіўся раз’юшаны дзед Даніла — парсюка свайго ён так і не знайшоў!

...Старога — каб хоць трохі суцешыць — прыйшлося ўсадзіць за стол і пачаставаць, прычым гэтак шчодра, што дахаты жонка яго павезла ў тачцы!

А парсюк за гэты час сам знайшоўся.

Нэлі ТУМАШ

Смаргонскі раён


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж.

Мінулым разам у звычным ужо пасляслоўі была так званая дамашка: задачка на логіку.

Змест: у аднаго бездакорнага бацечкі — назавём яго так — падрасло ажно тры дачкі: хоць сёння — па чарзе ці разам — іх замуж выдавай! Бяда — жаніх усяго адзін (што важна — такі ж бездакорны) і з трох нявест ён выбраў такі адну.

Для таго, каб іншых — крый бог — не пакрыўдзіць, хлопец папрасіў прынесці тры абсалютна роўныя чайнікі, кожны з іх (пароўну!) напоўніць вадой і ўсе тры паставіць на аднолькавы агонь... У каторай з дзяўчын вада закіпіць раней, тую, маўляў, і замуж возьме…

Пытанне на засыпку гучала так: якая з сясцёр — старэйшая, сярэдняя ці малодшая — стала жонкай гэтага вынаходніка?

Здагадак, адказаў аказалася ў пошце няшмат (можа, мала часу на роздум?), але ж яны былі, і большасць чытачоў сышлася на тым, што першай замуж пойдзе старэйшая, бо падсоліць ваду, падбавіць агню, схітрыць — прыдумае штосьці яшчэ…

Гэта быў няправільны адказ, бо абедзве старэйшыя сястры, засядзеўшыся трохі ў дзеўках, будуць крукам, як той казаў, стаяць ля чайнікаў, пастаянна прыпадымаць вечкі, каб глянуць, кіпіць вада — ці не кіпіць?.. І тым самым выпускаць пару, замаруджваць працэс. А вось самая малодшая (куды ёй спяшацца?) пусціць яго на самацёк і…

Вы здагадаліся?.. То пішыце: конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю з жыцця чытачоў «Звязды» працягваецца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.