Вы тут

Зацікаўленаcць у інвестарах з Бразіліі


Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з паслом гэтай краіны.

Тэмай сустрэчы стала развіццё двухбаковых адносін у розных сферах. Як падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Бразілія — найважнейшы гандлёва-эканамічны партнёр нашай краіны ў Лацінскай Амерыцы. У той жа час удзельнікі сустрэчы сышліся на тым, што пакуль ёсць над чым працаваць і ў плане таваразвароту, і ў плане дыверсіфікацыі экспарту.

30-39

Уладзімір Андрэйчанка павіншаваў Паўла Антоніа Перэйру Пінта, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Бразіліі ў Беларусі, з уручэннем даверчых грамат Прэзідэнту нашай краіны. Спадар Перэйра Пінта прыехаў у нашу краіну ў сакавіку гэтага года.

— Наша дзяржава зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Бразіліяй па шырокім коле пытанняў, — заявіў спікер Палаты прадстаўнікоў. — Натуральна, трэба, каб гэтае супрацоўніцтва было ўзаемавыгадным. Скажу больш: развіццё разнапланавых адносін з'яўляецца адным з кірункаў знешняй палітыкі нашай краіны ў Лацінскай Амерыцы.

Спікер адзначыў, што дзве трэці таваразвароту Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі прыпадаюць на Бразілію. Па інфармацыі, агучанай падчас сустрэчы, таваразварот Беларусі і Бразіліі ў мінулым годзе склаў 865 мільёнаў долараў.

— Наша краіна і мы, дэпутаты, надаём вельмі важнае значэнне актывізацыі нашага двухбаковага супрацоўніцтва, — заўважыў Уладзімір Андрэйчанка. — Для гэтага ў нас ёсць вельмі шмат напрамкаў узаемадзеяння. Перш за ўсё, мы лічым, што таваразварот не адпавядае патэнцыялу. Нам трэба вельмі сур'ёзна папрацаваць над яго павелічэннем не толькі ў плане аб'ёму, але і ў плане дыверсіфікацыі.

Паводле слоў беларускага парламентарыя, у будучыні трэба больш увагі надаваць рэалізацыі сур'ёзных інвестыцыйных праектаў, стварэнню зборачных вытворчасцяў — як у Бразіліі, так і ў Беларусі.

— Мы зацікаўлены, каб бразільскія дзелавыя колы прыходзілі ў Беларусь з інвестыцыямі. Можам прапанаваць шэраг сур'ёзных праектаў, куды бразільскі бок можа ўкладваць грошы: гэта прыватызацыя нашых дзяржаўных прадпрыемстваў, машынабудаванне, перапрацоўчая прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, альтэрнатыўная энергетыка і шэраг іншых напрамкаў. Праз стварэнне такіх праектаў мы з гэтай прадукцыяй можам выходзіць на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

Пасол Бразіліі звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што сустрэча ў Палаце прадстаўнікоў праходзіць у хуткім часе пасля сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Бразіліі, якая адбылася ва Уфе падчас саміту краін — удзельніц БРІКС. Паводле слоў пасла, двухбаковае супрацоўніцтва павінна быць паскорана. Дыпламат таксама заўважыў, што яго краіна, як і іншыя члены сусветнай супольнасці, уважліва сочыць за роляй Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. На лацінаамерыканскім кантыненце, па словах дыпламата, Бразілія таксама праводзіць міратворчую палітыку.

Паўла Антоніа Перэйра Пінта адзначыў, што Беларусь і Бразілія маюць некалькі пунктаў судакранання, а гэта значна спрашчае двухбаковае ўзаемадзеянне па розных напрамках. Акрамя таго, па словах пасла, Беларусь і Бразілія з'яўляюцца прыхільнікамі ідэі інтэграцыі інтэграцый і выказваюць зацікаўленасць у развіцці ўзаемадзеяння паміж рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

 yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.