Вы тут

Турэцкая падножка


Беларускія каманды з аднолькавым лікам (0:1) саступілі ў першых матчах 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы.

На гадзінніку аўстрыйскага рэферы Рэнэ Айснэра ўжо беглі дадатковыя хвіліны, калі з трыбуны брэсцкага стадыёна "Цэнтральны" на поле паляцелі бутэлькі з колай і мінералкай. Вокамгненна на зялёным пляцы ўтварыўся гармідар з футбалістаў і арбітраў. Нехта штурхаўся, крычаў, паказваў чырвоныя карткі, ляжаў на траве, а нехта з туркаў пачаў дапамагаць суддзі збіраць з газона пластыкавую тару: маўляў, глядзіце, якія ў Беларусі гасцінныя балельшчыкі! Матч мінскага "Дынама" з турэцкім "Трабзанспорам"

, які з-за адсутнасці годнага стадыёна ў сталіцы праводзілі ў горадзе над Бугам, упэўнены, балельшчыкам спадабаўся, але падстаў для радасці пасля яго ў хлопцаў Роберта Маасканта сапраўды няшмат.

Гульня скончылася так, як гэтага жадаў трэнерскі штаб "Трабзанспора". Не, я не маю на ўвазе тую бойку на апошніх хвілінах, аднак, здаецца, і гэты кампанент сустрэчы туркі могуць разглядаць цалкам пазітыўна. Па-першае, бой замарудзіў атакуючы рытм гаспадароў, зацягнула час, па-другое, з поля быў выдалены асноўны форвард "блакітна-белых" Лазар Весялінавіч. І калі выдаленне, адсутнасць у паўторным матчы аргенцінца Густава Колмана яны перажывуць, знайсці дынамаўцам годную замену свайму Лазару будзе вельмі цяжка. Менавіта ён стварыў для "Дынама" самы востры момант у гэтай сустрэчы. У метрах трыццаці ад уладанняў гасцей Весялінавіч паспрабаваў адарвацца ад назойлівага абаронцы — не атрымалася. Аднак балканец працягнуў яго на сабе яшчэ крыху, і ўжо на штрафной пляцоўцы нізам стрэліў па варотах — штанга! У адрозненне ад беларусаў, "чарнаморскія штормы", як ахрысцілі падапечных Мустафы Акчая родныя балельшчыкі, сваёй магчымасцю скарысталіся. Па сутнасці, гуляла гэтая каманда, за якую выступае французская "зорка" Фларан Малуда, неяк непаспешліва. Быццам адштурхоўваліся ад таго, што першынство Турцыі яшчэ не стартавала, а таму цягацца ўвесь матч на роўных хуткасцях з добра падрыхтаванымі беларусамі ім будзе яшчэ складана. У другой палове туркі наогул адкрыта цягнулі час, адтрымлівалі жоўтыя карткі, але працягвалі гнуць сваю лінію. Праўда, "Трабзанспор" — гэта не толькі футбольны артыстызм, аднак і добрая турэцкая каманда, гуляць з якой у гасцях будзе вельмі складана. Толькі дынамаўскі коўч аптымізму не губляе. "Лічу, у нас добрыя шанцы ў Трабзоне, каб перамагчы, — прызнаўся пасля сустрэчы Мааскант. — Тым больш у гасцях мы гуляем лепш, чым дома".

У падобную сітуацыю трапіў і "Мінск", які ў Гродне мінімальна саступіў трэцяй камандзе Шатландыі "Сэнт-Джонстану". Розніца толькі ў тым, што "Трабзанспор" — сапернік больш вядомы, чым сціплыя хлопцы з 50-тысячнага гарадка Перт. Матчы ў адказ адбудуцца 8 жніўня. Шанцы, каб прайсці далей, безумоўна, нашы суайчыннікі маюць, але нешта падказвае: каб матэрыялізаваліся іх мары, хлопцам трэба згуляць удвая лепш, чым рабілі гэта дома.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.