24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Адзін дзень участковага з правінцыі


Мястэчкі і гарады перыферыі найчасцей застаюцца ўдалечыні ад праблем вялікіх гарадоў. Спакойны лад жыцця накладвае свой адбітак. Тут віруе сваё непаўторнае жыццё. Але праблем у міліцыі, працы і тут хапае.


Старыя Дарогі. Невялікі райцэнтр на поўдні Мінскай вобласці. Жыве тут крыху больш за дзесяць тысяч жыхароў. Дзмітрый Кумагер, герой нашага рэпартажу, ужо трэці год працуе ўчастковым інспектарам. Скончыў БНТУ, але ў Мінску не застаўся, вярнуўся. Працаваў на малой радзіме педагогам у дзіцячым доме, а пасля запрасілі на працу ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Так усё і закруцілася.

— Здарэнняў у нас, зразумела, не так шмат, як у буйных гарадах. Але працы заўжды хапала, — прыгадвае першыя крокі ў новай прафесіі Дзмітрый Кумагер, з якім мы спаткаліся ў РАУС. — Калі толькі прыйшоў у міліцыю, шмат даводзілася кантактаваць з дзецьмі з няпростых сем'яў. Хуліганства, пашкоджанне маёмасці, распіццё спіртнога — тыповыя з'явы, з якімі сутыкаўся. А некалькі гадоў таму мы заўважылі, што ўзрост тых, хто распівае алкаголь, рэзка пачаў змяншацца. За п'янства ў нас на ўліку пачалі з'яўляцца 11-14-гадовыя дзеці! Яны збіраліся кампаніямі, адзначалі святы і разам выпівалі. І гэта былі падлеткі з даволі забяспечаных сем'яў. Але гэтую сітуацыю, на шчасце, своечасова атрымалася пераламіць.

— Памятаеце самы неардынарны выпадак за час працы ў інспекцыі па справах непаўналетніх?

— Такіх шмат было. Прыходзілася і бегаць за злачынцамі, і пераследаваць. Нават кідаліся на мяне са зброяй... У нашым раёне хлопцы неяк скралі аўтамабіль, а затрыманы былі толькі ў Расіі. А пасля быў выпадак, калі ледзь не ўсёй вобласцю шукалі зніклую ў вёсцы Новыя Дарогі дзяўчынку. Яе без нагляду пакінулі баба і дзед, а яна сышла. Дзякуй Богу, знайшлі яе... у чатыры гадзіны раніцы. Здаецца, людзі часта знікаюць, але гэты выпадак паставіў на вушы ўсю вобласць. А малая была ў суседзяў, якія нават і не задумваліся, што яе шукаюць. Мы тады рабілі абход дамоў і кожнае дзіця разглядалі. Так яе і знайшлі. Спала разам з сяброўкай на ложку.

Тым часам мы накіроўваемся ў Дражна, вёску ў кіламетрах пятнаццаці ад райцэнтра. Менавіта там знаходзіцца працоўны кабінет інспектара Кумагера.

— На гэтым участку працую другі год, — кажа Дзмітрый. — Да мяне тут доўга працаваў добры інспектар, але праз пэўны час участковыя пачалі пастаянна мяняцца і прафілактычная праца заціхла. Прыйшлося ўсё ўздымаць з нуля. На маю думку, у такіх невялічкіх населеных пунктах работа інспектара павінна строіцца на паразуменні з кіраўнікамі сельвыканкамаў і калгасаў. Бо калі рабочыя гаспадарак пачынаюць піць, валіцца ўся праца. Людзі па некалькі дзён не выходзілі на работу. Прыходзілася размаўляць з імі. Да таго ж пэўны час таму ўзнік усплёск крадзяжоў, але кожны з іх атрымалася раскрыць.

— Што найчасцей кралі?

— Усё. І камбікорм, і будматэрыялы. Рабілі гэта пераважна для далейшага перапродажу. Ну а нехта проста хоча такім чынам узбагаціцца.

— Ці гоняць на вашым участку самагон?

— Гэта здараецца рэдка. Раней наш раён называлі сталіцай самагонаварэння, брагу тонамі знішчалі, аднак з гэтым ужо скончана. Памятаю, яшчэ ў маім дзяцінстве апаратаў у лясах хапала, а цяпер вы ніводнага не знойдзеце. Нехта спрабаваў пасля гнаць у хатніх умовах, аднак нічога з гэтага не выйшла.

Быў час, калі спіртное на ўчастку інспектара даволі часта кралі з крамы. Як аказалася, рабіў гэта адзін і той жа чалавек. Жыве ён, дарэчы, непадалёк ад Дражна...

Праз пяць хвілін Дзмітрый Кумагер глушыць матор у вёсцы Залужжа каля непрыкметнага шэрага дома. Чалавек, да якога мы ідзём, наогул варты асобнага артыкула. Дзмітрый зусім нядаўна вярнуўся з лячэбна-працоўнага прафілакторыя, а дагэтуль восем разоў быў асуджаны за крадзеж спіртнога ў... мясцовай краме.

— Ён не краў анічога, акрамя алкаголю, кавы, прадуктаў, — прыгадвае Кумагер. — І рабіў гэта выключна ў стане ап'янення. На апошнім судзе нават сказаў, што хацеў напіцца так, каб не пайсці красці бутэльку, але спыніць сябе ўсё роўна не здолеў.

Калі Дзмітрый пайшоў па бутэльку, крама ўжо не працавала. Тады ён разбіў шкло на закратаваных вокнах, закінуў у краму вуду з пятлёй, падчапіў і выцягнуў пляшку. Што цікава, наш суразмоўца характарызуе яго як майстра на ўсе рукі, здольнага, працалюбівага хлопца, але гарэлка да дабра не давяла. Працаваў, а цяпер зноў пачаў прагульваць.

— Вітаю, Канстанцінаўна! — у двары ўчастковага сустракае маці неаднаразовага правапарушальніка. — А Дзіма дзе?

— Дома. А што, зноў забіраць яго кудысьці будзеце?! — нечакана пачала заводзіцца жанчына. — Яго ж з працы выкінулі. Сядзіць цяпер на маёй шыі!

Сам Дзмітрый таксама быў не вельмі задаволены візітам інспектара. І ўвесь час спрабаваў пазбягаць шчырай размовы.

— Калі зноў у ЛПП паедзем? — пытаецца ў яго міліцыянер.

Ад нечаканай прапановы ў хлопца акругліліся вочы.

— Ну што гэта такое?! — націскае інспектар. — Ідзеш па вуліцы з голым торсам, віно п'еш. Хіба гэта нармальна?

— Не па дарозе, а па гародах. А калі трэба будзе, у лес піць пайду, — прабубніў Дзмітрый.

— Ты мяне пачуў, — кінуў у бок аматара алкаголю праваахоўнік.

— Пачуў, — коратка адказаў гаспадар.

— Ну тады не крыўдуй на мяне. Будзеш піць — паедзеш у ЛПП.

Такіх патэнцыйных кліентаў для лячэбна-працоўных прафілакторыяў у Дражненскім сельсавеце хапае. У разгар працоўнага дня ў самой вёсцы нешматлюдна. Але каля цаглянага дома ўжо сабралася кампанія. Дзмітрый Кумагер кажа, што большасць з гэтых мужчын беспрацоўныя. Любяць выпіць — вось і нудзяцца без працы.

— Мы ж з вамі літаральна два дні назад гутарылі. Вось вы што тут робіце? У вас жа дзіця малое дома! — выходзячы з аўто, звяртаецца да кагосьці Дзмітрый Кумагер. — Ад вас спіртным і зараз тхне. Пятровіч, інфармацыя не на вашу карысць. Усе за розум узяліся, а вы... Ідзіце дадому!

— Няма куды падзецца, — ціха, з расчараваннем адзначае адзін з прысутных. Мясцовы ўчастковы сваёй актыўнасцю яўна паспеў ім надакучыць.

Праходзіць яшчэ хвілін пяць, і кампанія незадаволена разыходзіцца. Але не факт, што не збярэцца зноўку.

— Усіх іх я лічу дармаедамі, — расказвае пасля Кумагер. — Акрамя аднаго, ніхто з іх не працуе і нават не думае шукаць працу. Я спачатку праводжу простую прафілактычную размову, але многія пачынаюць паводзіць сябе неадэкватна. У аднаго з іх маладая жонка. Яна ў дэкрэтным водпуску. Ён не працуе, а жыве за грошы, якія атрымлівае старая маці. Гэтая сям'я знаходзіцца на нашым ліку як сацыяльна небяспечная. Дома пануе антысанітарыя. Трэба з гэтым нешта рабіць...

У працоўным кабінеце ўчастковага, які знаходзіцца ў адным будынку з сельвыканкамам, усё сціпла: стол, паперы, шафа... Ён сядае за стол і адкрывае папку, змест якой, напэўна, даўно добра ведае. Пытаюся, ці не хоча ён перамен у сваім жыцці, магчыма, паехаць працаваць у больш буйны горад.

— Думкі розныя ўзнікаюць, але ў мяне і тут усё добра складваецца, — кажа перад вяртаннем у райцэнтр Дзмітрый Кумагер. — Тым больш з кіраўніцтвам ва ўсіх пытаннях знаходжу паразуменне. Мяне падтрымліваюць. Зараз пераязджаць нікуды не збіраюся. Мне тут падабаецца. Ды і праца таксама.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Адзін дзень участковага Кумагера

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.