Вы тут

Рэвалюцыйная, 28: Помнік гісторыі ці будаўнічая пляцоўка?


Скандал разгарэўся з-за таго, што будынак у самым сэрцы сталіцы — яе гістарычным цэнтры — папросту знявечылі. Пазбівалі старую ляпніну, быццам яна ніякай каштоўнасці сабой не ўяўляла, сцены ўцяплілі і старую аўтэнтычную тынкоўку закрылі бетонам. Таму цяпер дом на Рэвалюцыйнай, 28 не ўпрыгожвае вуліцу, а наадварот, выклікае здзіўленне і разгубленасць: «А як такая недарэчнасць магла з'явіцца тут, у адным з найпрыгажэйшых месцаў Мінска?» Абурэнне людзей дайшло і да Міністэрства культуры, якое выдала прадпісанне спыніць работы на гэтым аб'екце да высвятлення ўсіх абставінаў.

1387258192183_1

Апошнія дзесяцігоддзі дом стаяў занядбаны. У 2008—2009, а таксама ў 2012 гадах на ім былі праведзены даследаванні, якія выявілі, што ён знаходзіцца ў нездавальняючым стане. Планавалася яго адрэстаўраваць і прыстасаваць пад гандлёвыя і офісныя функцыі. Падчас даследавання быў высветлены першапачатковы характар фасадаў, знойдзены сляды колішняга балкона, нават кавалак кафлі з арнаментам ад ацяпляльнай печы. Аказалася, што калісьці на галоўным фасадзе была арка, праз якую можна было праехаць унутр двара. Паабапал аркі таксама былі дэкаратыўныя элементы, аднак падчас «рэстаўрацыі» іх знішчылі.

Цяпер дом дарэвалюцыйнай пабудовы нагадвае каробку, залітую бетонам. З'яўляецца адчуванне, што тыя, хто займаўся будынкам, проста не ўспрымалі яго як гістарычную каштоўнасць. Адзінае, што зрабілі будаўнікі — пры збіванні тынкоўкі і ляпніны захавалі ўзоры кожнага ляпнога профілю. Дакументацыя па рэстаўрацыі была распрацавана праектным інстытутам «Мінскграмадзянпраект». Аднак ажыццяўляць тэхнічны нагляд за выкананнем работ на аб'екце — гэта таксама задача і заказчыка (у гэтым выпадку камунальна-ўнітарнага прадпрыемства «Мінская спадчына»). Ён жа праводзіў тэндар і выбіраў таго, хто будзе рабіць рэстаўрацыю.

Начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар ЧАРНЯЎСКІ пацвердзіў, што Міністэрства культуры выдала прадпісанне на спыненне работ на Рэвалюцыйнай, 28 і патлумачыў такое рашэнне:

— Работы, якія вяліся на гэтым аб'екце, не адпавядалі дакументацыі. Па-першае, яны зрабілі таркрэт — нанеслі слаі бетону там, дзе гэтага рабіць было нельга. Па-другое, правялі ацяпленне, якое не было ўзгоднена. А па-трэцяе, адбілі дэкаратыўныя элементы. Нідзе ў свеце так не робіцца: маюцца прадпісанні, што рабіць, калі сцены страцілі сваю трываласць, як у гэтым выпадку. Ёсць шмат спосабаў іх умацаваць, аднак вонкава яны абавязкова павінны захоўваць сваю аўтэнтычную гістарычную адметнасць. Гэты будынак дзясяткі гадоў стаяў і нікім не рамантаваўся. Аднак мы не будзем ставіць пытанне, хто давёў яго да такога стану. Больш істотна тое, што адбываецца там цяпер.

1387258195280_2

Цяпер Міністэрства культуры прапанавала заказчыку падаць на разгляд дакументацыю вядзення работ на гэтым аб'екце. Бо зацверджаны праект рэстаўрацыі ёсць, аднак тое, што робіцца з будынкам, яму не адпавядае. Знешне здаецца, што дом ужо не выглядае як адметная старадаўняя пабудова. Нягледзячы на гэта, Ігар Чарняўскі кажа, што са спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў дом будзе складана выключыць, бо ён фарміруе цэнтр старога горада. А ўвесь гістарычны цэнтр — гэта і ёсць каштоўнасць. Але пакідаць усё так, як ёсць, нельга, упэўнены начальнік Упраўлення па ахове спадчыны:

— Нехта павінен панесці адказнасць. Калі б здарыўся адзін такі прэцэдэнт і некага пакаралі, іншыя б задумаліся. Мы складаем адміністрацыйныя пратаколы, выпісваем штрафы, аднак гэтым усё абмяжоўваецца. Я не за тое, каб некага саджаць у турму, аднак органы, якія адказваюць за выкананне заканадаўства, павінны распачаць такую справу. Бо сёння наша міністэрства проста завалена зваротамі грамадзян з просьбай даць экспертную ацэнку пэўным рэстаўрацыйным работам. У гэтым выпадку адказным будзе заказчык — «Мінская спадчына». Яны атрымалі дазвол на выкананне работ і выбіралі падрадчыка.

Сёння сітуацыя ў беларускай рэстаўрацыі складваецца так, што тэндар на самі работы можа выйграць хто заўгодна: фірма, якая ўчора будавала кароўнік, заўтра можа перайсці на помнік архітэктуры, але ж на апошнім патрэбны зусім іншыя навыкі. Таму адзіным выйсцем з такой сітуацыі, каб не дапускаць разбуральных памылак у будучыні, бачыцца прапісванне ўмоў тэндара: каб муляры валодалі неабходнымі навыкамі, каб архітэктар быў вопытным і ўжо меў на сваім рахунку некалькі запраектаваных будынкаў.

1387258199262_3

Для адной з найпрыгажэйшых вуліц Мінска, Рэвалюцыйнай, знявечанне дома № 28 — гэта далёка не першы ўдар. Пабудовы, якія знаходзіліся за ім, папросту знесены. Не стала і дома № 24а. Літаральна за некалькі дзён да знішчэння ў ім былі знойдзены старадаўнія роспісы. Іх трэба было хаця б правільна зняць, аднак часу на гэта не хапіла. Адным суботнім вечарам да яго пад'ехаў бульдозер. Гэта ўбачыў спецыяліст, які працаваў непадалёку. Ён адразу стаў тэлефанаваць ва Упраўленне па ахове спадчыны, аднак там ужо нічым дапамагчы не змаглі, дом знеслі. Знайшоўся адзін будаўнік, які проста сабраў кавалкі тынкоўкі з роспісам у каробку і аддаў рэстаўратарам такі своеасаблівы пазл...

Ва ўсім свеце забудоўшчыкі лічаць старыя пабудовы хламам, які нікому не патрэбны. Яны гатовы знесці любую гістарычную каштоўнасць, каб узвесці штосьці больш высокае і з больш дарагой арэнднай платай. Аднак усюды ёсць і тыя, хто зрабіць ім гэтага ніколі не дазволіць. А калі ў гістарычных кварталах і будуецца штосьці новае, то пры гэтым ёсць умова, каб створаны будынак выглядаў як аўтэнтычны.

Старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон АСТАПОВІЧ выказаў сваю думку наконт сітуацыі з будынкам па Рэвалюцыйнай, 28:

— Уся праблема з-за таго, што адсутнічаюць тэхнічныя правілы, якія рэгулююць выкананне рэстаўрацыйных работ. Любой стадыяй аднаўлення будынка — ад распрацоўкі праектнай дакументацыі да выканання работ — можа займацца хто заўгодна. Заканадаўства ёсць, аднак пад яго маркай часта адбываецца ўзаконенае разбурэнне помнікаў. Таму на выхадзе мы бачым не адрэстаўраваны аб'ект, а звычайную пошлую мадэрнізацыю. І справа не ў гэтым канкрэтным будынку. Некалькі гадоў таму былі скасаваны ліцэнзіі на рэстаўрацыйныя работы — цяпер імі могуць займацца і непрафесіяналы, літаральна любы ахвотны. Акрамя таго, дрэнна працуе інстытут навуковых кіраўнікоў. Бо за кожным аб'ектам замацоўваецца навуковы кіраўнік, аднак прафесіяналаў сярод іх, на жаль, можна пералічыць па пальцах. Можна назіраць і тое, што спецыяліст не мае паўнамоцтваў на аб'екце, які распрацоўваў. Дакументацыя можа ўзгадняцца, мінуючы яго, непасрэдна з заказчыкам. Наша таварыства даўно б'ецца над тым, каб былі вернуты ліцэнзіі на вядзенне рэстаўрацыйных работ, каб выкарыстоўваліся нарматыўныя зборнікі, якія рэгламентуюць дзеянні на аб'ектах, што маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, аднак пакуль усё безвынікова. Таму дом па Рэвалюцыйнай, 28 — гэта толькі кропля ў моры.

Відавочна, што гэты гістарычны будынак мы ўжо «прайгралі». Аднак ёсць яшчэ шмат іншых, лёс якіх залежыць ад таго, хто будзе да іх дакранацца: звычайныя будаўнікі ці спецыялісты, што маюць рэстаўрацыйныя навыкі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.