Адэноіды — захворванне, якое вельмі рэдка сустракаецца ў дарослых, чаго не скажаш пра дзяцей. Чаму так адбываецца? Як лячыць такіх дзяцей?
Як вядома, міндаліны дапамагаюць любому з нас змагацца з бактэрыямі, што трапляюць у глотку пры дыханні і ўжыванні ежы, спрыяюць фарміраванню мясцовага імунітэту — абараняюць ад узбуджальнікаў захворванняў. З 2 да 7 гадоў міндаліны працуюць вельмі напружана, паколькі пашыраецца колькасць кантактаў з навакольнымі, у выніку чаго дзіця хварэе на рэспіраторныя захворванні.
Паводле слоў валеолага 23‑й дзіцячай паліклінікі г. Мінска Алены ГАРНІЦКАЙ, пры недастаткова моцным імунітэце — з‑за спадчынных асаблівасцяў, экалагічных фактараў і іншых прычын — лімфоідныя органы павялічваюцца ў аб'ёме. Павелічэнне міндалін паднябення называецца «гіпертрафія паднябенных міндалін», або танзіліт. Павялічэнне, хранічнае запаленне глотачнай міндаліны называецца «адэноідамі».
Адэноіды спрыяюць і падаўжаюць хваробы трахеі і бронхаў — бранхіт, абструктыўны бранхіт, трахеіт, фарынгіт, могуць выклікаць або ўзмацніць праявы алергіі (у цяжкіх выпадках — бранхіяльную астму, алергічную рынапатыю, атапічны дэрматыт). Шматразова павялічваецца верагоднасць запаленчых працэсаў у глотцы, гартані, трахеі, бронхах, лёгкіх — а гэта ангіны, ларынгіты, трахеіты, бранхіты, пнеўманіі. Дрэннае дыханне праз нос спрыяе няправільнаму развіццю прыкусу, твару («адэноідны твар»).
Што спрыяе адэноідам?
— Калі дзіця часта пакутуе ад насмарку, які доўжыцца 10 дзён і больш, горш дыхае носам, храпе падчас сну, пачало недачуваць (перапытвае, павялічвае гук тэлевізара), неабходна наведаць оталарынголага.
— Нельга дапускаць разрастання адэноідаў.
Адэноіды абавязкова трэба лячыць! Толькі не адэноіды, а хранічны запаленчы працэс у іх. Каб прадухіліць ускладненні.
Якім можа быць лячэнне?
Мясцовае. Кроплі, арашэнні слізістай носа і насаглоткі воднымі растворамі з супрацьзапаленчай, антыалергічнай і антымікробнай вартасцямі.
Агульнае. Вітаміны, сродкі, якія ўздзейнічаюць на імунную сістэму, вакцыны, фізіятэрапія (магніта-, лазератэрапія, інгаляцыі).
Гамеапатыя. Не проціпаказана.
Калі выяўляюцца змяненні з боку вушэй (атыт, дысфункцыя слыхавых труб), хранічныя бронхалёгачныя захворванні, алергіі, то адэноіды, незалежна ад ступені іх павелічэння, абавязкова выдаляюцца. На сёння менавіта выдаленне з'яўляецца самым эфектыўным метадам лячэння адэноідаў.
Аперацыя выконваецца ў спрыяльны для дзіцяці час. Нельга выконваць яе падчас вострых рэспіраторных захворванняў і 3–4 тыдні пасля выздараўлення. Дзецям да 8 гадоў — без мясцовага абязбольвання, пасля 8 гадоў слізістая насаглоткі змазваецца або арашаецца растворам лідакаіну. Малым дзецям гэта не робіцца з‑за небяспекі развіцця асфіксіі (удушша). Аперацыя не хваравітая і доўжыцца ўсяго 5–6 секунд. Ускладненні бываюць вельмі рэдка. Ад выдалення адэноідаў ультрагукам і лазерам хірургі адмовіліся з‑за больш высокай рызыкі ўскладненняў.
Звычайна дзіця знаходзіцца ў стацыянары адны суткі.
Што рабіць пасля выпіскі дадому?
У ложку трымаць дзіця не трэба, дастаткова толькі абмежаваць фізічную нагрузку. 3–5 дзён не ўжываць гарачую і вострую ежу, кіслыя сокі і фрукты, газіраваныя напоі і марожанае. На 3–5 суткі пры адсутнасці павышанай тэмпературы, добрым зажыванні ранкі ў глотцы можна наведваць дзіцячы калектыў і выходзіць на вуліцу. Нельга толькі займацца спортам і наведваць басейн.
Поўнасцю рана ў глотцы зажывае праз 2–3 тыдні. Праз месяц ніякіх абмежаванняў у ладзе жыцця і харчавання няма.
Адэноіды могуць пасля выдалення з'яўляцца зноў. Здараецца гэта ў 5 працэнтах выпадкаў. Аднак гэта не азначае неабходнасці паўторнага хірургічнага ўмяшання. Адэноідная тканка можа з'яўляцца ў насаглотцы не раней як праз 7–12 месяцаў. За гэты час паспявае аднавіцца функцыя слыхавых труб, носа. Урэшце, з ростам дзіцяці павялічваецца аб'ём насаглоткі. Такім чынам, адноўленыя міндаліны не здольны аказаць ранейшы адмоўны ўплыў. Паўторнае выдаленне адэноідаў патрабуецца надзвычай рэдка.
Самае важнае ў прафілактыцы:
1. Загартоўванне з першых месяцаў жыцця.
2. Фізкультура і спорт.
3. Своечасовае лячэнне любых захворванняў верхніх дыхальных шляхоў.
Святлана БАРЫСЕНКА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.