Вы тут

Калі ва ўрачоў з'явяцца адвакаты?


Адным з найважнейшых паказчыкаў якасці жыцця ў краіне з'яўляецца ўзровень медыцынскага абслугоўвання. На ўчарашняй сустрэчы членаў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы з прадстаўнікамі Славацкай урачэбнай палаты і грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя ўрачоў» гутарка закранала як падабенствы і адрозненні сістэм аховы здароўя ў Беларусі і Славакіі, так і прававыя аспекты працы ўрачоў.

Валянцін МІЛАШЭЎСКІ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, член рабочай групы ўрада па супрацоўніцтве з парламентам Славацкай Рэспублікі

звярнуў увагу на тое, што з часоў Савецкага Саюза ў сістэме аховы здароўя Беларусі не адбылося значных змен. Аналагічныя сістэмы функцыянуюць у Вялікабрытаніі і Швецыі. Фінансаванне ідзе з рэспубліканскага бюджэту і размяркоўваецца па нарматыве на аднаго жыхара. У той жа час у нас ёсць платныя медыцынскія паслугі — як правіла, тыя, што не з'яўляюцца сацыяльнымі (ад іх не залежыць працягласць жыцця пацыента), напрыклад, пластычныя аперацыі.

Прэзідэнт Славацкай урачэбнай палаты Марыян КАЛАР адзначыў, што сёння ў Славакіі адбываецца пераход ад сацыялістычнай сістэмы аховы здароўя да сістэмы, дзе значную ролю хоча адыгрываць рынак. «Але бальніцы ніколі не будуць «таварам», а пацыент — «кліентам», — падкрэсліў Марыян Калар. У Славакіі кожны ўрач павінен рэгістравацца ў Славацкай урачэбнай палаце — гэта адзіная навукова-даследчая і прафесійная арганізацыя ўрачоў у краі не. Так, у палаце зарэгістравана 23 тысячы ўрачоў, з іх 14,5 тысячы з'яўляюцца яе членамі, якім аказваецца эканамічная і юрыдычная дапамога.

У Славакіі павышэнне кваліфікацыі абавязковае для кожнага ўрача, і гэта прапісана ў Законе. За кожныя 5 гадоў урач

павінен атрымаць мінімум 250 «крэдытаў» (балаў, якія налічваюцца, напрыклад, за ўдзел у навуковых канферэнцыях, за публікацыю навуковых даследаванняў). У тых, хто жыве і працуе ў невялікіх населеных пунктах, натуральна, узнікалі праблемы з «крэдытамі», таму быў створаны спецыяльны партал Славацкай асацыяцыі ўрачоў. Там размясцілі свае навуковыя тэзісы больш чым 900 урачоў. Там жа яны могуць праходзіць дыдактычныя тэсты і атрымліваць за гэта неабходныя балы.

Як расказаў журналістам Дзмітрый ШАЎЦОЎ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, медыцынскай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў, гэтая сустрэча мае вельмі важнае значэнне. «Мы сустракаемся са Славацкай урачэбнай палатай для таго, каб даведацца, як праводзіцца ў іх заканадаўчая дзейнасць у галіне аховы здароўя, які ўплыў і якое значэнне маюць грамадскія арганізацыі ў заканатворчым працэсе, таксама для нас цікавыя пытанні прававой абароны ўрачоў», — падкрэсліў парламентарый. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў Славакіі добра працуе сістэма прававой абароны ўрачоў. Іх інтарэсы прадстаўляюцца ў судзе на працэсах як адміністрацыйных, так і крымінальных. Кожны ўрач плаціць пэўны ўнёсак, і, калі ўзнікае неабходнасць, юрыдычная і адвакацкая дапамога прадастаўляецца яму бясплатна.

Па словах Шаўцова, пры Беларускай асацыяцыі ўрачоў ужо створана адвакацкая служба, якая займаецца непасрэдна прававой абаронай медыцынскіх работнікаў. «Праца над гэтым у нас пачалася не так даўно — крыху больш за паўгода таму, — паведаміў дэпутат. — Мне вядома, што ў Славацкай Рэспубліцы такая служба існуе ўжо не адзін год. Хацелася б даведацца, што яна з сябе ўяўляе».

У выніку сустрэчы быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Беларускай асацыяцыяй урачоў і Славацкай урачэбнай палатай з мэтай далейшай сумеснай працы дзеля ўмацавання сістэмы аховы здароўя.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.