«Раки — это к драке», — казаў адзін досыць сімпатычны герой вуснамі аднаго даволі брутальнага акцёра ў адным вельмі шматзначным фільме. Але мы, напэўна, дастаткова інтэлігентныя людзі, каб так вось проста ўзяць і пабіцца з-за нейкіх там ракаў. Тым больш што іх у нас два.
Сімпатычныя зграбныя ракі з лупатымі чорненькімі вочкамі-перчынкамі, з вясёлымі вусікамі, якія ўвесь час рухаюцца, а пры ліньцы аддзяляюцца ад цельца разам з панцырам. Дасціпныя, цікаўныя, наіўныя. Мы набылі іх на рынку маленькімі паўпразрыстымі істотамі некалькі тыдняў таму. За гэты час яны набралі памер, прыдбалі сімпатычныя блакітныя панцыры, а іх маленькія кволыя пярэднія лапкі ператварыліся ў шырокія клюшні. Ракам вельмі пасуе спраўна перабіраць каменьчыкамі шэрага грунту, калі яны завісаюць на якой-небудзь водарасці. Дарэчы, грунт гэты, здараецца, што і сам варушыцца — літаральна на вачах, прымушаючы іх не адрывацца ад відовішча. Ніякае не дзіва: палова тых каменьчыкаў — малюсенькія шэранькія слімачкі, што размнажаюцца з неверагоднай хуткасцю, але гэта трошкі іншая гісторыя. Калі б я захацела напісаць казку пра прыгоды ў нашым акварыуме, то галоўнымі і самымі пазітыўнымі яе героямі былі б менавіта нашы ракі. Праўда, апошнім часам мне здаецца, што не такія ўжо яны і нашы.
— Паглядзі, што яны зноў нарабілі, твае пазітыўныя героі! — чую цяпер кожны вечар. — Я хутка звязу іх куды-небудзь падалей, няхай жывуць дзе хочуць.
— Яны хочуць жыць тут, у нас.
— Чаму ты так думаеш?
— Мы ім падабаемся. Асабліва ты. Вось яны табе і дапамагаюць. Прарэджваюць водарасці, праполваюць грунт. Ствараюць сапраўдны, а не штучны асяродак, кажучы па-навуковаму, біяцэноз. Калі яны падрэзалі вось гэтую раслінку, значыць, ім так больш даспадобы. І рыбкам утульней, і слімачкам таксама зручней.
— Гэта яны так думаюць, — не згаджаецца Ён.
Здаецца мне, што ўсе Яго напады на нашых ракаў, няхай сабе і жартаўлівыя, робленыя, абумоўлены такой простай з'явай, як пражыванне на тэрыторыі акварыума яшчэ адной катэгорыі дзесяціногіх істот. Крэветкі! Вось на каго скіраваны ўсе Яго пазітыўныя пачуцці! Вось каго б Ён зрабіў галоўнымі героямі — гераінямі! — сваёй акварыумнай казкі. Вішнёвыя, жоўтыя, блакітныя, чорныя... І паўпразрыстыя, і аксамітныя... Каралеўскія, пчолкі, кардыналы, фільтратары... Адны назвы чаго вартыя! Такія аднолькава нязграбныя целамі і з такімі заўсёды з'едлівымі ўсмешкамі на абавязкова даўганосых тварах...
— У нядзельку ранічкай паедзем, каб купіць новыя крэветкі.
Здаецца, Ён збіраецца даць прытулак кожнаму віду. І нешта мне гэта, далібог, нагадвае.
Чытала нядаўна студэнцкую прозу, дасланую на конкурс «БрамаМар». Радавалася і абуралася адначасова. Чужыя, замежныя ці прыдуманыя, імёны герояў, чужыя, не нашы гарады ў якасці месцаў падзей. Чаму? «Касмапалітычнасць» погляду як агульнапланетная плыня? Ці пройдзе гэта? Жаданне вывесці сваё на сусветны ўзровень? Высакародна, але не бяспройгрышна і ўвогуле, «не з таго боку». І не бясспрэчна. Маладым творцам здаецца, напэўна, іначай.
Ракі Яму, відаць, надакучылі, бо цягаў іх з возера ў вялікай колькасці ўсё дзяцінства. Крэветкі — з'ява навейшага парадку. Ракі — істоты мясцовага гатунку, крэветкі — прыбышы, а гэта заўсёды цікавей.
Ці проста нашы ракі і сапраўды ператварыліся ў шкоднікаў, а я проста адмаўляюся гэта прызнаваць?
Што за таемнымі дзвярыма?