Вы тут

Для зяця — лепшы абрус у хаце


У народным побыце жыхароў вёскі Лойкі Гродзенскага раёна шырока бытавалі прыгожыя, па-мастацку аздобленыя абрусы.

У майстрых нашай вёскі абрусы асабліва прыгожыя. Уменне гарманічна падбіраць колеры, удала стылізаваць прыродныя формы — усё гэта выдатная школа майстэрства людзей старэйшага пакалення. У куфрах вяскоўцаў можна ўбачыць абрусы, затканыя па ўсім полі сілуэтамі галубкоў, паўлінаў, павернутых дзюбкамі адзін да аднаго выявамі жывёл, кветкамі, букетамі. Каларыт розны: чорны, бела-блакітны, бела-зялёны, бела-карычневы. Некаторыя з іх яны падаравалі народнаму комплекснаму краязнаўчаму музею «Вытокі» Лойкаўскай сярэдняй школы.

Белае поле абрусаў аздоблена раслінным арнаментам, або на чорнай аснове прыгожыя букеты — і абавязкова манаграма з ініцыяламі аўтара створанай рэчы. Цешаць вока з густам падабраныя колеры — чырвоны, зялёны,блакітны, фіялетавы, уплеценыя ў вянкі букеты, арнамент.

Вясковыя майстрыхі кажуць: «Ствараючы нейкую рэч, мы стараліся, каб яна была не толькі патрэбнай, практычнай, карыснай, але яшчэ і прыгожай, таму спачатку малявалі ўзор на паперы, а потым пераносілі яго на выраб».

24-15

Сваёй прыгажосцю славіліся ў нашай мясцовасці сетчатыя абрусы, вязаныя на раме. Кожная дзяўчына марыла мець такі абрус, хоць гэта і карпатлівая праца. Сялянкі, раскрываючы сакрэты свайго майстэрства, якія яны перадаюць з пакалення ў пакаленне, распавядаюць: «Спачатку майстравалі раму па памеры абруса, па раме набівалі маленькія цвічкі, на іх нацягвалі і перапляталі ніткі. Атрымлівалася сетка. Колер выбіралі па гусце гаспадыні. Звычайна белы ці чорны. Потым па сетцы, як па канве, вышывалі крыжыкам шыкоўныя букеты, вянкі, манаграмы». Тут увасобіўся багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ. Такія абрусы ўмела выпляталі нашы сяльчанкі Марыя Бондзюш, Ядзвіга Крывіцкая, якія заўсёды гатовы былі падзяліцца і перадаць свой вопыт маладым.

У мастацкіх творах слова «абрус» сустракаецца ў пераносным значэнні — як паэтычны вобраз: «абрус мурожнага лугу» , «абрус блакітнага лёну»... Згадваецца ён і ў фальклорных творах. Вось такія загадкі запісалі нашы краязнаўцы ў вёсцы Лойкі Гродзенскага раёна: «Білі мяне, білі, калацілі, на кавалкі рвалі, па полі цягалі, на ключ замыкалі, а потым на стол паслалі» (абрус). І яшчэ: «Сярод хаты стаіць, на ім лён зіхаціць, а на ім жыта ляжыць»(стол, абрус, хлеб).

У народзе сустракаюцца такія трапныя вобразы-сімвалы: «У мамы стол любоўю і ласкаю засланы», «Маеш абрус — май і хлеба кус».

Народныя майстрыхі вучыліся на вопыце многіх пакаленняў, з дзіцячых гадоў атрымліваючы ў спадчыну тэхнічныя правілы і прыёмы, віды аздаблення.

Сёння абрусы, створаныя рукамі мясцовых умельцаў, саступаюць месца прамысловым вырабам. Заходзь у краму, выбірай любы, які душа пажадае, і засцілай на стол. Аднак нельга дапусціць, каб сакрэты гэтага майстэрства зніклі бясследна. Таму ў нашым музеі мы імкнёмся выяўляць, збіраць, захоўваць і берагчы гэтыя цудоўныя ўзоры народнай творчасці.

Марыя Храмлюк

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.