Няўзважаная стратэгія ЕС па аднабаковым уцягванні краін Усходняга партнёрства ў сферу сваіх інтарэсаў без улічвання інтарэсаў Расіі прывяла да эскалацыі грамадскага супрацьстаяння ва Украіне, якое пасля вылілася ва ўзброены канфлікт. Сёння на парадку дня стаіць выпрацоўка новай дарожнай карты для ўзаемадзеяння ЕС і краін Усходняга партнёрства.
Аналіз памылак
Ідэя новай стратэгіі ЕС у дачыненні да ўсходніх суседзяў паўстала пасля далучэння да Еўрасаюза краін Цэнтральнай Еўропы ў 2004 годзе. Новыя члены ЕС мелі даволі глыбокія і стабільныя сувязі з краінамі Усходняй Еўропы як у гаспадарчай, так і ў гуманітарнай сферах. Задача захаваць гэтыя стасункі і стала прычынай стварэння праекта «Усходняе партнёрства».
Першапачаткова праект прадугледжваў пашырэнне эканамічных і гуманітарных сувязяў ЕС з краінамі Усходняй Еўропы і Закаўказзя. Аднак адразу ўзнікла праблема палітызацыі працэсу. На першы план выйшлі задачы прасоўвання Еўрасаюзам дэмакратыі, правоў чалавека сярод дзяржаў-партнёраў, у той час як эканамічнае ўзаемадзеянне насіла другарадны і сімвалічны характар.
Разам з тым адзінства не было і з боку саміх краін Усходняга партнёрства. Іх адрозныя стратэгіі развіцця, прыярытэты і вектары паставілі пад сумненне намер ЕС прымяняць да ўсіх аднолькавую палітыку. Першапачатковая задума кіраўніцтва ЕС падпісаць дагаворы аб асацыяцыі з усімі членамі Усходняга партнёрства была пастаўлена пад пытанне. Праекты дагавораў не ўлічвалі інтарэсаў Расіі як самага буйнога геапалітычнага гульца, а таксама структурных асаблівасцяў эканомік розных краін.
Да гэтага дадалося ігнараванне інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. Аднак не заўважаць стварэнне ў 2010 годзе Мытнага саюза і яго перафарміраванне ў 2014-м у Еўразійскі эканамічны саюз далей становіцца немагчымым.
Новыя этапы
Цяпер Беларусь засталася адзінай краінай ва Усходнім партнёрстве, якая не мае тэрытарыяльных прэтэнзій і ў стане забяспечыць бяспеку на ўсёй сваёй тэрыторыі. Беларусь з самага пачатку канкрэтна акрэсліла свой еўразійскі геапалітычны выбар. Арменія гэта зрабіла летась. Відавочна, што Беларусь і Арменія ў перспектыве ўсё больш шчыльна будуць уключацца ў еўразійскія інтэграцыйныя працэсы. Таму першапачатковы фармат іх узаемадзеяння з ЕС у межах Усходняга партнёрства аказваецца неактуальным.
Магчымым вырашэннем праблемы магло б стаць стварэнне асобнага фармату ўзаемадзеяння паміж ЕС і ЕАЭС. І першы зачын у гэтым кірунку ўжо быў зроблены. 26 жніўня ў Мінску ўпершыню ў гісторыі здарылася сустрэча кіраўніцтва ЕС і краін ЕАЭС. Гэта азначала фактычнае прызнанне Еўрасаюзам еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў.
Дзве другія краіны Усходняга партнёрства — Грузія і Малдова — падпісалі дагавор аб асацыяцыі з ЕС і рухаюцца ў геапалітычным дыскурсе Еўрасаюза. Менавіта Грузія і Малдова найбольш адпавядаюць першапачатковаму праекту Усходняга партнёрства.
Асобна стаіць пытанне Азербайджана, які з'яўляецца энергетычна самадастатковай краінай. Таму ўзаемадзеянне ЕС і Азербайджана, хутчэй за ўсё, перафарміруецца ў двухбаковыя адносіны.
Украінскі фактар
Асаблівую пазіцыю займае Украіна, дзе эканамічныя, палітычныя і гуманітарныя праблемы не даюць магчымасці адназначна вырашыць яе геапалітычны статус. Падпісанне Украінай дагавора аб асацыяцыі з ЕС стварыла пагрозу інтарэсам краін Мытнага саюза, а таксама інтарэсам значнай колькасці прамыслоўцаў самой Украіны. Гуманітарны і цывілізацыйны складнік прывёў да эскалацыі канфлікту паміж рознымі групамі насельніцтва, арыентаванымі на процілеглыя геапалітычныя цэнтры.
У такой сітуацыі фармат «Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз» падчас сустрэчы 26 жніўня 2014 года ў Мінску акрэсліў магчымую формулу па выхадзе Украіны з геапалітычнага тупіка і вяртанню бяспекі ў рэгіён. Усе бакі зразумелі, што ўкраінскі крызіс не можа вырашацца ў аднабаковым парадку. Былі абазначаны эканамічныя і энергетычныя фактары бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне. 12 верасня Масква, Брусель і Кіеў дамовіліся адкласці на год дзеянне дагавора аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС. А 13 верасня еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле выказаў думку пра патрэбу стварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕС і ЕАЭС.
Такім чынам чыноўнік Еўрасаюза паўтарыў словы двухгадовай даўнасці, выказаныя прэзідэнтамі еўразійскай тройкі аб патрэбе стварэння агульнай зоны свабоднага гандлю ад Лісабона да Уладзівастока (праект больш вядомы як «інтэграцыя інтэграцый»). Напэўна, цяпер надышоў час размаўляць пра падобную дарожную карту. І пачынаць трэба з сітуацыі вакол Украіны. На яе прыкладзе з забеспячэннем інтарэсаў як ЕС, так і краін ЕАЭС, трэба знайсці рэцэпт эканамічнага інтэграцыйнага ўзаемадзеяння паміж ЕС, Украінай і ЕАЭС. Гэта стала б пераадоленнем геапалітычнага крызісу ва Усходняй Еўропе.
Мінскі фармат узаемадзеяння з антыкрызіснай сустрэчы па пераадоленні супрацьстаяння ва Украіне мае ўсе шанцы перарасці ў перспектыўную пляцоўку па стварэнні новага кантынентальнага інтэграцыйнага працэсу, дзе Беларусь змагла б выступіць пунктам збору агульных сіл ад Лісабона да Уладзівастока.
Пётр Пятроўскі, палітолаг
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.