Шаноўныя аматары літаратуры! Прапаную традыцыйна прабегчыся па нумарах часопісаў Выдавецкага дома «Звязда», каб ведаць, што чытаць і пра што думаць гэтымі лютаўскімі днямі.
У цэнтры ўвагі другога нумара «Маладосці», як сведчыць яго вокладка, Эліза Ажэшка, якая жыла і тварыла ў нашай цудоўнай Гародні. «Ажэшкаўскія» матэрыялы нумара — пераклад уступу да своеасаблівага дзённіка пісьменніцы «Дні», а таксама яе невялічкага апавядання «Парцалянка». Фрагмент арыгінала «Дзён», аўтограф Ажэшкі, шукайце ў рубрыцы «Ад рукі».
«Парцалянка» мае аўтабіяграфічную аснову. Акурат ва ўступе да «Дзён» узгадваецца гісторыя, на падставе якой створана апавяданне. Такім чынам, у вашых руках, дарагі чытач, каштоўная магчымасць прасачыць, як жыццёвая рэальнасць перацякае ў мастацкі твор.
Сярод паэтаў другой «Маладосці» вылучаюцца Вераніка Пуставіт і Вольга Паўлюкевіч — дзве ўзыходзячыя зорачкі жаночай паэзіі. Іх вершы, хоць і юнацкія, у чымсьці наіўныя, здзіўляюць зусім недзіцячай глыбінёй асобных думак:
Душа лечыцца толькі тады,
Калі мы вырашаем
Зрабіць яе здаровай.
Назаўжды. (Вераніка Пуставіт)
Акрэслім вынікі блукання «Маладосці» па пазалітаратурных мастацкіх прасторах. Гэтым разам часопіс вандраваў па тэрыторыях тэатра і выяўленчага мастацтва. Міхась Баразна, рэктар Акадэміі мастацтваў, распавядае пра ўласны шлях да мастацтва, навучэнцаў Акадэміі і конкурс плакатаў, прысвечаны 70-годдзю Перамогі — сумесны праект з выдавецкім домам «Звязда». А студэнтка МДЛУ Яна Владыка ў арыгінальнай форме п'есы-інтэрв'ю расказвае пра аматарскую франкафонную тэатральную трупу «Atelіer».
Безумоўна, варты ўвагі твор Югасі Каляды «Je suіs ton ange gardіen»: чуеце, лютаўская «Маладосць» прамаўляе з выразным французскім акцэнтам? Маладая пісьменніца даследуе ўзаемаадносіны спрадвечных катэгорый — кахання, адказнасці і творчасці, ставячы сваіх герояў спачатку ў казачныя ўмовы, а пасля паказваючы іх у звычайнай мінскай паўсядзённасці. «Je suіs ton ange gardіen» — «Я твой анёл-ахоўнік»: так хочацца даверыцца анёлу... Але ці заўсёды гэта бяспечна?
Аповесць Югасі Каляды прапанавана да друку не самой аўтаркай, а ўкладальнікам яе будучай кнігі Віктарам Корбутам. У гэтым жа нумары шукайце артыкул спадара Віктара «Аўтарка найлепшай жаночай аповесці», прысвечаны творчасці Югасі, яе нетыповай літаратурнай пазіцыі.
Рубрыка «Пераклады», акрамя ўступу да «Дзён» Элізы Ажэшкі і яе апавядання «Парцалянка», пацешыць чытачоў перакладам урыўка рамана брытанскага празаіка Ніка Александэра «Жонка фатографа»: жыццёвай гісторыі жанчыны, «дзяцінства якой прыйшлося на час вайны і мае нашмат больш сакрэтаў, чым яна сама жадае прызнаваць».
Артыкул Леаніда Лаўрэша «Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне», вершы лідара гурта «Хурма» Мікіты Найдзёнава, новае фантастычнае апавяданне Сяргея Белаяра — таксама пад вокладкай лютаўскай «Маладосці».
У лютаўскім «Полымі» шукайце апавяданне «Далёкія коні дзяцінства» Алеся Жука — прасякнутыя светлай журбой успаміны аб дзяцінстве, а таксама зімовае апавяданне Васіля Макарэвіча «Снежная рапсодыя».
Набыткі нашага камп'ютарнага веку патроху пранікаюць у літаратуру, ператвараючыся ў літаратурныя жанры: «Полымя» прадстаўляе запісы з Facebook Уладзіміра Сцяпана з лаканічнай назвай «Пра маму».
Буслянка на коміне, нястомны посах Язэпа Драздовіча — такія ёмістыя для кожнага беларуса вобразы вы знойдзеце ў падборцы Міколы Чарняўскага «З нябыту ў вечнасць». Новай падборкай, што носіць назву «Вершы вольныя будучых кніг», парадуе Віктар Шніп.
У рубрыцы «Спадчына» — частка невядомых раней твораў паэта Уладзіміра Марука, узятая з дзевяці сшыткаў, якія ў рэдакцыю часопіса калісьці прынесла яго дачка Вераніка.
У рубрыцы «Галасы свету» — пераклады апавяданняў сербскага пісьменніка Горана Петравіча, выкананыя мэтрам Іванам Чаротам, а таксама пераствораныя па-беларуску вершы турэцкага паэта Фетхулаха Гюлена.
Аматарам біяграфічных матэрыялаў будзе цікавы дзённік Міколы Лобана за 1946 год, артыкул Алеся Марціновіча «Балючыя струны жыцця і памяці», прысвечаны Таісе Бондар, і артыкул Лады Алейнік «Маштабнасць і шматграннасць» пра Івана Навуменку. Аб тым, «як «працуе» верш Барадуліна», вы даведаецеся, прачытаўшы артыкул Алеся Дуброўскага.
Рускамоўны «брат» «Маладосці» і «Полымя» часопіс «Нёман» атрымаўся таксама надзвычай змястоўным. Літаратурная частка змяшчае пераклады з беларускай — аповесць Уладзіміра Саламахі «Не цурайся веры сваёй» і вершы Рыгора Барадуліна. Васіль Макарэвіч, імя якога фігуруе ў лютаўскай «Маладосці», выступае таксама ў «Нёмане», але ўжо як аўтар вершаў.
Сяргей Лапцэвіч, Георгій Кісялёў, Алена Кошкіна, Алег Контуш, Васіль Мельнікаў, Мікалай Сердзюкоў — творы гэтых аўтараў чакаюць вас на старонках лютаўскага «Нёмана».
У часопісе вы знойдзеце інфармацыю пра Іосіфа Міхайлавіча Рогаля, аўтара знакамітай песні «Беларусачка». Тут жа змешчана падборка яго вершаў «Пошукі ў былым».
Сусветная літаратура ў «Нёмане» прадстаўлена раманам «Іезавель» Ірэн Неміроўскі — рускай пісьменніцы, якую ў бурлівыя рэвалюцыйныя часы лёс закінуў у Францыю, а таксама «Шалёным рукапісам» серба Драгана Лакічэвіча — зноў жа падарунак мэтра перакладу Івана Чароты. Тут жа вы знойдзеце выдатныя ўзоры кітайскай паэзіі.
«Нёман», як і «Полымя», узгадвае юбіляра Івана Навуменку і прадстаўляе вашай увазе ўспаміны яго сына Паўла Навуменкі.
Яшчэ адзін юбіляр — пісьменнік і кінадраматург Фёдар Конеў. Як і ў выпадку з Навуменкам, «Нёман» звяртаецца да сынавых успамінаў: пра бацьку распавядае Ягор Конеў.
Крытычны блок лютаўскага «Нёмана» — артыкул Уладзіміра Гніламёдава, прысвечаны паэзіі Віктара Шніпа, падборка якога, нагадваю, змешчана ў «Полымі».
Чытайце беларускае і не сумуйце. Вясна хутка!
У снежні 2014 года часопісу «Бярозка» споўнілася 90 гадоў.
І падаецца знакавай тая падзея, што менавіта са студзеня 2015 года «Бярозка» зноў пачала выходзіць як асобны часопіс. Прыгожы, каляровы і прытым адзіны ў нашай краіне цалкам беларускамоўны часопіс для падлеткаў.
Што ж чакае чытачоў на старонках лютаўскага нумара «Бярозкі»?
Па-першае, у часопісе шмат месца адведзена творам саміх юных аўтараў. Тут і вершы, і зімовыя замалёўкі, і нават сапраўднае апавяданне з элементамі містыкі «Прывід старога замка» Ірыны Радзіхоўскай, адзінаццацікласніцы з Мёршчыны.
На літаратурных старонках студзеньскага нумара «Бярозкі» чытачоў чакаюць вясёлы верш Міколы Чарняўскага «Зазнайка» і фантастычнае апавяданне Алены Беланожкі «Глобус Еўропы».
Ці хочаце яшчэ больш даведацца пра знакаміты беларускі твор «Тарас на Парнасе»? Рубрыка «Беларуская літаратура» дае такую магчымасць. А ў рубрыцы «КінаШкола» юныя чытачы пазнаёмяцца з тым, што ў першую чаргу неабходна ведаць будучаму рэжысёру, акцёру, прадзюсару, аператару.
Для аматараў жахаў у часопісе маецца спецыяльная «13-я старонка, альбо старонка прывіда». Так, не здзіўляйцеся, бо гэты прывід Аркашка і сапраўды маецца ў «Бярозцы», і нават залічаны на пасаду начнога вартаўніка. І таму будзе ў кожным з нумароў выказваць свае «прывідныя думкі».
Цікавых рубрык шмат, і пра ўсе іх нельга расказаць у адной невялічкай заметцы. Таму адзначу яшчэ толькі рубрыку «Гісторыя поспеху», дзе «Бярозка» гутарыць з самай юнай удзельніцай тэлеконкурсу «Я спяваю» ў 2014 годзе — Міланай Бародкай.
Тамара Сарачынская, Генадзь Аўласенка.
Што за таемнымі дзвярыма?