Вы тут

Tры расстрэлы і адно спальванне Вартыцка


Гэтая невялікая вёска ў Іванаўскім раёне таксама значыцца ў сумным хатынскім спісе. Яна адрадзілася, цяпер там жывуць людзі. Ёсць некалькі чалавек, якія старанна збіраюць і падтрымліваюць гісторыю паселішча. Сярод іх карэнны жыхар Вартыцка, былы дырэктар мясцовай школы Васіль Мікалаевіч ПЕРНАЧ.

[caption id="attachment_79709" align="alignnone" width="400"]OLYMPUS DIGITAL CAMERA Ва­сіль Пер­нач.[/caption]

Васілю ішоў пяты гадок, калі пачалася вайна. Але некаторыя страшныя моманты больш чым 70-гадовай даўніны ўсё ж урэзаліся ў дзіцячую памяць. Астатняе ён ведае ад бацькоў, суседзяў, сваякоў.

Васіль Мікалаевіч адкрывае спецыяльны сшытак, дзе запісаны асноўныя эпізоды гісторыі роднай вёскі, і няспешна расказвае, спасылаючыся на запісы:

— Вартыцк перажыў тры расстрэлы. Першы раз фашысты схапілі родных актывістаў калгаснага руху, якія пайшлі ўслед за фронтам. Гэтых людзей пагналі да лесу ля вёскі Агова і расстралялі там. 15 снежня 1941 года загінула каля трыццаці чалавек. З адной толькі сям'і Грэбяняў забілі траіх: Мікалая, Алену, Наталлю.

Другі расстрэл быў паказальным. На пустку сярод вёскі сагналі ўсіх яе жыхароў. Туды прывялі шэсць вяскоўцаў, якіх падазравалі ў сувязях з партызанамі. На вачах у суседзяў, жонак, дзяцей фашысты зверскі забілі жыхароў Вартыцка: П. Карповіча, М. Новіка, П. Сянюту, Л. Калачука, І. Мінзера. Кругом стаяў енк, стогн, плач, а паліцаі тым часам кінуліся здымаць боты з забітых. Гэта расказвалі потым бацькі Васіля Пернача.

І самай страшнай трагедыяй для Вартыцка стаў дзень 11 чэрвеня 1943 года. Людзі ўспаміналі, што летняй раніцай яны прачнуліся ад непрывычнага для іх гулу машын і крыкаў у мегафоны немцаў і паліцаяў. Усім загадвалі выходзіць з хат, браць з сабой правіянту на дзесяць сутак, казалі, што некуды павязуць. Ужо тады падчас збораў асобныя вяскоўцы зразумелі, што трэба хавацца ў лесе. І многім удалося ўцячы агародамі і па загуменнях. Тыя, каго выгналі, хутка ўсвядомілі, што нічога добрага іх не чакае. Зразумела гэта і 24-гадовая прыгажуня Марыя Бяссілка, якая ішла з пяцігадовай дачушкай. Маладая маці паспрабавала збочыць у жыта. Але немец заўважыў і выстраліў па ёй з аўтамата. Жанчына ўпала, а дзіця доўга тузала яе мёртвую і прасіла падняцца...

Некаторыя вяскоўцы паспрабавалі затаіцца ў хлеўчуках, іншых пабудовах і дапусцілі фатальную памылку — іх там спалілі зажыва.

Калі сталі падпальваць факеламі дамы, людзі канчаткова ўсвядомілі, што яны ахвяраваны на смерць. Тады сталі ўцякаць многія. Каму ўдалося дабегчы да лесу, той уратаваўся, некаторых дагналі кулі. Усяго загінулі 82 жыхары Вартыцка, спалілі ўсе 108 сядзіб.

Васіль Пернач з маці ішлі ў агульнай калоне ў кірунку на Моталь. У Псышчаве людзей дабавілася, калона расцягнулася на некалькі кіламетраў. Маці Васіля са сваімі дзецьмі і траімі суседскімі малымі пастукаліся ў першы ж мотальскі двор, папрасіла вады. Праз гэты двор яны выбеглі за хлеў і падаліся ў лес. Так выратаваліся. Васіль Мікалаевіч звярнуў увагу на такую акалічнасць. Звычайна карныя атрады з'язджалі пасля расправы над вёскай. А ля Вартыцка засталіся «дзяжурныя». Яны ведалі, што шмат жыхароў сышло ў лес, таму перыядычна наязджалі, і расстрэльвалі тых, хто з'яўляўся ў ваколіцы. А людзей цягнула на роднае папялішча, нехта спадзяваўся знайсці жывых родных, іншыя шукалі ацалелыя рэчы.

«Вось такая людаедская сутнасць фашызму», — падсумаваў свой цяжкі аповед Васіль Пернач.

— І не толькі людзі вярталіся на папялішча, — гаворыць Галіна ШУЛЯК, настаўніца Псышчаўскай школы. — Бабуля расказвала, што было страшна, калі ў спаленую вёску вярнуліся з лесу каровы, коні, свінні, сабакі. Яны бегалі вакол печаў, што тырчалі з попелу, і раўлі на ўсе галасы. Гэта жудасная карціна...

Галіна Васільеўна выкладае гісторыю і кіруе школьным музеем. Разам з вучнямі яны ў свой час запісалі ўспаміны ўсіх жыхароў Вартыцка, а таксама суседніх вёсак, якія памяталі тыя трагічныя дні. Цяпер ужо многіх няма ў жывых, а іх успаміны беражліва захоўваюцца на паліцах музея. Для Галіны Шуляк каштоўнай крыніцай інфармацыі паслужылі таксама яе бабуля і родная цётка Настасся Захараўна Голік. Абедзве яны перажылі трагедыю вёскі. Цётка расказвала, як адна дзяўчына з іх вёскі ў апошні момант схавалася пад вялікія драўляныя начоўкі ля калодзежа. Так і праляжала, пакуль стралялі ды палілі. Вылезла, калі карнікі з'ехалі, усё сціхла. Людзі спачатку не зразумелі, чаму яна дзіўна паводзіць сябе, а потым стала відавочна, што няшчасная не ў сваім розуме. Яна хутка ссівела, а потым некуды сышла, больш яе ніхто і не бачыў...

Настаўніца гартае ўспаміны аднавяскоўцаў, у якіх занатавана трагедыя Вартыцка. Вось запісы са слоў Надзеі КРЫВЕЦКАЙ: «Мне было тады 15 гадоў. Мы жылі ў Вартыцку, але мелі свой хутар. І былі тады ўсёй сям'ёй на хутары. Калі пачулі стральбу і ўбачылі дым, бацька запрог каня, пасадзіў усіх і павёз углыб лесу. Там ужо хаваліся іншыя людзі. Бацька зрабіў шалаш з галін дрэў. Туды паклалі дзяцей, а дарослыя начавалі пад возам. Так мы перажылі страшныя дні. А далей таксама было вельмі цяжка».

Вось што запісалі з расказаў Валянціны КОЗЕЛ: «Помню, як мы, дзеці — я, мая сястра Вольга, брат Сяргей — беглі, хутчэй за ўсё да лесу. Па нас пачалі страляць. Вользе прастрэлілі пазногці на руках, а ёй здавалася, што яе б'юць пугай па пальцах, яна крычала. А брат доўга не змог бегчы, стаміўся і прылёг пад кустом. Нас дагнаў паліцай і выстраліў Сярожу ў жывот... А перад гэтым брат устаў ранкам і расказаў сон: ён прысніў, што яго расстралялі...»

Галіна Шуляк асобныя ўрокі гісторыі ва ўсіх класах праводзіць у музеі. Яна перакананая, што цяперашнія дзеці павінны добра ведаць тое, што перажылі іх прадзеды.

Святлана ЯСКЕВІЧ. Фота аўтара.

Іванаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.