Вы тут

Мірнае «Дняпроўскае пабоішча»


У Магілёўскай вобласці вядзецца маштабная падрыхтоўка да Дня Перамогі

Калі ўсё, што запланавалі мясцовыя ўлады, здзейсніцца, рэгіён будзе не пазнаць. У праграме — рамонты, маштабнае азеляненне, адкрыццё новых помнікаў, падрыхтоўка да вялікай тэатралізаванай праграмы. Прычым шмат чаго будзе рабіцца на грамадскіх пачатках — спадзяванні на сумленнасць жыхароў вобласці. Хочацца, каб кожны зрабіў свой унёсак у Вялікую Перамогу.

18-34

Магілёўшчына патоне ў садах

Падчас акцыі БРСМ «Сады Вялікай Перамогі» ў Клімавіцкім раёне пасадзілі 70 яблыневых саджанцаў, устанавілі памятны камень і заклалі капсулу з пасланнем да нашчадкаў. Наогул, на Магілёўшчыне моладзь збіраецца і пасадзіць новыя сады, і ўзяць шэфства над ужо існуючымі, асабліва над тымі, якія знаходзяцца ва ўласнасці ветэранаў. Незвычайны падыход да «садовай» акцыі — у Слаўгарадзе. Тут вырашана пасадзіць усяго 7 дрэў, але рукамі сужэнцаў, якія крочаць разам па жыцці 10 гадоў. А яшчэ, як паабяцаў першы сакратар абкама БРСМ Павел Алекса, у адным з раёнаў закладуць сад у выглядзе лічбы 70, якая будзе чытацца з вышыні птушынага палёту.

Ветэраны ж збіраюцца разам са сваімі ўнукамі і праўнукамі пасадзіць ліпавую алею ў гонар 70-годдзя Перамогі на Буйніцкім полі. Дрэвы ўпрыгожаць сцяжынку ад капліцы да каменя Канстанціну Сіманаву.

Рэканструкцыя бою на вадзе

У Магілёве вядзецца падрыхтоўка да грандыёзнай рэканструкцыі бою на рацэ Днепр.

— Тэатралізаванае дзеянне будзе праходзіць і на вадзе, і на зямлі, і ў паветры, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Удзел у ім прыме каля 3 тысяч чалавек. Акрамя батальных сцэн, яны прадэманструюць паветраны бой, прысвечаны гераічнаму подзвігу лётчыка Мікалая Цярохіна, які здзейсніў двайны таран.

Па задумцы арганізатараў, імправізаваная сцэна размесціцца пасярэдзіне Дняпра. Удзельнікаў будуць падвозіць да яе на пантонах, некаторыя спусцяцца на парашутах. Гледачы змогуць убачыць сапраўднае эпічнае палатно з рэканструкцыяй баёў, фарсіраваннем Дняпра, святкаваннем Вялікай Перамогі. У «баявых» сутычках прымуць удзел у тым ліку і ваенныя, будзе задзейнічана таксама спецыялізаваная тэхніка і самалёты.

Каб стварыць умовы для прагляду гэтага відовішчнага прадстаўлення, плануецца да 8 мая навесці ўзорны парадак на ўчастку набярэжнай Дняпра ад моста па Пушкінскім праспекце да вяслярнай станцыі. Як адзначыў мэр горада Уладзімір Цумараў, да 8 мая тут будуць адрамантаваны ўсе пешаходныя дарожкі і зроблена неабходнае асвятленне, добраўпарадкавана берагавая частка, прыведзены ў парадак гарадскі пляж, пасаджаны клумбы і ўведзены ў строй прычал на тры катэры.

У гонар пацярпелых ад вайны маці, удоў і дзяцей

Такі помнік з'явіўся ў Клімавічах. Грошы на яго збіралі ўсім горадам. Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Пракоф'ева, з ініцыятывай выступіў ветэран вайны Ілья Фядоценка. Ён лічыць, што на дзіцячыя і жаночыя плечы падчас вайны ляглі не менш цяжкія выпрабаванні, чым на салдат. Ветэран асабіста ўнёс 3 мільёны рублёў на гэты помнік.

Вялікая рэканструкцыя чакае мемарыяльны комплекс на месцы былога канцлагера па праспекце Шміта ў Магілёве. Да 1 мая скончыцца толькі першы яе этап. Капітальны рамонт мемарыяла абыдзецца гораду прыкладна ў 2,8 мільярда рублёў.

Да Дня Вялікай Перамогі будзе наведзены ўзорны парадак на ўсіх воінскіх пахаваннях Магілёўшчыны. Па словах начальніка напрамку ідэалагічнай працы і сацыяльнай абароны абласнога ваеннага камісарыята Сяргея Бажкова, на 1 студзеня на тэрыторыі вобласці знаходзілася 1563 воінскія пахаванні. Свой апошні прытулак тут знайшлі больш за 320 тысяч удзельнікаў вайны. Імёны амаль 268 тысяч з іх дагэтуль невядомы.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.