Вы тут

Неаспрэчная ісціна назаўжды


У нашай гісторыі не было больш яркай і вялікай падзеі, чым перамога над фашызмам

Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

8-57

«Увесь свет у неаплатным даўгу перад подзвігам савецкага народа, які заплаціў за Перамогу неймаверна высокую цану — жыцці трыццаці мільёнаў чалавек. Тых, хто загінуў або памёр ад ран, хто закатаваны ў фашысцкіх засценках і лагерах, хто зажыва спалены, як у Хатыні, або расстраляны карнікамі, хто памёр ад голаду і холаду ў блакадным Ленінградзе або ад непасільнай працы ў глыбокім тыле», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што дзякуючы мужнасці і гераізму савецкага салдата для еўрапейскіх народаў завяршылася Другая сусветная вайна, якая доўжылася амаль шэсць гадоў, краіны Еўропы атрымалі свабоду і незалежнасць, магчымасць самастойна вызначаць свой шлях развіцця.

Аляксандр Лукашэнка аддаў даніну павагі і выказаў словы ўдзячнасці ў адрас тых, хто ваяваў на баку саюзнікаў — краін антыгітлераўскай кааліцыі, актывістаў антыфашысцкага Супраціўлення. «Яны ўнеслі свой уклад у барацьбу з фашызмам. Другі фронт, адкрыты ў 1944 годзе, сур'ёзна дапамог дабіць ворага ў яго логаве. Але гістарычная праўда ў тым, што вядучую і асноўную ролю ў агульнай антыфашысцкай барацьбе адыграў Савецкі Саюз. Працягласць савецка-германскага фронту ў чатыры разы пераўзыходзіла ўсе разам узятыя заходнія франты», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што Беларусь першая прыняла на сябе страшны ўдар ворага, але не здалася, а стала жывым шчытом на шляху агрэсара. Яшчэ да адкрыцця Другога фронту пад кантролем партызан ужо знаходзілася 60% захопленай фашыстамі тэрыторыі Беларусі, а амаль 38 тысяч квадратных кіламетраў былі цалкам свабоднымі ад праціўніка, што можна па памерах параўнаць з тэрыторыяй Нідэрландаў або Бельгіі. У той жа час у радах Чырвонай Арміі змагалася больш за 1,3 млн ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх — больш за дзвесце генералаў і адміралаў. Высокага звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены чатыры з паловай сотні суайчыннікаў.

«Мы ніколі не здрадзім памяці мільёнаў людзей — салдат і мірных жыхароў, якія загінулі ад рук нацыстаў. Ніхто не забыты і нішто не забыта! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы не забыліся, што ў Беларусі загінуў кожны трэці. Была знішчана большая частка нашых нацыянальных багаццяў, разбурана больш за 200 гарадоў і больш за 9 тысяч вёсак. На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі 260 лагераў смерці і 170 гета. Толькі адзін размешчаны пад Мінскам канцлагер Трасцянец забраў жыцці больш як 200 тысяч савецкіх людзей і грамадзян Еўропы».

Паводле слоў Прэзідэнта, святкаванне 70-годдзя Перамогі — гэта момант ісціны. «У гэтыя дні, аглядаючыся на мінулае, мы ацэньваем і сучаснае. Перамога патрабуе ад нас адзінства, з'яднанасці наследнікаў савецкага народа. Але праз дзесяцігоддзі сярод нас, кіраўнікоў і палітыкаў, з'явіліся так званыя бухгалтары, якія мараць падзяліць Перамогу па ўдзельнай вазе нацыянальнасцей. Ужо нават спрачаюцца: які працэнт у Перамозе рускай, украінскай, казахскай, грузінскай, узбекскай крыві», — канстатаваў беларускі лідар.

«Гэта інсінуацыі, і адказ на іх просты: нацызм знішчылі не рускія і беларусы, не ўкраінцы і грузіны, не казахі і ўзбекі. Вялікую Перамогу падарыў нам вялікі савецкі народ!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паміраючы ў Брэсцкай крэпасці і Ленінградзе, змагаючыся пад Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе і Дняпры, вызваляючы Беларусь і Заходнюю Еўропу, штурмуючы Берлін, савецкія салдаты не думалі пра нацыянальнасць. «Яны былі адзіныя, узнімаючы Сцяг Перамогі. Значыць, і Перамога была адзіная і будзе заўсёды непадзельная!» — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

«Мы заўсёды павінны помніць: Перамога — гэта святое! І дакранацца да яе можна толькі чыстымі рукамі і з чыстай душой, — падкрэсліў беларускі лідар. — Гісторыю трэба шанаваць, паважаць, рабіць вывады, атрымліваць урокі. Яе нельга прыстасоўваць да сучаснасці з мэтай рэйтынгаў, апраўдання памылак і пралікаў у палітыцы».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ліхія 90-я гады мінулага стагоддзя на постсавецкай прасторы значна аслабілі ўвагу да Перамогі і пераможцаў, дазволілі аддаць забыццю подзвіг савецкага народа. «Адны гэта рабілі з прычыны «страты памяці і разважлівасці». Іншыя, каб не пакрыўдзіць сучасную Германію, не агучвалі такія паняцці, як нацызм, фашызм і генацыд, што прысутнічалі ў гады Другой сусветнай вайны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«У нашых краінах, якія ўтварыліся на папялішчы Савецкага Саюза, з'явілася палітычная шпана, якая вырашыла перапісаць старонкі гісторыі і Вялікай Айчыннай вайны пад дыктоўку заходніх рэвізіяністаў і мясцовых нацыяналістаў», — заявіў Прэзідэнт Беларусі. Сучасную моладзь спрабуюць пераканаць у тым, што не фашысты развязалі тую страшную вайну, а Савецкі Саюз, называюць герояў Супраціўлення і партызан бандытамі, а памагатых нацыстаў і паліцаяў — патрыётамі. «Гэтыя так званыя патрыёты палілі людзей і іх дамы цэлымі вёскамі і гарадамі, гвалтавалі жанчын, забівалі дзяцей і старых», — заўважыў беларускі лідар.

«Ніхто не мае права забывацца на суровую праўду той вайны! Тым больш — чарніць светлае імя воіна-вызваліцеля і вялікія сімвалы, глуміцца з помнікаў і воінскіх пахаванняў. Гісторыю трэба ведаць, а яе ўрокі — памятаць. Хто гэтага не робіць, той асуджае сябе на паўтарэнне самых трагічных памылак», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра Беларусь, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне нікому не дазволілі фальсіфікаваць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. «Мы з хваляваннем і беражліва ставімся да яе, таму што гэтая вайна стала для беларускага народа небывалай праверкай на трываласць. Нельга забывацца, што тыя, хто чэрніць Вялікую Перамогу, спрабуюць адабраць у нас пачуццё нацыянальнага гонару, чалавечую годнасць і ўпэўненасць у будучыні», — сказаў Прэзідэнт.

«Праз 70 гадоў пасля Другой сусветнай вайны ў Еўропе зноў запахла гарам. І самае жудаснае, аб чым і думаць не маглі пераможцы, а таксама мільёны забітых, закатаваных у фашысцкіх засценках, спаленых у канцлагерах, што мы, іх наследнікі, будзем страляць адзін у аднаго, брат пойдзе на брата і будзе яго знішчаць! Але гэта здарылася, здарылася на зямлі, палітай крывёю пераможцаў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Жудасны «падарунак» загінулым і жывым! Страшны боль для ветэранаў!»

«Беларусь ужо нямала зрабіла для таго, каб на ўкраінскую зямлю прыйшоў мір. І мы гатовы зрабіць для гэтага яшчэ больш — усё, што спатрэбіцца, каб спыніць гэтую вайну. Калі мы, славяне, самі не дамовімся, самі не вырашым, што нам рабіць, то ніхто іншы нам не дапаможа», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, тысячагадовая гісторыя навечна з'яднала тры родныя народы: беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. «Трагічныя падзеі ў нашых братоў — гэта наш боль», — падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы пра Дзень Перамогі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правядзенне парадаў і іншых святочных мерапрыемстваў — добрая традыцыя і ветэраны гэта цэняць. «Але, па вялікім рахунку, мы аказаліся дрэннымі наследнікамі тых, хто перамог у той вайне. Мы не выратавалі, не ўтрымалі тую краіну, якую яны абаранялі і, больш за тое, развязалі на гэтай славянскай зямлі недаравальную нам вайну. І чым раней мы гэта ўсвядомім і зробім усё неабходнае, каб яе спыніць і пакаяцца, пакуль яшчэ жывыя не толькі ветэраны, але і ўдзельнікі вайны, тым лепш будзе для нашага пакалення», — сказаў Прэзідэнт.

«Для нашага народа галоўнымі нацыянальнымі каштоўнасцямі з'яўляюцца мір, незалежнасць, грамадская згода і стабільнасць. У нас няма ворагаў. Мы ніколі нікому не пагражалі і ніколі не будзем гэтага рабіць. Але сваю незалежнасць, мір на нашай зямлі мы гатовы абараняць і адстойваць у любых умовах. У Беларусі хопіць палітычнай волі, сіл і сродкаў, каб рашуча спыніць любыя спробы ўмяшання ў яе ўнутраныя справы», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што некаторыя краіны і сёння дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, а палітыка націску і эканамічнага шантажу даўно стала штодзённасцю. «Больш за тое, уладныя людзі падбухторваюць да ваенных канфліктаў у розных кропках зямнога шара. Зброя становіцца аргументам у адстойванні эканамічных інтарэсаў асобных звышдзяржаў. Узрастае іх ваенная актыўнасць, праводзяцца манеўры і вучэнні, нарошчваюцца ўзбраенні, назапашваецца ваенны патэнцыял каля нашых граніц», — адзначыў Прэзідэнт. «Усё гэта не садзейнічае ўмацаванню міру, выклікае новыя пагрозы і дэстабілізуе становішча», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі паважаюць права кожнай дзяржавы выбіраць уласны шлях развіцця і маюць права чакаць у адказ павагі да шляху, які выбраў беларускі народ.

«У нашай гісторыі не было больш яркай і вялікай падзеі, чым перамога над фашызмам. І пакуль людзі помняць гэта і ганарацца подзвігам пакалення, якое адстаяла незалежнасць нашай Радзімы, выратавала свет ад фашызму, мы ў бяспецы», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Паводле БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.