Вы тут

Мой фільм пра вайну


Не так даўно на стыку кіно і літаратуры нарадзілася новая форма самавыяўлення — буктрэйлеры, асабліва папулярная ў моладзі. Гэта своеасаблівыя відэаанатацыі да кніг, якія выклікаюць у гледача зацікаўленасць літаратурным творам.

Мінскі гарадскі камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прапанаваў юнакам і дзяўчатам праявіць сябе ў майстэрстве стварэння такіх ролікаў паводле сваіх любімых твораў пра вайну. Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы падводзілі вынікі рэжысёрскай працы моладзі. Дарэчы, з усімі ролікамі ўдзельнікаў можна пазнаёміцца ў групе «Мой фільм пра вайну» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», бо, як вядома, лепш аднойчы пабачыць, чым сто разоў пачуць.

Без сумнення, у кожным з ролікаў адчуваецца аўтарскае «я», свой погляд на тое, як зацікавіць чытача творамі ваеннай тэматыкі. Нехта карыстаўся ўрыўкамі з вядомых кінастужак, спрабуючы «ўзяць» спецэфектамі, нехта сам «экранізаваў» найбольш вядомыя сцэны з кніг, а хтосьці падыходзіў да справы лаканічна (але не значыць — няякасна!) і проста зачытваў урыўкі з твораў, выкарыстоўваючы ў якасці фону гістарычныя фотаздымкі.

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш як 200 чалавек са 127 ролікамі. На фінал з'ехаліся аўтары найлепшых відэа: школьнікі, студэнты і маладыя спецыялісты, якія здымалі буктрэйлеры. Як распавялі арганізатары, найбольшую ўвагу атрымалі такія аўтары, як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Міхаіл Шолахаў.

— Наш конкурс у пэўным сэнсе інавацыйны, — зазначыў падчас мерапрыемства першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юрый ЧАЧУКЕВІЧ. — Яго старт быў дадзены ў лютым, і вось цяпер мы сабраліся, каб адзначыць найлепшых. Мы вельмі часта гаворым пра мадэрнізацыю, маючы на ўвазе беларускую эканоміку, але, на нашу думку, яна павінна закрануць і сферу патрыятычнага выхавання. Такія конкурсы, як гэты, дапамогуць нам рухацца наперад.

— Нам было вельмі цікава папрацаваць у такім незвычайным фармаце, — распавяла Ганна АЛЯШКЕВІЧ, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая разам з сяброўкамі зняла ролік паводле кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча». — На выбар твора, магчыма, паўплывала тое, што МДЛУ традыцыйна з'яўляецца «дзявочай» ВНУ, таму нас хвалявала тая праблема, якую ўзняла аўтар. І мы шчыра лічым, што жанчынам на вайне трэба было праяўляць яшчэ большую мужнасць, чым салдатам-мужчынам. У гэтым і заключаецца галоўная ідэя нашага роліка.

Пасля ўзнагароджання пераможцаў Юрый Чачукевіч перадаў кампакт-дыск з усімі ролікамі на захаванне ў Нацыянальную бібліятэку, а таксама паабяцаў, што ў хуткім часе будзе аб'яўлены новы конкурс буктрэйлераў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.