Вы тут

«Belarus N» — тое, што турысту трэба


Маршруты на карце і ў рэжыме анлайн.

Беларусь з'яўляецца папулярнай транзітнай тэрыторыяй, бо менавіта праз нас праходзяць шляхі з Еўропы ў Азію і назад. А гэта прадугледжвае вялікую колькасць патэнцыйных турыстаў, здольных прынесці прыбытак краіне. Застаецца іх толькі зацікавіць, каб адмовіліся ад ужо існуючых маршрутаў на карысць новых, якія пакажуць Беларусь сучаснай краінай з багатай гісторыяй і традыцыямі. Для гэтага, з аднаго боку, плануецца стварыць тэматычныя шляхі і зручны візавы рэжым, з другога — Нацыянальны інтэрнэт-партал, які дазволіць «узаемадзейнічаць» з маршрутамі анлайн. Вось і атрымліваецца, што арганізоўваць турыстычную інфраструктуру трэба адразу ў дзвюх рэчаіснасцях.

28-34

Падарожжа пачнецца з запраўкі

Па словах намесніка генеральнага дырэктара «Беларуснафты» Сяргея Каморнікава, больш за 350 тысяч аўтамабілістаў штодзённа наведваюць сетку АЗС. Менавіта таму на 545 запраўках плануецца стварыць інфармацыйныя і рэсурсныя цэнтры для турыстаў. А ўжо адтуль і пачнецца падарожжа па тэматычным маршруце. Яго каардынатарамі могуць выступаць любыя арганізацыі, гатовыя наладзіць працу і прасоўваць яго. Напрыклад, калі вы ўладальнік сядзібы ці прыдарожнага сэрвісу, то можаце скаардынавацца з праграмай, якая, дарэчы, называецца «Belarus N», і прапанаваць свае паслугі і маршрут, што будзе прывабны для наведвальнікаў гістарычным і культурным бокам. Гэта павінна стаць самаакупным бізнес-праектам і спрыяць умацаванню іміджу краіны і кампаніі-арганізатара.

«Усе пункты маршруту будуць аб'яднаны адной ідэяй. Мы хочам, каб маршрут быў інтэрактыўным і цікавым для дарослых і дзяцей. Для гэтага і патрэбна адпаведная тэматыка і ўнікальны сэрвіс. Сёння ўжо некалькі дзясяткаў маршрутаў у стадыі актыўнага праектавання», — адзначыў Сяргей Каморнікаў.

Праект дазволіць аб'яднаць намаганні турфірмаў і мясцовай улады. Яго анансавалі сёлета ў канцы мая. За гэты час ён ужо паспеў атрымаць падтрымку на дзяржаўным узроўні. Распрацоўшчыкі чакаюць, што праект уключаць у Дзяржаўную праграму па развіцці турызму ў Беларусі на 2016-2020 гады. Цяпер ужо рыхтуецца 16 такіх маршрутаў. Чакаецца, што першыя з іх стартуюць з выкарыстаннем інтэрнэт-платформы ўжо сёлета восенню. Налета іх колькасць дойдзе да 50.

Партал у інтэрактыўны свет

Аб'яднацца ўсім маршрутам дапаможа адзіны інтэрнэт-партал, які стане інфармацыйным фундаментам праграмы. Ён дазволіць браніраваць і аплачваць паездку, размяшчацца ў гасцініцах або сядзібах, пакідаць водгукі аб сэрвісе. Акрамя таго, прадугледжана спецыяльная мабільная праграма, якая павінна спрасціць працу з парталам і дапамагчы бачыць сваё месцазнаходжанне на смартфоне.

Па словах намесніка міністра спорту і турызму Міхаіла Партнога, стварэнне нацыянальнага інтэрнэт-партала прадугледжана канцэпцыяй Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Беларусі на 2016-2020 гады.

«На жаль, Беларусь у турыстычным свеце не зусім вядома, але за кошт партала гэта можна выправіць. Ён будзе выконваць дзве асноўныя функцыі. Гэта інфармацыйная, стварэнне станоўчага іміджу дзяржавы, а таксама падача нашага турыстычнага прадукту ў прыгожай упакоўцы, а нам ёсць што прапанаваць патэнцыйнаму спажыўцу», — растлумачыў Міхаіл Партны.

Гаворачы аб праграме «Belarus N», намеснік міністра звярнуў увагу, што праект таксама ўпісваецца ў канцэпцыю дзяржпраграмы развіцця турызму на бліжэйшыя пяць гадоў.

«У канцэпцыі праграмы адзначана, што дзяржава будзе падтрымліваць уязны і ўнутраны турызм. Праект «Belarus N» — гэта мініяцюра нашай новай праграмы развіцця турызму. Таму Мінспорту падтрымлівае гэтую ідэю і дапаможа практычна яе рэалізаваць», — адзначыў Міхаіл Партны.

Як стала вядома, гэта праграма будзе гатова праз паўтара месяца. У ёй будуць раздзелы, якія тычацца кадравай палітыкі, маркетынгу, мерапрыемстваў па нарматыўным прававым забеспячэнні. Яна будзе пабудавана на аснове Генеральнай схемы размяшчэння зон і аб'ектаў аздараўлення, адпачынку і турызму Беларусі да 2030 года. У аснову будзе закладзена развіццё лакальных зон — турысцка-рэкрэацыйных паркаў, курортных тэрыторый.

Тры дні без візы

Адным з крокаў, які дапаможа прыцягнуць турыстаў, з'яўляецца ўвядзенне бязвізавага рэжыму ўезду на тры дні. Па словах выканаўцы абавязкаў дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Рыгора Памяранцава, гэтае пытанне ўжо знаходзіцца на стадыі абмеркавання, і ў любым выпадку ў яго ёсць вялікі патэнцыял, які можна бачыць на прыкладзе іншых краін. Ён таксама нагадаў, што нядаўна падпісаны ўказ аб магчымасці бязвізавага знаходжання грамадзян Кітая ў Беларусі да трох сутак.

«Над краінай кожную хвіліну пралятае вялікая колькасць лайнераў з замежнымі турыстамі, бізнесменамі на борце. У нас ёсць выдатны аэрапорт — трансферны вузел — і авіякампанія. Калі прыцягнуць у якасці турыстаў хаця б 3-4% авіяпасажыраў, мы будзем больш эфектыўна выкарыстоўваць транзітны патэнцыял», — дадаў Рыгор Памяранцаў.

У грамадзян іншых краін у гэтым выпадку з'яўляецца магчымасць не проста чакаць свайго вылету ў аэрапорце або адбыцця на вакзале, у іх з'яўляецца магчымасць пазнаёміцца з усёю прыгажосцю Беларусі. Наяўнасць тэматычных маршрутаў значна лепш прадэманструе гісторыю і культуру, чым стэрэатыпнае наведванне музеяў. Каб прыцягнуць замежных грамадзян, зацікавіць іх застацца на пару дзён менавіта ў нашай краіне, па словах распрацоўшчыкаў праграмы «Belarus N», патрэбен новы падыход да стварэння турыстычнай інфраструктуры.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.