Вы тут

Якая будучыня ў айчыннай спажыўкааперацыі?


Напярэдадні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы са старшынёй праўлення Белкаапсаюза Валерыем Івановым распарадзіўся перагледзець работу сістэмы спажыўкааперацыі ў краіне. Прэзідэнт даручыў звярнуць увагу на штат арганізацый Белкаапсаюза ў раёнах, які павінен адпавядаць аптымальнай колькасці, што, у сваю чаргу, уплывае і на эфектыўнасць работы ў цэлым. Кіраўнік дзяржавы вызначыў, што Белкаапсаюз павінен заставацца канкурэнтным, бо ў штучным утрыманні на плаве такой арганізацыі папросту няма сэнсу. Які стан і перспектывы спажывецкай кааперацыі Беларусі, высвятляў карэспандэнт «МС».


Знайсці сваё месца

Падчас рабочай сустрэчы Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне ўвесь час, з пункту гледжання спажыўкааперацыі, «ваююць за месца пад сонцам» пад наступленнем прыватных гандлёвых арганізацый. Прычым наступаюць яны не толькі ў напрамку горада, але і вёскі.

Напрыклад, «Еўраопт» актыўна заняўся работай на сяле яшчэ некалькі гадоў таму. У 2018-м у планах сеткі адкрыць на вёсцы не менш за 200 стацыянарных крамаў. У кампаніі адзначаюць, што гатовыя адкрыць гандлёвыя пункты ў любой вёсцы з колькасцю насельніцтва ад 400 чалавек.

Удалы эксперымент прыходу буйнога рытэйлера ў цэлы раён ужо можна адзначыць на прыкладзе Аршанскага. Менавіта там, дзе не справілася кааперацыя. Кампанія «Еўрагандаль» змагла рэалізаваць праект па перадачы больш як 30 гандлёвых плошчаў, што раней належалі Белкаапсаюзу пад стварэнне сваіх крамаў. Гэты вопыт палічылі паспяховым і ў перспектыве могуць распаўсюдзіць для падтрымання ўзроўню гандлю ў вёсцы.

Таксама ў сярэдзіне жніўня кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава паведаміла, што Белкаапсаюз плануе да канца года падаць заяву ў суд аб банкруцтве Аршанскага райспажыўтаварыства і яго ліквідацыі з-за таго, што ў сферы гандлю не выконваецца сацыяльны стандарт па забяспечанасці насельніцтва гандлёвымі плошчамі. А гэта зноў жа сведчыць, што арганізацыя губляе свае пазіцыі.

Аднак кіраўнік Белкаапсаюза працягвае сцвярджаць, што ў сельскай мясцовасці шчыльна заняць нішу гандлю вельмі цяжка. А калі нехта зробіць, то спажыўкааперацыю «гэта зусім не хвалюе, а толькі падганяе да лепшай работы».

«Нагнятанне абстаноўкі, невядома дзеля чаго. Дзе хоць адзін пункт грамадскага харчавання ў вёсцы? Дзе на сяле адкрылася добрая прыватная сталовая? Няма такога. А ў нас амаль 1000 такіх сталовых у вёсцы», — заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» Валерый Іваноў.

Варта адзначыць, што шмат у чым раней гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ў вёсцы залежала ад Белкаапсаюза. Сёння спажывецкая кааперацыя з'яўляецца важным сектарам эканомікі краіны, якая абслугоўвае больш за 3,4 мільёна чалавек і практычна ўсё сельскае насельніцтва. Дробны гандаль з'яўляецца галоўным кірункам работы кааперацыі, доля якога ў агульным аб'ёме яе дзейнасці складае 70 %. Белкаапсаюзу належыць 19 % гандлёвых плошчаў крамаў краіны. У той жа час існуючы патэнцыял спажывецкая кааперацыя выкарыстоўвае недастаткова.

Гатовыя несці страты?

Па словах Валерыя Іванова, ні адна гандлёвая сетка не дае столькі паслуг насельніцтву, як спажыўкааперацыя. А вось якасць паслуг, іх колькасць, кошт — над гэтым трэба працаваць. «Замяніць спажыўкааперацыю на сёння ў поўным аб'ёме і з поўнай заменай яе функцый нейкай іншай арганізацыяй праблематычна», — адзначыў у інтэрв'ю кіраўнік арганізацыі.

Пры гэтым спажыўкааперацыя працягвае несці страты па шэрагу сваіх кірункаў. Аднак у Белкаапсаюзе не збіраюцца закрываць стратныя гандлёвыя аб'екты на вёсцы.

«Мы вырашылі, што за кошт нейкіх іншых пытанняў, прыбытковых, будзем утрымліваць такія гандлёвыя пункты. Іх 2000. Адначасова закрыць — гэта будзе няправільна. У гэтым заключаецца адна з сацыяльных функцый спажыўкааперацыі», — адзначыў кіраўнік Белкаапсаюза.

Аднак пры гэтым не ідзе гаворка пра тое, каб змяніць мадэль гандлю, як гэта зрабіў сёння ў сельскай мясцовасці той жа «Еўрагандаль». Арганізацыя нядрэнна працуе і ў вёсцы. Што перашкаджае пераняць гэты вопыт Белкаапсаюзу?

Цана і асартымент на ўзроўні?

Не на карысць работы кааперацыі сведчыць і той факт, што прыватнікі сёння часта прапануюць пакупніку як лепшы асартымент, так і нізкія цэны. Цэнавы фактар і якасць абслугоўвання для апошніх з'яўляюцца вызначальнымі, каб аддаць сваю перавагу крамам буйных прыватных кампаній, нягледзячы на іх аддаленасць ад дома.

Між тым, як адзначыў Валерый Іваноў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1», сцвярджэнне, што ў сістэме спажыўкааперацыі цэны вышэйшыя, чым у прыватных структур — з'яўляецца неабгрунтаваным.

«Такога няма. Цэны не вышэйшыя, чым у любой іншай сетцы, а ў пераважнай большасці выпадкаў ніжэйшыя. Мы выкарыстоўваем гандлёвую надбаўку 23 %, а ў цэлым па краіне — каля 30 %», — паведаміў кіраўнік Белкаапсаюза.

У арганізацыі максімальна перанялі фармат работы буйных рытэйлераў. Дызайн і сістэма работы шмат у чым адпавядае прыватным сеткам. Між тым людзі працягваюць указваць менавіта на цэнавы фактар. Мабыць, спажыўкааперацыі неабходна пераняць і мадэль зносін з пастаўшчыкамі, каб вырашыць гэтае пытанне?

Нарыхтоўка па ўсіх франтах

Гандлёвыя пункты Белкаапсаюза выконваюць функцыю нарыхтоўшчыка. Такую паслугу не можа прапанаваць ні адзін прыватнік. У сістэме дзейнічаюць 750 пунктаў па закупцы ў насельніцтва больш як 30 відаў сельгаспрадукцыі і сыравіны — усяго таго, што яно можа здаць.

Між тым жыхары краіны таксама скардзяцца і на нарыхтоўку. Людзі сёння не асабліва імкнуцца здаваць вырашчаную плодаагароднінную прадукцыю з-за нізкай закупачнай цаны.

Вось і атрымліваецца, што ў жніўні ў СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, нібыта Белкаапсаюз мае намер нарыхтаваць сёлета не менш за 100 тысяч тон яблыкаў. У сваю чаргу ў канцы верасня ў інтэрв'ю праграмы «Гутарка ў Прэзідэнта» Валерый Іваноў агучыў вынік нарыхтоўкі яблыкаў толькі больш за 50 тысяч тон.

«Што датычыцца цэн на прадукцыю, то яны не ніжэй мінулых гадоў, а ў некаторых выпадках вышэй. Раннія яблыкі закупляліся па 0,04 рубля за кілаграм, затым цэны павялічыліся да 0,06—0,08 рубля. Невысокі кошт звязаны з нізкім выхадам карыснага прадукту. З 10 кілаграмаў пладоў атрымліваецца адзін літр соку. Рэнтабельнасць не перавышае 2-3 %», — паведаміў кіраўнік спажыўкааперацыі.

Спісваць арганізацыю з рахункаў, вядома ж рана. Занадта шырокае яе поле дзейнасці і занадта шмат людзей уцягнута. Аднак Белкаапсаюз застанецца на плаве толькі ў тым выпадку, калі ён будзе не даганяць буйных прыватных рытэйлераў, а ўкараняць апошнія тэндэнцыі ў гандлі самастойна і раней за канкурэнтаў.

Яшчэ не так даўно спажыўкааперацыя была практычна манапалістам у нішы гандлю. Але калі з'явіліся канкурэнты, якія ўкаранялі новы дызайн крамаў, іншую якасць абслугоўвання і змянілі саму мадэль спажывання, кааперацыя згубіла гэты момант. І толькі калі канкурэнцыя істотна паўплывала на скарачэнне прыбытку, стала зразумела, што Белкаапсаюзу таксама трэба перабудоўвацца. Быць можа час змяніць тактыку і паспрабаваць працаваць на апярэджанне?

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Сезон нарыхтовак... і час перамен

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.