Вы тут

У Паўлінава не да Бохвіцаў


Узбіраемся па прыступках на другі паверх старога сядзібнага дома. Хоць, калі падумаць, не такога ўжо старога: год пабудовы — 1906-ты. Яшчэ не ведаем, што нас чакае там, наверсе. Якія канелюры і кесоны хаваюцца пад мініяцюрнымі неагатычнымі вежачкамі...

17-6

Фотаздымкі вандроўнікаў-папярэднікаў, размешчаныя ў сеціве, вядома, дапамагаюць. Ствараюць першае, завочнае, уражанне — раз. Выстаўляюць папярэднія арыенціры — два. Падштурхоўваюць скласці план асабістых прыгод — тры. Увогуле, даюць магчымасць узважыць мэтазгоднасць канкрэтнага падарожжа. Але гэта ўсё — «умоўна кажучы». Ну вось якая, каб папытаў, карысць была ад прагляду фотаздымкаў Радзівілімонтаў? У выніку прыехалі блукаць у крапіве. Ну, яшчэ са слімакамі мясцовымі перазнаёміліся. Важныя такія. Але што яны памятаюць, тыя слімакі, калі жывуць толькі дзесяць гадоў? А сядзібы няма. Ня-ма. Як не было. Які быў сэнс збірацца? Тое самае: навошта было перапісваць каардынаты Начы Свянціцкай? Яе таксама не існуе. Але ж купілася, наіўная, на прозвішча Свянціцкіх.

Усё таму, што з некаторай пары мяне вельмі цікавіць лёс Элізы Ажэшкі. А яна, як вядома, збіралася замуж за Свянціцкага з імем Зыгмунт, доктара, і нават вучыла з той нагоды лаціну і цікавілася батанікай. Са Свянціцкім у яе шлюб не адбыўся, а лацінай і батанікай яна працягвала захапляцца. Інакш кажучы, гэта гісторыя пра тое, як інтарэс аднаго члена вялікай сям'і можа зрабіцца падставай для цэлай серыі сямейных падарожжаў. Прынамсі, на гэтыя 53.027648 паўночнай шыраты і 25.816376 усходняй даўгаты праз ліпавую алею ўздоўж ваенных аб'ектаў пад гукі вучэбных стрэлаў і недарэчныя каментарыі буркуна Арчы (чытач, ты ж яшчэ не забыўся, што Арчы — навігатар?) нас усіх, літаральна цэлую сям'ю, пацягнуў менавіта той факт, што тут гасцявала пані Эліза. Нават малодшага члена «экспедыцыі», Паўлічка, цікавілі не толькі вялізныя, вышэй за яго, карані вывернутага побач дрэва, але і наша авантурнае перамяшчэнне на сто гадоў назад праз адзінае не забітае дошкамі акно на першым паверсе сядзібнага дома з мініяцюрнымі неагатычнымі вежачкамі.

Мы ў Паўлінаве пад Баранавічамі, у доме, які Ян Ота (у польскіх крыніцах — Jan Otto) Бохвіц, сын Фларыяна і бацька Тадэвуша, пабудаваў, каб назваць у гонар маці, Паўліны. Апошняя — сваячка Адама Міцкевіча (адны кажуць, што цётка, другія — што кузіна, але часам гэта адно і тое ж, ці не так?). Яе муж Фларыян — адвакат па адукацыі, педагог па прызванні і філосаф па веравызнанні. Творы гэтага чалавека — пра форму і сутнасць мыслення, асновы пачуццяў і думак — выходзілі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Іх, дарэчы, варта прачытаць. Ян Ота — удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. Смяротнае пакаранне яму некалі замянілі на ссылку. А Тадэвуш... Ну, Тадэвуша ўсе ведаюць — як гісторыка журналістыкі і сябра Элізы Ажэшкі па перапісцы.

Гэта мы з гаспадарамі пазнаёміліся.

Узбіраемся, значыцца, па прыступках на другі паверх.

Трошкі баімся — хто ведае, наколькі прыступкі надзейныя? Але што ні крок, то ногі ступаюць смялей. Звычайная справа, кожны раз так. Бо звалішся ці не — гэта ж яшчэ пытанне, а да мэты лепш заўсёды быць бліжэй.

Баяліся, як у выніку стала вядома, абсалютна дарэмна: гэтую лесвіцу з месца не зрушыць. Далібог. Хацелася адламаць на памяць кавалак асновы балюстрады — дзе там! А з іншага боку (калі ведаць, што тут у савецкі час размяшчаўся шпіталь), ці памятае гэтая балюстрада Бохвіцаў і Ажэшку?

Пані Эліза... Яна таксама прыязджала сюды на аўтамабілі. Проста на адзінаццаць з паловай дзесяцігоддзяў раней за нас. Мо і паркавалася на тым самым месцы, дзе прыпаркаваліся мы, — перад флігелем. Не сама, праўда, — аўтамабіль належаў сябру, Юзафу Рэйтану.

Недзе тут яна сфатаграфавалася з сівабародым гаспадаром, Янам Ота Бохвіцам. На здымку яны сядзяць на лаўцы пры доме, пад акном. Хочацца адшукаць тую лаўку! Хочацца думаць, што лаўка тая стаяла... Вось тут! З боку ранейшага сада, на колішняй тэрасе, з рэшткаў якой мы і трапілі праз адзінае незабітае, упрыгожанае прамавугольным «начолкам» акно на першы паверх палаца.

Цяпер прабраліся на другі. Выглядваем у сад праз стральчатыя вокны, здзіўляемся ўнутраным, таксама стральчатага фасону, перагародкам.

[caption id="attachment_101187" align="alignnone" width="600"]17-5 Ся­дзі­ба ў Паў­лі­на­ве на да­рэ­ва­лю­цый­ным фо­та­здым­ку. Спра­ва — не­іс­ну­ю­чая сён­ня кап­ліч­ка.[/caption]

Палац у Паўлінаве, як пісаў даследчык Раман Афтаназы, хутчэй нагадваў вілу, чым традыцыйную сядзібу таго часу. Тэрасу добра відаць на дарэвалюцыйным фотаздымку. З правага боку, як частка дома, — каплічка з увянчанай крыжам тонкай вежачкай. Цяпер каплічкі няма.

А з другога паверха можна трапіць на трэці, мансардны. Убачыць, куды і як вёў дымаход каміна, пры якім не можа быць, каб не сядзела, грэючы плечы, 68-гадовая пані Эліза. Або Тадэвуш Бохвіц чытаў тут чарговы ліст ад яе. Ліст-споведзь ці ліст-біяграфію. «З таварышамі па пяры кантактавала вельмі мала і нічога не брала ў іх ні добрага, ні кепскага. Узяла тое з кніжак, уласнага іх асмыслення». «Жыла самотна, і нічога мне не перашкаджала. Пасля цэлага дня пісання для адпачынку пачынала чытаць. І вельмі часта закрывала кнігу тады, калі пры дагараючай лямпе пакой заліваў белы світанак або залаты бляск узыходзячага сонца». Праўду кажуць, што ў эпісталярнай спадчыне Элізы Ажэшкі хаваецца палова яе літаратурнага таленту.

Вяртаемся да рэальнасці, зноў праз акно. Нам застаецца даследаваць флігель і парк. І тады можна будзе вяртацца дамоў. Ісці ў бібліятэку, шукаць патрэбны том у шматтомным выданні з лістамі пані Элізы — і чытаць, чытаць, чытаць... Пакуль не натрапяць вочы на які-небудзь новы тапонім, які ўладна пакліча ў чарговае падарожжа.

Паслядоўнікам

Звычайна вандроўку ў Паўлінава сумяшчаюць з вандроўкай у Флер'янова ў Ляхавіцкім раёне — яшчэ адну сядзібу Бохвіцаў, у якой таксама бывала Эліза Ажэшка. У апошняй Бохвіцы ўладкоўвалі на лета пансіянат, у якім пісьменніца, хворая, усяго за два гады да смерці, не проста адпачывала, а наладжвала цэлыя літаратурныя, музычныя, тэатральныя і фларыстычныя імпрэзы. Пялёсткамі кветак, сабраных у Флер'янове, пісьменніца «падпісвала» свае лісты. Што цікава, флер'яноўскія неагатычныя вежачкі пераклікаюцца з паўлінаўскімі. Сядзіба цяпер мае гаспадара, і таму як быццам збольшага дагледжана. Але праз вокны ў ёй выглядваюць сучасныя жалюзі, вертыкальныя паверх гарызантальных, а пры ўваходзе чытаецца шыльдачка «Клуб ветэранаў».

 

Рамантыкам

Крыўдна будзе не заехаць яшчэ і ў Грушаўку ў Ляхавіцкім раёне — вёску, адкуль родам Юзаф Рэйтан. Гэта на яго аўтамабілі ладзіліся сто з нечым гадоў таму туры па сядзібах з удзелам Ажэшкі і яе сяброў. Не так уражвае сядзібны дом, як каплічка-пахавальня. І не толькі хараством яна ўражвае. Справа ў тым, што Рэйтаны, наколькі вядома, не мелі фамільнай крыпты. І толькі калі Юзаф Рэйтан у 1910-м памёр ад хваробы (Ажэшка, між іншым, памерла ў той самы год), спецыяльна для яго пахавання быў узведзены шыкоўны склеп. Выключны выпадак у шляхецкім асяродку.

 

Назіранні

* Шлях да старой сядзібы заўсёды можна пазнаць, нават калі навігатар, як наш, закапрызіць. У тым, што рухаецеся ў правільным кірунку, вас пераканае ўзорна роўная, нязвыкла вузкая алея са старых дрэў, абавязкова таполяў або ліпаў. Ну і ваш аўтамабіль неяк непрыкметна ператворыцца ў які-небудзь шыкоўны дыліжанс.

* Некаторыя буслы стаяць пры дарозе, як у глебу ўкапаныя. Доўга-доўга не варушацца. І часам прабягае думка: мо штучныя? Бо калі бачыш сапраўднага бусла, душа спявае, а калі бачыш штучнага, то ўражанне такое самае, як ад кветак, вырабленых з пластыкавых бутэлек. Навошта краіне буслоў бусляны сурагат?..

 

Бязглуздзіца

— Наперадзе па курсе — Целяханы! Што гэта нам дае?

— Дай падумаю, што гэта можа нам даць. Па-першае, паказальнік на Целяханы можа мець выгляд лыжных палак, утыркнутых у зямлю. І надпіс «Целяханы» можа быць нанесены не на шыльду, а на ўласна лыжы. Цур, я фатаграфуюся першая! Што яшчэ?

— Недзе побач — білборд, які запрашае наведаць унікальны беларускі музей лыжаў! Ну, і сам музей лыжаў.

— І крамка, у якой гандлююць стылізаванымі лыжамі! Лыжамі-нататнікамі, лыжамі-алоўкамі, лыжамі-рамкамі для фота, лыжамі-календарамі, лыжамі-цукеркамі, лыжамі-пернікамі і — няхай сабе і так — лыжамі-магнітамі. Я куплю сабе лыжы-шакаладку!

Карацей, на пытанне, што гэта нам дае, можна адказаць так: надзею на яшчэ адну цікавую экскурсію! Але...

Надзея надзеяй і засталася. І прыкра, што так. Бо мог бы населены пункт, імя якога на ўвесь былы СССР гучала ў звязцы з лыжамі, парупіцца пра якое-ніякое брэндаванне.

 

Падарожнічала Святлана Дзянісава.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.