Вы тут

Пачуць песню пчол, альбо чаму эканаміст стаў па дрэвах лазіць?


Калоды, тварба, лазбень, лязіва... Гэтыя словы многім вядомы хіба што па вытрымках з падручніка па айчыннай гісторыі. Бортніцтва сёння лічыцца ледзь не экзатычным заняткам. Аднак даследчык Іван ОСІПАЎ, які займаецца вывучэннем старадаўняга промыслу ўжо на працягу сямі гадоў, абвяргае мае словы. Дык ці ёсць будучыня ў бортніцтва?

[caption id="attachment_102272" align="alignnone" width="600"]24-13 Пяш­ня і ля­зі­ва — ін­стру­мен­ты борт­ні­ка.[/caption]

Вясковы менеджмент

Будучы бортнік вырас у вёсцы пад Лоевам і ўжо з дзяцінства стаў знаёміцца з наваколлем. Падлетак не ленаваўся распытваць у вяскоўцаў пра мясцовыя прыказкі, прымаўкі, песні, казкі, танцы, рабіў замалёўкі хат. Словам, назапашваў усё, што звязана з малой радзімай. Іван моцна захапіўся мікратапаніміяй. Кожны лапік лесу, ручай, азярцо жывуць пад імёнамі, вядомымі толькі мясцовым жыхарам. Юны даследчык сабраў усе «імёны» ў адну кнігу.

Хлопец быў актыўным удзельнікам археалагічных раскопак: ратаваў іх ад «чорных капальнікаў». Здаецца, выбар быў відавочны — Іван стане гісторыкам. Але ён пайшоў па шляху бацькоў і паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

— Вёска выхоўвае прагматызм, а археалогія — гэта авантурны занятак, — адзначае Іван. — Я пайшоў у эканамісты, каб навучыцца кіраваць гаспадаркай і займацца вясковым менеджментам.

А аднойчы знаёмы бацькі прынёс кнігу «Занятак спрадвеку высакародны», якая апавяла пра развіццё бортнага і калоднага пчалярства на Беларусі.

[caption id="attachment_102273" align="alignnone" width="600"]24-16 Разабрацца з лязівам Івану дапамог патомны бортнік з вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна.[/caption]

— Я пачаў яе чытаць і адкрыў для сябе новы свет. Пачаў распытваць у бацькі, ці бачыў ён у вёсцы калоду? Аказалася, раней у кожным двары трымалі па дзве-тры штукі. Калі промысел прыйшоў у заняпад, людзі калоды папалілі. Тады я пачаў шукаць інфармацыю па інтэрнэт-крыніцах і зразумеў, што ў сеціве бортніцтва прадстаўлена вельмі сціпла, — узгадвае будучы бортнік.

Іван працягваў сваё даследаванне: шмат чытаў, вывучаў. Пасля напісаў у «Вікіпедыі» першы артыкул пра бортніцтва.

Праз некаторы час «выдаў» другі матэрыял, на гэты раз прысвечаны бортным прыладам. А далей выйшла так, што хлопец пазнаёміўся з польскімі бортнікамі і з'ездзіў да іх на канферэнцыю, дзе паглядзеў дакументальную стужку 1939 года пра бортніцтва...

Палескі «альпінізм»

Пасля натхняльнай паездкі Іван зразумеў: надышоў час перайсці ад тэорыі да практыкі. Для пачатку задумаў зрабіць лязіва — плеценае прыстасаванне, з дапамогай якога бортнікі залазяць на дрэва.

— Вядома ж, паўстала пытанне — як яго плесці? — кажа Іван. — У роднай вёсцы не засталося людзей, якія б змаглі навучыць рамяству. Тэхналогію даводзілася аднаўляць па розных крыніцах. У Тураўскім музеі прыроды Палесся выпадкова заўважыў лязіва, створанае стагоддзе таму. Прыгледзеўся, а пасля, дзякуючы захаваным фотаздымкам, зразумеў, як трэба плесці. Першае лязіва рабіў на працягу пяці дзён, працаваў па дзесяць гадзін. З лязівам дапамог разабрацца патомны бортнік з вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна Васіль: ён навучыў збіраць «васьмёркамі» гэты «канат».

Іван дэманструе ўжо другую прыладу. Тоўстая моцная «вяроўка» пакідае ўражанне бяспечнасці. Пасля ў арсенале з'явілася і пяшня — долата для выдзёўбвання борці, калоды, якую Іван замовіў у каваля. З лязівам і пяшнёй можна лезці на дрэва.

...Мы выходзім да старога шырокага дуба, які Іван празваў «трэніровачным». Тут ён зрабіў свае першыя крокі па дрэве. Для дуба хлопец нясе падарунак — бохан хлеба. Аказваецца, на Палессі існавала такое павер'е: без дару бортнік не меў права лезці на дрэва. Лічылася, што магло здарыцца благое — ірвалася лязіва. Для Івана традыцыйныя дзеянні становяцца правіламі, якія ён пераймае.

Бортнік-пачатковец прызнаецца: хутка разабрацца з тэхналогіяй лажання з лязівам па дрэве не ўдалося. Ён пільна, кадр за кадрам, праглядваў польскую стужку пра бортнікаў і запамінаў. Узлезшы на дрэва, гаворыць: «У такія моманты адчуваеш, што нас трое — ты, дрэва і лязіва». Такі сабе палескі «альпінізм».

[caption id="attachment_102274" align="alignnone" width="600"]24-15 На трэніровачным дубе бортнік-пачатковец зрабіў свае першыя крокі па дрэве.[/caption]

Бортніцтва ў... сеціве

Сёлета ў борць да Івана пчолы не засяліліся, але ён ужо адшукаў таму прычыну.

— Дупло я знайшоў добрае, зачысціў, бо калі будзе добрае жытло, знойдуцца і пчолы, — распавядае бортнік. — Далей трэба яго затварбіць — прынесці розных траў, якія даспадобы пчолам. Напрыклад, багун — самая пахучая трава, але я яе не браў, і, здаецца, дарма. Абжылі гэтае дупло восы, што можна лічыць добрым знакам: пчолы будуць пасля.

У борці засяляецца дзікая пчала — палеская ці сярэдняруская. Пчала-бароўка жыла ў лясах яшчэ два стагоддзі таму. Ёсць малюнкі, як яна выглядала, але цяпер вызначыць яе вельмі цяжка.

Мне ж цікава, ці займаліся бортніцтвам жанчыны, пра што я пытаюся ў Івана. Аказваецца, сведчанняў пра тое не засталося. Можна адшукаць лагічнае тлумачэнне: хіба ўсцягне яна калоду на дрэва, ці залезе самастойна наверх? Але Іван вяртаецца да народнай мудрасці і цытуе: «Пах жанчыны пчолы не любяць».

Сярод прымхаў быў нават такі: бортнік перад «паходам» на дрэва цягам месяца мусіў не дакранацца да жонкі. Жанчына магла хіба што стаяць унізе ды падаваць інструменты.

Дарэчы, у народзе да бортнікаў ставіліся па-рознаму: прымалі і за знахараў, і за ведзьмароў (не кожны мог лазіць па дрэвах).

— Галоўным у сваёй справе я лічу пчалу, а не мёд, — кажа Іван. — Каб наесціся мёду, трэба не менш за 200 калод. Мая мара — пачуць, як пяе лес. Украінскі пчаляр Мікола Вітвіцкі некалі казаў, што пчаліная матка ўначы ў бары пяе песню, каб пчолы, якія згубіліся, вярнуліся да вулля. Калі гэта праўда, то мне хацелася б яе пачуць.

Пакуль эканаміст спасцігае бортніцтва на практыцы, але развівае і іншы напрамак — «сеціўнае» бортніцтва. Іншымі словамі, ён робіць грунтоўную інтэрнэт-энцыклапедыю: акрамя першага і другога артыкулаў у «Вікіпедыі», стварыў суполкі ў сацыяльных сетках (УКантакце, Facebook, LiveJournal), сайт «Дрэва сусвету» і нават запусціў першы бортны канал на Youtube. Сам робіць аматарскія відэазапісы, таксама зрабіў вельмі простую і зразумелую інфаграфіку пра бортніцтва. Матэрыялаў назапасіў на цэлую кнігу і прызнаецца, што галоўная мэта яго працы заключаецца ў папулярызацыі забытага промыслу.

Некаторыя пчаляры лічаць бортніцтва неперспектыўным заняткам: маўляў, пчолы сталі свойскімі насякомымі, без дапамогі чалавека ў калодах яны не выжывуць. Але для Івана найперш важна адрадзіць традыцыю, якая перадавалася спакон вякоў. Спадзяёмся, налета ў яго борці з'явяцца доўгачаканыя меданосныя госці.

[caption id="attachment_102276" align="alignnone" width="600"]24-14 Лезці трэба не спяшаючыся.[/caption]

 

А як у суседзяў?

У Еўропе выдзяляюць гранты на развіццё бортніцтва. Польскія леснікі займаюцца гэтым старадаўнім промыслам: яны робяць борці на старых дрэвах. Ім не забараняюць дзяўбці старыя дрэвы нават у ландшафтных заказніках. Дарэчы, усе борці палякі пазначаюць на гугл-картах. У Беларусі бортніцтва жыве як традыцыя, якая перадаецца ад майстра да вучня. Ва Украіне яно разглядаецца як частка традыцыйнага промыслу. У Башкартастане існуе запаведнік Шульган-таш, дзе ў калодах жыве абарыгенная бортная меданосная пчала «бурзянка». Гэта пакуль што адзіная ў свеце зона, дзе ахоўваюцца дзікія пчолы.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Мінск—Лоеўскі раён—Мінск

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

31 знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Грамадства

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

У Беларусi дзейнiчае такi дакумент, як «Тэхнiчная эксплуатацыя жыллёвых i грамадскiх будынкаў i збудаванняў. Парадак правядзення».

Грамадства

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Школа «Альфа+» iснуе ў Магiлёве ўсяго год, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя наведвальнiкi.

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.