Вы тут

Шукаць рашэнні трэба разам


Сумеснае пасяджэнне калегій МЗС Беларусі і Расіі (чарговае мерапрыемства адбылося днямі ў Маскве) з'яўляецца адным з найбольш важных у дзейнасці па функцыянаванні Саюзнай дзяржавы і напаўненні канкрэтным зместам парадку дня органаў дзвюх краін, якія супрацоўнічаюць у яе рамках. На жаль, як і ў 1990-х, цяпер у еўрапейскім рэгіёне досыць напружаная атмасфера, што робіць актуальнай кааперацыю Беларусі і Расіі для забеспячэння рэалізацыі сваіх нацыянальных інтарэсаў. У кожнага з бакоў ёсць свае геапалітычныя перавагі, якія выклікаюць узаемную зацікаўленасць ва ўзгадненні знешняй палітыкі. Пры ўсёй моцы нацыянальнай арміі, голасе ў Савеце бяспекі ААН, вялізнай тэрыторыі і невычэрпных запасах прыродных рэсурсаў Расія аб'ектыўна мае патрэбу ў дапамозе кожнага са сваіх саюзнікаў, у тым ліку і найбліжэйшага з іх — Беларусі. У спісе пераваг апошняй — выгаднае геапалітычнае становішча паміж Расіяй і ЕС, важная роля ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, а ў перспектыве — і ў наладжванні адносін Расіі з Захадам), стратэгічна значная роля надзейнага транзіцёра расійскіх прыродных рэсурсаў у ЕС і забеспячэння бяспекі Расіі пры дапамозе сваёй арміі, размешчанай на межах НАТА.

5_Казіма

На пасяджэнні сумеснай калегіі былі абмеркаваны важныя пытанні. Найперш — гэта вынікі праграмы ўзгодненых знешнепалітычных дзеянняў дзвюх краін на 2014—2015 гады. Можна заключыць, што бакі знайшлі яе рэалізацыю паспяховай, паколькі на пасяджэнні гаворка ішла пра ўзгадненне новай праграмы таго ж кшталту, ужо на 2016—2017 гады, прычым значна больш дэталёвай і сістэмнай. У яе рамках будзе разглядацца супрацоўніцтва ўжо па 28 кірунках, прычым, як адзначыў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, дакумент «носіць абсалютна канкрэтны, прыкладны характар, з'яўляецца для двух міністэрстваў прамым кіраўніцтвам да дзеяння».

Вядома, асноўная ўвага надавалася міжнароднай бяспецы, выклікі якой узмацняюцца ў апошнія гады. У парадку дня былі і пытанні ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, і непасрэдны вопыт Расіі па садзейнічанні ў аднаўленні законнай улады сірыйскага ўрада на тэрыторыі гэтай дзяржавы, захопленай тэрарыстамі. На жаль, барацьба Расіі з тэрарыстамі на тэрыторыі Сірыі па запрашэнні законнага ўрада гэтай краіны не тое што не вітаецца Захадам, а выклікала новы віток ускладнення адносін з ім.

Цікавым аспектам стала рашэнне садзейнічаць міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву як важнаму фактару інтэграцыі нашых дзяржаў у рамках як Саюзнай дзяржавы, так і ЕАЭС. Прыемна адзначыць, што сучасная дынаміка адносін спрыяе развіццю гэтага аспекту ў нашых міждзяржаўных стасунках. Гэта выгадна адрозніваецца ад сітуацыі 1990-х, калі міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ініцыявалася Прэзідэнтам Беларусі і дастаткова абыякава разглядалася ў Крамлі. У апошнія гады беларуская ініцыятыва развіцця адносін паміж рэгіёнамі Расіі і Беларусі была падхоплена Масквой, і сёння ёй надаецца досыць сур'ёзная ўвага ў абедзвюх сталіцах. Асаблівую важнасць яна мае на фоне таваразвароту Расіі і Беларусі, які імкліва скарачаецца з прычыны падзення рынкаў Расіі, Украіны і Беларусі. Неабходна менавіта праз рэгіянальнае супрацоўніцтва павярнуць гэты працэс назад.

Вялікая ўвага была нададзена супрацоўніцтву ў рамках ААН. Гэтая арганізацыя застаецца безальтэрнатыўнай для захавання міру ў глабальных маштабах, але актуальным з'яўляецца пытанне, як узмацніць яе ролю на міжнароднай арэне. Сумесная дзейнасць Беларусі і Расіі ў рамках ААН была ахарактарызавана міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым як «супадзенне пазіцый па ўсіх найбольш актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня».

Вельмі цікавым і важным аспектам мерапрыемства было абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. Напярэдадні пасяджэння пазіцыйны дакумент, названы «ЕАЭС—ЕС: контуры супрацоўніцтва», быў перададзены прадстаўнікам Еўрапейскай камісіі для вывучэння. Цяпер неабходна чакаць крокаў у адказ з боку кіраўніцтва ЕС. Абвешчаная Прэзідэнтамі Беларусі, Расіі і Казахстана ў 2011 годзе ініцыятыва «інтэграцыі інтэграцый», стварэння адзінай эканамічнай прасторы паміж ЕС і ЕАЭС з'яўляецца па-ранейшаму актуальнай і перспектыўнай для росквіту ўсёй Еўразіі. На жаль, у сітуацыі па сутнасці новай халоднай вайны паміж Расіяй і Захадам яе рэалізацыя ў найбліжэйшыя гады не рэальная. Да яе немагчыма перайсці на фоне ўзаемных санкцый Расіі і заходніх краін, а перспектывы адмены іх пакуль не праглядаюцца.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.