Вы тут

Наступствы катастрофы


Каму выгадна крушэнне А321?

Крушэнне расійскага пасажырскага самалёта над Егіптам 31 кастрычніка пацягнула за сабой цэлую серыю наступстваў, частка якіх ужо відавочная, а частка стане больш зразумелай пазней. Усё гучней гучаць заявы аб вялікай верагоднасці катастрофы ў выніку прадуманага тэракта.

кізіма

З заявамі на гэты конт ужо выступілі ў Вялікабрытаніі прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран і кіраўнік МЗС Філіп Хаманд, Прэзідэнт ЗША Барак Абама і міністр абароны Ізраіля Мошэ Яалон. Дзеянні Расіі, па сутнасці, пацвярджаюць яе згоду з гэтай кваліфікацыяй таго, што адбылося: 6 лістапада расійскія ўлады спынілі палёты ў Егіпет і пачалі эвакуацыю тых грамадзян Расіі, якія раней прыбылі туды на адпачынак.

Узнікае ўражанне, што найбольш дакладнымі звесткамі наконт тэрарыстычнай версіі катастрофы расійскага самалёта валодае Вялікабрытанія. Гэта нядзіўна, улічваючы, што Егіпет — былая брытанская калонія, а Вялікабрытанія вядома прапрацаванай палітыкай наладжвання трывалых кантактаў у межах страчанай імперыі. Вялізная колькасць высокапастаўленых егіпцян атрымалі ў маладосці вышэйшую адукацыю ў Вялікабрытаніі за кошт сродкаў брытанскага ўрада, што дазваляе Лондану лёгка мець інфармацыю пра стан спраў у краіне і асаблівасці здарэнняў, накшталт таго, што адбылося 31 кастрычніка. Не будзем таксама забывацца і пра тое, што брытанская МІ8 з'яўляецца адной з найбольш вядомых і прафесіянальных спецслужбаў у свеце, а апошнія гады спецыялізавалася на арабскім рэгіёне ў рамках барацьбы з ісламскім тэрарызмам. У сувязі з гэтым інфармацыю, атрыманую ад брытанцаў, можна лічыць дастаткова надзейнай, што прымушае разглядаць версію тэракта на борце расійскага пасажырскага самалёта як асноўную.

Даверу да гэтай версіі спрыяюць і ўскосныя фактары. Першым з іх з'яўляецца шырокае распаўсюджванне тэрарыстычных ідэй на тэрыторыі Егіпта. Пасля падзей 2011 года, калі ў выніку так званай «арабскай вясны» Егіпет надоўга паглыбіўся ў хаос, гэтым скарысталіся радыкалы, каб зноў стварыць свае ячэйкі на тэрыторыі краіны, якія раней былі разгромлены спецслужбамі Хосні Мубарака. Жыццё большасці грамадзян Егіпта дастаткова цяжкае, што робіць радыкальную агітацыю паспяховай і дазваляе прыцягваць шмат новых баевікоў у тэрарыстычныя ячэйкі. Гэтым скарысталіся і прадстаўнікі групоўкі «Ісламская дзяржава», што дазволіла ім стварыць сваё крыло на егіпецкай тэрыторыі — «Вілаят Сінай». Дарэчы, паводле звестак брытанскай газеты The Sunday Tіmes, менавіта адзін з членаў гэтай групоўкі, які працаваў у аэрапорце Шарм-эш-Шэйха, і пранёс бомбу на борт расійскага самалёта. А ў групоўкі «Ісламская дзяржава» ёсць вельмі важкія прычыны помсціць Расіі за ўдзел у вайне ў Сірыі супраць яе на баку законнага прэзідэнта Башара Асада. Баевікі «Ісламскай дзяржавы» не валодаюць сучаснай СПА, каб збіваць расійскія ваенныя самалёты ў Сірыі, але адпомсціць дзяржаве, падарваўшы яе грамадзянскі самалёт у іншай краіне, значна прасцей.

Другім фактарам з'яўляюцца вельмі трывожныя сведчанні пасажыраў, якія раней карысталіся паслугамі аэрапорта ў Шарм-эш-Шэйху, адкуль і вылецеў самалёт, што пацярпеў крушэнне. Згодна з імі, арганізацыя бяспекі ў гэтым аэрапорце была на вельмі нізкім узроўні. У замежнай прэсе публікуюцца ўспаміны пасажыраў аб магчымасці за хабар абмінуць зону кантролю без праверкі, аб непрацуючых або адключаных з мэтай эканоміі электрычнасці сканерах. Калі гэта інфармацыя праўдзівая, то рэалізацыі тэракта спрыяла і сама атмасфера легкадумнасці ў егіпецкім аэрапорце.

У выпадку праўдзівасці гэтай версіі вайна Расіі ў Сірыі ўжо прынесла першыя ахвяры — больш як 200 загінулых грамадзянскіх асоб. Цалкам верагодна, што задумай тэрарыстаў было не толькі адпомсціць, але і напалохаць Расію, каб яна спыніла сваё ўмяшанне ў іх справы на сірыйскай тэрыторыі. Ці стане гэта тым наступствам, якое выгадна для тэрарыстаў, або расійскія ўлады, наадварот, узмоцняць сваю барацьбу з імі, каб нанесці ўдар у адказ?

З іншых наступстваў можна назваць моцны стрэс для турыстычнай галіны як Егіпта, так і Расіі. Страты тураператараў і гатэляў ужо выражаюцца ў дзясятках мільёнаў долараў і могуць вырасці ў хуткім часе да сотняў. Падарожжы ў Егіпет былі вельмі папулярнымі ў расіян, прыносілі сур'ёзныя сродкі эканоміцы Егіпта, для якога турызм — адна з галоўных крыніц даходу, нараўне з прыбыткам ад эксплуатацыі Суэцкага канала і пераводамі ў краіну ад грамадзян, якія выехалі на працу за мяжу. Расійская туріндустрыя, у сваю чаргу, таксама знаходзіцца ў няпростым стане. Па ёй моцна ўдарыў эканамічны спад, што ўжо прывяло да банкруцтва некалькіх буйных турыстычных кампаній. Магчыма, што частку страт ад падзей у Егіпце ўдасца кампенсаваць за кошт абяцанай урадам Расіі дапамогі, але наўрад ці ўсе, і што ўжо гаварыць пра ўпушчаны прыбытак.

Для беларусаў наступствы катастрофы расійскага самалёта таксама відавочныя. Наша МЗС ужо рэкамендавала беларускім грамадзянам адмяніць на найбліжэйшы час паездкі ў Егіпет з турыстычнымі мэтамі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.