Вы тут

У Мінску хутка можа з'явіцца помнік Васілю Быкаву


У майстэрні скульптара Аляксандра Батвінёнка — творчы беспарадак. Са стэлажоў на гасцей паглядаюць Тэадор Нарбут (дарэчы, зямляк майстра), Уладзімір Караткевіч і многія іншыя значныя для нашай гісторыі персоны. Нядаўна тутэйшы «пантэон» папоўніўся макетам скульптуры яшчэ адной, без сумнення, выбітнай і легендарнай асобы — народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Некалькі гадоў у творчым тандэме з архітэктарам Арменам Сардаравым ішла праца над стварэннем помніка аднаму з самых вядомых у свеце пісьменнікаў-франтавікоў. Цяпер праект фактычна гатовы да рэалізацыі. Пра гісторыю працы над манументам карэспандэнту «Звязды» распавялі яго аўтары.

IMG_5784

Класік, трохі згорбіўшыся, сядзіць у задуменнай позе. Яго рукі, сашчэпленыя разам, ляжаць на працоўным стале ў форме чырвонай пяціканцовай зоркі. Кожная з яе граняў сімвалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменніка. На макеце, які знаходзіцца ў майстэрні Аляксандра Батвінёнка, вытрымак, праўда, няма, але калі з'явіцца паўнавартасны помнік...

— За гэтую працу я ўзяўся ў першую чаргу таму, што сама персона Васіля Уладзіміравіча для мяне вельмі шмат значыць, — распавядае Армен Сардараў. — Найперш, гэта маладосць, студэнцкія гады. У далёкія ўжо 60-я ў нас быў сфарміраваны погляд на Вялікую Айчынную вайну, які я назваў бы парадна-пафасным. Не скажу, што гэта дрэннае ўспрыманне, бо на першы план у тагачасным мастацтве на ваенную тэматыку выходзіў савецкі народ, што правільна. Але раптам з'явіўся пісьменнік, які паставіў на галоўнае месца ў вайне асобу чалавека. Адчуванне няўпэўненасці, перажыванні, роздумы, уласцівыя ўсім нам, — гэта стала для нас адкрыццём. З таго ўсё пачалося, і творчасць Быкава не пакідае мяне ўсё маё жыццё.

— Творы Васіля Уладзіміравіча — гэта тое, што можна супрацьпаставіць сучаснасці, — кажа Аляксандр Батвінёнак. — Цяпер катэгорыі «чорнага» і «белага» амаль адсутнічаюць у нашым жыцці, мы пра многае гаворым усярэднена. А ў Васіля Быкава ўсё вельмі проста і, я лічу, правільна: ты альбо здраднік, або герой, трэцяга не бывае. Можна схавацца, збегчы, але выбар усё адно давядзецца зрабіць. Можа, менавіта з прычыны гэтага ўзнікае такі феномен — творы аўтара з цягам часу не проста захоўваюць актуальнасць, але і набываюць яе. Пісьменнік яскрава паказвае нам шляхі, якія вядуць або да пад'ёму, або да заняпаду, ён — выдатны маральны арыенцір.

Яшчэ ў 1982 годзе скульптар задумаў кампазіцыю — прысвячэнне франтавікам Беларусі ў якасці сваёй дыпломнай працы. У тым варыянце класік быў апрануты па-вайсковаму і быццам бы даваў прысягу. Праца трапіла на выставу, дзе яе набыла Акадэмія навук. Сучасны ж праект быў задуманы ўжо як помнік. «Ідэя — у першую чаргу ў папулярызацыі твораў Быкава, — тлумачыць Аляксандр Батвінёнак. — Для гэтага і выкарыстоўваюцца радкі з яго кніг. Гэта праслаўленне Быкава нават не як чалавека, з любымі яго праблемамі і асабістым жыццём, а як аўтара выдатных тэкстаў».

Адным з ініцыятараў праекта стаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і сябар Васіля Быкава Мікалай Чаргінец. Ён падтрымаў ідэю і дагэтуль аказвае аўтарам самую розную падтрымку. «Як чалавек, які таксама прайшоў вайну, Мікалай Іванавіч не можа не разумець значнасць помніка творчасці Васіля Быкава», — лічыць скульптар.

Манумент плануецца ўсталяваць побач з Домам літаратара на вуліцы Румянцава. Гэта цэнтр горада, але не самае шматлюднае месца. Чаму?

— Мы вельмі доўга шукалі пляцоўку, на якой Быкаў выглядаў бы арганічна, — кажа Армен Сардараў. — Хадзілі ў раёне парку Горкага, разглядалі фасады. Але найлепшым варыянтам падаўся менавіта гэты. Не сакрэт, што сам Васіль Уладзіміравіч быў вельмі замкнёным чалавекам, можна нават сказаць — пустэльнікам. Жыў у Гродне, а ў Мінск пераехаў толькі напрыканцы 70-х. Рэдка з'яўляўся на публіцы, і калі нешта сапраўды цаніў — то найперш сваіх блізкіх сяброў, калег па пісьменніцкім «цэху». Таму мы спыніліся на даволі камернай прасторы, без стаметровых плошчаў, на якіх ускладаюць вянкі. Вось тут — зусім побач, у цішыні — гэты чалавек. Думаю, такое месца будзе адпавядаць характару Васіля Уладзіміравіча. Ды і, я ўпэўнены, у такой прасторы гэты вобраз сам пакажа сябе, а пры сваёй архітэктурнай камернасці месца ўсё адно стане знакавым, дзякуючы помніку.

Па словах аўтараў, сваю ролю адыграе і плошча Перамогі, якая знаходзіцца зусім блізка. Там — велізарны манумент, грандыёзны па сваёй сіле, а зусім побач — помнік чалавеку, які паказаў, чаго была варта гэтая Перамога. Па задуме архітэктара, навакольная прастора таксама будзе зменена. У прыватнасці, абрысы зоркі будуць пераходзіць у чырвоны і чорны брук.

Асобна аўтары распавядаюць пра паралелі з папулярнай цяпер вулічнай скульптурай. Па словах Армена Сардарава, выкарыстанне помніка невялікага маштабу дазволіць гаварыць з гарадскімі жыхарамі на прывычнай ім мове і ў той жа час падкрэсліць сакральнасць вобраза Быкава. «Манумент будзе трохі большым за натуру, — кажа Аляксандр Батвінёнак, падымаючы макет вышэй. — Гэта зроблена дзеля таго, каб чалавек мог «размаўляць» з помнікам, не задзіраючы пры гэтым галавы. Рукі класіка будуць знаходзіцца на ўзроўні вачэй чалавека».

Сам вобраз створаны на аснове асабістых успамінаў аўтараў. Скульптар узгадвае, як хадзіў на творчыя сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам, якія праводзіў іх агульны сябра — Міхаіл Савіцкі. «Адзінае, аб чым шкадую, — кажа майстар, — пасаромеўся пазнаёміцца асабіста. Таму ў асноўным карыстаўся фотаматэрыяламі, відэаздымкамі, хаця і сам я нядрэнна памятаю знешні выгляд Васіля Уладзіміравіча. Калі адзначалася 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, мой драўляны макет выстаўляўся на экспазіцыі ў музеі Максіма Багдановіча і мне перадавалі словы ўдавы Быкава Ірыны аб тым, што вобраз атрымаўся вельмі падобным».

— Я мяркую, што калі цяпер такі помнік у Мінску з'явіцца, гэта стане надзвычай важнай падзеяй, — лічыць Аляксандр Батвінёнак. — На фоне таго, што адбываецца ў нашых суседзяў, калі знішчаецца памяць цэлых пакаленняў, калі слова «фашызм» перастае ўжывацца толькі ў гістарычным кантэксце, вобраз Быкава можа паказаць наша стаўленне да гэтага. Бо Васіль Уладзіміравіч быў самым зацятым барацьбітом з фашызмам, прычым ва ўсіх сэнсах. І самае галоўнае — за аўтара ўсё скажуць словы з яго твораў.

— Вярнуўшыся да вобраза Быкава, мы зможам сказаць пра вельмі важныя рэчы, асабліва нашай моладзі, — дадае Армен Сардараў. — Пры ўсім развіцці новых тэхналогій, дасягненнях прагрэсу, у душах маладых людзей працягваецца ўсё тая ж барацьба, што і заўсёды, — змаганне дабра са злом. І яшчэ адзін аспект — гэта народная памяць. Разбураючы многае ў нядаўнім мінулым, мы не задумаліся аб стварэнні новага. Як прыклад прывяду гісторыю з дэмантажом помніка Леніну ў сталіцы, які планаваўся напачатку 1990-х — я тады выступіў з асуджальным артыкулам у друку. Нават калі не ўздымаць пытання архітэктуры (а помнік Манізера ў ансамблі Лангбарда выглядае максімальна арганічна), то адмова ад уласнай памяці ні да чаго добрага не давядзе. Змагацца з праблемамі трэба спачатку ўнутры сябе, а не хапацца за помнікі. Падаць на калені ніхто ж не прымушае, але і ломам ламаць... Помнік Быкаву — гэта голас чалавека, які не дасць нам страціць сваю памяць.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота Надзеі БУЖАН.

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.