Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» наведалі разам з міліцыяй праблемныя сем'і


«Ды я проста хварэю, ныркі слабыя, — скардзіцца жанчына, раз-пораз войкаючы і хапаючыся за бакі. — Яшчэ і артрыт. А лячуся півам. Таму мінулым разам і была быццам выпіўшы, вы ж не падумайце...» Рэпліка адрасавана міліцыянерам — старшаму ўчастковаму інспектару Савецкага РУУС сталіцы маёру міліцыі Віктару СЯНЬКЕВІЧУ і ўчастковаму інспектару лейтэнанту Ганне ЧУМАКОВАЙ, якія праводзяць аперацыю «Быт». Падчас яе міліцыя наведваецца «ў госці» да тых асоб, якія здзяйснялі правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых зносін, — з мэтай прафілактыкі. У прыватнасці, згаданая вышэй жанчына канфліктуе з сынам, звычайна на глебе алкаголю.

[caption id="attachment_115664" align="alignnone" width="600"]23-24 Паэма пра цяжкі жаночы лёс і мужа-алкаголіка нарэшце знайшла сваіх слухачоў[/caption]

— Часцей за ўсё пад нашу ўвагу трапляюць людзі, якія проста не могуць ужыцца адно з адным, — тлумачыць Віктар Сянькевіч, пакуль мы крочым на чарговы адрас. — У такіх сітуацыях нярэдка даходзіць да боек, сямейнага гвалту, як фізічнага, так і маральнага. Дзейныя асобы — далёка не заўсёды сужэнцы. Гэта могуць быць проста блізкія родзічы: зяці з цешчамі, свякрові з нявесткамі, бацькі з дзецьмі...

Пры гэтым рэцыдывы здарэнняў, пасля якіх сямейныя дэбашыры панеслі адміністрацыйную адказнасць, па словах участковага міліцыянера, здараюцца нячаста. І гэта ў многім — вынік працы міліцыі. «Ёсць сем'і, якія мы ведаем дасканала, — тлумачыць Віктар Сянькевіч, — сочым за імі, увесь час трымаем сітуацыю на кантролі. Але ёсць тыя, хто ніколі не трапляў пад увагу міліцыі, а потым «выстраліў» пасля «бяседы» за кілішкам якога-небудзь моцнага напою».

Участковыя плануюць маршрут паводле спіса, у якім указана каля дзесяці адрасоў. Менавіта столькі кватэр ім трэба наведаць за гэты вечар. Усе дамы знаходзяцца побач з універсамам «Рыга» — раён забудоўваўся ў асноўным у 1970-я, таму жыхары тут пераважна сталага веку. Адсюль — згаданыя вышэй праблемы бацькоў і дзяцей.

Па прыклад далёка хадзіць не трэба, чарговы пункт прызначэння — кватэра пенсіянеркі Тамары. Жанчына, былы вязень канцлагера, не можа паразумецца з маладым пакаленнем. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягвалі ўсіх дарослых жыхароў кватэры: саму Тамару, яе дачку і зяця. Апошні мінулым разам быў змешчаны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Пры гэтым, па словах участковага, ініцыятыва ў канфліктах нярэдка належыць якраз пенсіянерцы: яе хвалюе, што зяць не дае грошай на аплату кватэры менавіта ёй. «Дыялог звычайнымі метадамі наладзіць ім не ўдаецца, — кажа Віктар Сянькевіч, — размаўляць нармальна пачынаюць толькі тады, калі справа даходзіць да прыцягнення да адказнасці».

Падчас гэтага візіту ўсё, здаецца, нармальна. Тамары дома няма. Дачка гаспадыні кватэры кажа, што канфліктаў апошнім часам удаецца пазбягаць.Таму прычыны для ўмяшання праваахоўнікаў няма. «Цікава: як толькі бабуля сыходзіць, усё становіцца ідэальна, — канстатуе ўчастковы. — Таму корань праблемы адразу відаць».

Дарэчы, усіх сваіх «кліентаў» Віктар Сянькевіч ведае асабіста. Некаторыя літаральна выраслі на вачах участковага. За столькі гадоў працы паспеў пазнаёміцца з усімі, таму размова звычайна пачынаецца з ледзь не сяброўскіх жартаў.

[caption id="attachment_115665" align="alignnone" width="600"]23-25 Пакуль адзін міліцыянер праводзіць размову, другі займаецца афармленнем дакументаў[/caption]

Вось і ў наступнай кватэры міліцыянераў прымаюць, можна сказаць, з хлебам-соллю. Жанчына-пенсіянерка адразу ж прапануе пачаставацца селядцом «пад футрам» і прызнаецца, што пасля апошняга візіту міліцыі муж паспакайнеў. Дарэчы, хатні дэбашыр спраўна наведвае саветы прафілактыкі пры грамадскім пункце аховы правапарадку, якраз сёння быў на чарговым пасяджэнні.

Ёсць, па словах участковага, і дэбашыры з асаблівымі звычкамі. Адзін з такіх працуе дворнікам на тэрыторыі каля апорнага пункта. Таму і сачыць за ім проста — калі з раніцы побач чыста, значыць, усё нармальна. Калі не — трэба неадкладна наносіць візіт. «Увогуле, мужчына вельмі добры, — кажа Віктар Сянькевіч. — Любіць рыбалку, ездзіць на Свіслач круглы год. Раней быў футбалістам, прычым высокага ўзроўню, гуляў у Ленінградзе. Адно дрэнна — недзе раз на год у яго здараецца страшэнны запой. Тады паспявае і дома пахуліганіць, і ў выцвярэзнік трапіць. І, шчодрая душа, частуе ўсіх мясцовых алкаголікаў. Добра, што хутка супакойваецца».

Перад дзвярыма наступнай кватэры нас папярэджваюць: сям'я раней была вельмі праблемнай. Адзін з візітаў міліцыі сюды адбыўся пасля таго, як жонка ўдарыла мужа па галаве сякерай. На месцы аказваецца, што сітуацыя змянілася карэнным чынам.

— Як вы пажываеце? Якая сітуацыя ў сям'і? — пытаецца ўчастковы.

— Цяпер — выдатна, — усміхаецца гаспадыня, седзячы ў арыстакратычнай позе на кухні. — Здаецца, мой мужчына пачаў трохі задумвацца і зусім перастаў піць. Шкада толькі, што давялося праз столькі ўсяго прайсці і звяртацца па дапамогу ў органы. Праўда, было яшчэ адно выхаваўчае «мерапрыемства» — муж пажыў некалькі месяцаў з маім бацькам, вайскоўцам у адстаўцы. Там яму таксама шмат што патлумачылі.

Спачатку ўспрымаем за жарт прызнанне жанчыны аб тым, што падчас сваіх перажыванняў яна напісала цэлую паэму пра алкаголікаў. Але гэта аказваецца праўдай — Марыя дастае са стала велізарны сшытак і дэкламуе некалькі радкоў. Дарэчы, літаратура ў жанры нон-фікшн: усе сцэны здараліся з паэткай-аматаркай у рэальным жыцці. Напрыклад, удар па твары за гадзіну да ўласнага вяселля, пасля чаго давялося замазваць і хаваць ад гасцей сіняк...

У наступнай кватэры — таксама вартая ўвагі гісторыя. Гаспадар-пенсіянер знаходзіцца ў перманентным канфлікце з жонкай. Мы заходзім у кватэру, калі жанчына толькі-толькі вярнулася з прагулкі з унукам. Па яе прызнанні, ніякія захады міліцыі эфекту не даюць. Ды і звычайнымі метадамі тут асабліва не скарыстаешся — адправіць 65-гадовага мужчыну на «адпачынак» для разваг над сваімі паводзінамі ў ЛПП нельга. А штрафы за адміністрацыйныя правапарушэнні моцна б'юць па ўсёй сям'і, а не толькі па самім дэбашыры.

Віктар Сянькевіч прапануе жанчыне скарыстацца іншым метадам — на месяц выселіць мужа ў інтэрнат, абмежаваўшы яго стасункі з сям'ёй. Пачуўшы гэтыя словы, мужчына літаральна ўспыхвае. З крыкам, што ён годна пражыў сваё жыццё, не сядзеў і не краў, прыгражае: калі такое здарыцца, ён скончыць жыццё самагубствам і пакіне запіску, у якой абвінаваціць у сваім учынку міліцыю.

Перапалка працягваецца ўжо паміж сужэнцамі, і ніякіх ілюзій аб паляпшэнні сітуацыі не застаецца. Участковы папярэджвае, што яго візіты стануць часцейшымі — гаспадар абяцае не адчыняць дзверы. Міліцыянеры запрашаюць жанчыну для абмеркавання сітуацыі ў РУУС. Менавіта там будзе вырашацца праблема гэтай сям'і.

— Тут сітуацыя вельмі складаная, — кажа Віктар Сянькевіч, калі мы ўжо пакінулі кватэру. — Справа ў тым, што некалькі гадоў таму ў гаспадара памёр сябар па мянушцы Кінг-Конг. Здарылася гэта перад яго чарговай адпраўкай у ЛПП. З тых часоў пенсіянеру, відаць, няма з кім абмеркаваць цяжкі лёс і праблемы сусветнага маштабу, вось ён і чапляецца да родных на п'яную галаву. Відаць, адзінае выйсце — ахоўнае прадпісанне... Але сачыць за ім трэба вельмі пільна, каб не пачуваў сябе беспакараным.

— У прынцыпе скаргаў у мяне няма, — кажа наступная гаспадыня, маладая жанчына. — Пасля прафілактычнай размовы мінулым разам, здаецца, супакоіўся...

Гаворка ідзе пра яе свёкра. Пасля смерці жонкі мужчына не прыняў жонку свайго сына, якую той прывёў у кватэру, і распачаў сапраўдную вайну. «Баявыя дзеянні» пачынаюцца, вядома, на п'яную галаву.

Трохі пазней жанчына прызнаецца: праблема канчаткова не знікла. Засталіся пагрозы, шантаж высяленнем, бясконцыя абразы і іншае.

— Можаце спытаць у суседзяў, як ён сябе паводзіць, калі вып'е. Вось мы з імі сябруем, але ў госці да нас не ходзяць, бо ведаюць, які тэатр тут штовечар. Мяне ён баіцца, бо ведае, што магу выклікаць міліцыю. Можа, толькі гэта і стрымлівае яго цяпер. Апошні месяц цішыня, дагэтуль жа быў у двухмесячным запоі. Здароўя хапае, таму працягвае працаваць і на пенсіі. Адтуль і грошы: каля 10 мільёнаў штомесяц.

Участковы пытаецца, чым можа дапамагчы міліцыя. Жанчына мяркуе, што свёкра выратуе толькі нарколаг. Спыняюцца на варыянце з візітам урача на дом. Застаецца спадзявацца, што гэты выхад сапраўды зможа скончыць пакуты сям'і...

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.