Вы тут

Што трэба ведаць і рабіць, каб антыбіётыкі нам дапамагалі?


Напэўна ўсе чулі пра новую праблему чалавецтва: мікраарганізмы ўсё часцей дэманструюць устойлівасць да лекаў, закліканых ратаваць ад захворванняў, абумоўленых гэтымі нябачнымі агентамі. Праблема ў тым, што чалавека яшчэ не было, а вось мікробы дакладна існавалі, а таму ў іх большая практыка выжывання. А калі ўжо жыць ім хочацца не менш, чым чалавеку, то і рабіць яны для гэтага будуць усё магчымае — прыстасоўвацца да самых шкодных умоў, у тым ліку да лекаў-забойцаў.З аднаго боку, антыбіётыкі ўсё яшчэ дапамагаюць чалавеку, але цяпер ужо не ўсім і не заўсёды. Ёсць такія хворыя, якім у барацьбе з бактэрыялагічным захворваннем не дапамагае вялікая колькасць добра вядомых прэпаратаў, а ёсць і тыя, каму не дапамагаюць усе вынайдзеныя на сёння прэпараты (галоўным чынам размова ідзе пра людзей, якія атрымліваюць лячэнне ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі). Хоць трэба аддаць належнае: вучоныя старанна вынаходзяць усё новыя і новыя лекі гэтага шэрагу.Што стала прычынай такога неспрыяльнага для чалавецтва становішча? Галоўным чынам бескантрольнае ўжыванне антыбіётыкаў. Абвінавачваюць і самалячэнне, і актыўнае выкарыстанне такіх прэпаратаў у жывёлагадоўлі (для хутчэйшага прыросту і барацьбы з інфекцыямі).


— Выкарыстанне ветэрынарных прэпаратаў, у тым ліку антыбіётыкаў, у жывёлагадоўлі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з інструкцыямі па іх выкарыстанні, — адзначае начальнік упраўлення кантролю за супрацьэпізаатычнай і прафілактычнай работай дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛЯХОЎСКІ. — Дадаткова, каб атрымаць бяспечную прадукцыю жывёлагадоўлі, яна кантралюецца на наяўнасць шкодных рэчываў, у тым ліку антыбіётыкаў. Нормы становяцца год ад года больш жорсткімі. Можна сказаць, што сёння яны больш жорсткія, чым у шэрагу еўрапейскіх краін. Разам з тым распрацоўваюцца, у тым ліку беларускімі вучонымі, новыя вакцыны для прафілактыкі захворванняў, а таксама лекі, якія замянялі б антыбіётыкі (на аснове прэ- і прабіётыкаў). Хоць цалкам адмовіцца ад прымянення антыбіётыкаў не атрымаецца. Таму што сельская гаспадарка — гэта масавая вытворчасць, і верагоднасць распаўсюджвання хвароб там надзвычай высокая. Пры гэтым для ветэрынарных прэпаратаў, у тым ліку і для антыбіётыкаў, вызначаюцца нормы іх увядзення і тэрмін вывядзення з арганізма жывёлы. Па завяршэнні такога тэрміну ні лекаў, ні іх рэшткаў у мясе ці іншай прадукцыі ўжо гарантавана няма.

Паводле слоў галоўнага пазаштатнага спецыяліста па клінічнай фармакалогіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дацэнта кафедры клінічнай фармакалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ларысы ГАЎРЫЛЕНКІ, станоўчым з пункту гледжання бяспекі момантам з'яўляецца і тое, што падчас гатавання ежы, тэрмічнай апрацоўкі мяса, малака і г.д. адбываецца змяненне саставу прэпарата. «Антыбіётыкі ўплываюць не толькі на адчувальнасць і ўстойлівасць да іх, але і на метабалічныя працэсы арганізма, хоць ацаніць маштаб і спецыфіку гэтага ўплыву даволі няпроста. Тым не менш Міністэрства аховы здароўя стварыла рабочую групу, якая будзе ацэньваць усю праблему ў комплексе, у тым ліку рацыянальнасць прызначэння антыбіётыкаў».

Для Беларусі сёння праблема рэзістэнтнасці (устойлівасці) да антыбіётыкаў актуальная, дадае дацэнт кафедры інфекцыйных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юрый ГОРБІЧ. «Там, дзе прымяняюцца такія прэпараты, ёсць і ўстойлівасць да іх. Кожнае ўжыванне антыбіётыку — гэта цагліна ў фарміраванне ўстойлівасці. Чым больш іх прызначаць, тым больш будуць прыстасоўвацца мікраарганізмы. Вырашацца гэта можа двума метадамі — абмежаваннем выкарыстання або пастаянным вынаходствам новых лекаў. Дарэчы, сам працэс распрацоўкі і першай рэгістрацыі прэпаратаў займае ад 3 да 7 гадоў (амаль год мінае з моманту рэгістрацыі навінкі за мяжой да яе рэгістрацыі ў нашай краіне). Каштуюць распрацоўкі мільярды долараў... Трэба разумець, што асноўная праблема для некаторых замежных краін — наяўнасць у бальнічным асяроддзі мікраарганізмаў, неадчувальных да большасці, а ў некаторых выпадках і да ўсіх існуючых антыбіётыкаў. Гэта выдаляе з арсеналу ўрачоў велізарны блок лекаў і пакідае магчымасць выкарыстання толькі рэзервовых».

Для нашай краіны праблема заключалася да нядаўняга часу ў магчымасці набыцця антыбіётыкаў без рэцэпту. Няма чалавека, які хаця б раз у жыцці не набываў іх менавіта такім чынам. Увядзенне кантролю за продажам лекаў па рэцэпце знізіла колькасць рэалізацыі антыбіётыкаў у нашых аптэках на трэць.

Значыць, амаль кожны трэці антыбактэрыяльны прэпарат ужываўся ў нас проста так, ад чаго заўгодна — і ад насмарку, і ад болю ў жываце, ды яшчэ з інструкцыяй многія забывалі азнаёміцца!

Прымалі як на сэрца лягло: праз тры дні стала лягчэй — адмянялі. А ў выпадку з антыбіётыкамі гэта вельмі згубная практыка. Калі такія лекі прызначае ўрач, ён улічвае адзін важны момант — дозу і працягласць ужывання, якія вызначаюць і магчымасць вынішчэння мікраарганізма, і мінімальную рызыку развіцця ўстойлівасці да гэтага прэпарата.

Сёння дакладна ўстаноўлена, што антыбіётыкі не валодаюць супрацьвіруснай актыўнасцю. Аднак бывае, што пры вірусным захворванні ўрач усё ж такі прызначае антыбіётык. Як жа так? Аказваецца, урач можа ўлічваць небяспеку развіцця далейшага бактэрыяльнага ўскладнення пры тым жа грыпе, вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі.

Прызначаць антыбіётык на фоне віруснай інфекцыі з мэтай прафілактыкі бактэрыяльнага ўскладнення можна, але не ўсім. Адна справа, калі грып напаткаў маладога чалавека без хранічнай паталогіі (верагоднасць развіцця ўскладнення ў такім выпадку меншая за 1 працэнт), і зусім іншая — калі гэта пацыент пажылы, з некалькімі цяжкімі хранічнымі паталогіямі, або калі ў пацыента ёсць выяўлены імунадэфіцыт, верагоднасць развіцця ўскладненняў пры якім дасягае 90 працэнтаў.

— Мы лечым не захворванне, а пацыента, — тлумачыць Ларыса Гаўрыленка. — А ў кожнага пацыента ёсць свой індывідуальны профіль. Асноўным захворваннем можа быць грып, але ён можа спалучацца з хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх, іншай хранічнай інфекцыяй. Вынікі аналізаў падкажуць нам, ці ёсць верагоднасць абвастрэння гэтых станаў. Калі ёсць, значыць, антыбіётык можа стаць мерай прафілактыкі.

На вялікі жаль, тое, што кажа ўрач, у нашай краіне чамусьці падвяргаецца сумненню. Узнікае жаданне абмеркаваць яго словы са знаёмымі, пераправерыць у інтэрнэце... Чамусьці абсалютна ігнаруюцца ў якасці рэкамендацый такія парады, як піць больш цёплай вадкасці, вытрымліваць пасцельны рэжым. А між тым гэта зусім не пустыя словы. Літаральна яны азначаюць два моманты. Па-першае, абмежаванне фізічнай нагрузкі — каб арганізм займаўся толькі тым, што найбольш важна для яго цяпер; і, па-другое, дэзынтаксікацыю — вывядзенне з арганізма таксічных прадуктаў... Мала хто надае ўвагу і таму, як правільна прымаць спецыфічныя прэпараты — а менавіта, запіваць вялікай колькасцю вады. Менавіта вады!

Нездарма высокадазаваны ібупрафен 400 мг (і больш), асабліва ў камбінацыі з парацэтамолам, быў аднесены ў нас да рэцэптурных лекаў.

Аналіз бяспекі паказаў, што яго ўжыванне ў якасці гарачкапаніжальнага сродку, асабліва, калі яно не забяспечваецца дастатковай колькасцю вадкасці, надзвычай таксічна ўздзейнічае на ныркі, што можа скончыцца шпіталізацыяй. Заўсёды запівайце таблеткі звычайнай пітной вадой і ў дастатковай колькасці. Так вы забяспечыце неабходную біядаступнасць, эфектыўнасць і бяспеку.

Правілы ўжывання антыбіётыкаў

  • Не прымайце антыбіётык у першыя тры дні вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі. Калі вы будзеце вытрымліваць пасцельны рэжым і піць шмат вады, абавязкова адчуеце палёгку і без «хіміі», калі ж не — звяртайцеся да ўрача.
  • Нават калі тэрмін прыдатнасці прэпарата скончыўся ўсяго месяц таму, яго трэба выкінуць, а не імкнуцца выкарыстаць («абы не прапаў»).
  • Запівайце таблетку шклянкай звычайнай пітной вады.

Паводле рэкамендацый рацыянальнага ўжывання медпрэпаратаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, лекі павінны прызначацца па паказаннях (індывідуальны падыход); у дозе, якая адпавядае канкрэтнаму пацыенту; з індывідуальнай працягласцю прымянення і ўлікам фінансавага складніка (даступнасці як для медарганізацый, так і для пацыента).

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Абвінавачваецца... самалячэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.