Вы тут

Не пераводзьце сінюю стужку!


Некалі заўважыў у сяброўкі налеплены на «вочку» вэб-камеры ноўтбука кавалак сіняй ізаляцыйнай стужкі (ну, ведаеце, яе электрыкі і слесары выкарыстоўваюць?). На пытанне, у чым функцыянал «прыстасавання», пачуў дзіўнае: «Ты што? А раптам без гэтага нехта такім чынам будзе за мной сачыць?» Вядома, тут справа ў параноі ці самаўлюбёнасці: я, напрыклад, нават не спадзяюся, што мая асоба гэтак зацікавіць каго-небудзь, каб узломваць мой камп'ютар. Тым больш што апошнім часам у справе абароны асабістай прасторы і прыватнасці шмат што змянілася, і ламаць часам нічога не трэба...


Я адносна прыязна стаўлюся да розных там «твітараў» з «інстаграмамі». Многія карыстаюцца гэтымі сацыяльнымі сеткамі як пляцоўкамі для ўласнай творчасці — тэкставай ці фатаграфічнай. Але Perіscope... Сэрвіс нават па мерках інтэрнэта яшчэ зусім малады — запуск адбыўся летась у сакавіку. Ужо праз чатыры месяцы колькасць акаўнтаў перавысіла 10 мільёнаў. Сутнасць праграмы ў тым, што любы карыстальнік можа трансліраваць у прамы эфір відэа з камеры свайго смартфона. Адпаведна, глядзець яго могуць усе, калі аўтар не выставіў абмежаванні.

У тэорыі — задума нядрэнная. Шырокія магчымасці для блогераў, прафесійных журналістаў і самых розных устаноў — без тэлевізійнага пасрэдніцтва арганізоўваць трансляцыі падзей. Ці не пра гэта марылі многія яшчэ гадоў 50 таму? Уласнае ТБ! Але на практыцы ўсё, вядома, адбываецца інакш — інтэрнэт мае ўласцівасць самую добрую задуму пераўтвараць у нешта зусім нечаканае.

Заходжу ў Perіscope. Сэрца б'ецца часцей — зараз дакрануся да нечага патаемнага і эксклюзіўнага. Ну, ці проста ўлезу ў чужое жыццё... Выбіраю першую трансляцыю з Мінска. З таго боку экрана на мяне глядзіць даволі сімпатычная дзяўчына. Хацелася б працягнуць апісанне, але распавядаць больш няма пра што — гэта ўвесь змест трансляцыі. Не, вядома, час ад часу прыгажуня ўсміхаецца ці нават нешта гаворыць («Ну, раскажыце, як вашы справы?»). Але адзіная карысць, якую можна атрымаць ад прагляду, — разуменне таго, што прыгожыя дзяўчаты яшчэ не перавяліся.

Выбіраю іншы «стрым» — зноў прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва. Распавядае гледачам, што збіраецца на тусоўку, чакае таксі. Жаліцца на сум і просіць скласці ёй кампанію для размовы. У чат сыплюцца пытанні са стандартнага набору інтэрнэт-казановы: «як жыццё?» і «што робіш?». Астатняе, хутчэй за ўсё, не для друку. Вырашаю праявіць фантазію і пытаюся, што гераіня думае пра нямецкую некласічную філасофію. Твар дзяўчыны выражае адразу ўсе эмоцыі, якія змяняюцца па стандартнай схеме «адмаўленне — гнеў — торг — дэпрэсія». Адказ «нічога не думаю» ўражвае змястоўнасцю. Але трохі пазней усё-такі чую недарэчнае: «Ну, мне Гётэ падабаецца».

Хлопцы, якія расхвальваюць свае машыны і рассякаюць па начным горадзе з тэлефонам у руцэ, падлеткі, якія размалёўваюць твары маркерам, дзяўчаты, якім проста няма чаго рабіць, — чаго толькі я не ўбачыў у Perіscope...

Асобная размова — пра гледачоў. Не падумайце, нічога не маю супраць паўднёвых народаў, але нават сціплае веданне англійскай мовы дазваляе зразумець, што прапануюць дзяўчатам самыя розныя «ахмеды» ды «ібрагімы». У асобнай катэгорыі — сябры, якім, відаць, прасцей убачыць блізкіх на экране смартфона, чым у рэальным жыцці.

За ўвесь час, што я карыстаўся Perіscope, толькі дзве трансляцыі аказаліся сапраўды карыснымі. Першая — відэа прэс-службы футбольнага «Дынама» (Мінск) на якім гульцы каманды дэманстравалі свае баскетбольныя здольнасці ў перапынку матча мінскіх жа «Цмокаў» (па тэлебачанні ў гэты час ішла рэклама). Другая — імправізаванае кулінарнае шоу: дзяўчаты паказвалі, як марынаваць мяса, і мой страўнік не дазволіў адключыцца на першай жа хвіліне.

Да чаго я вяду? Сацыяльныя сеткі змяняюць свядомасць, і цяпер, каб распавесці ўсё пра чалавека, дастаткова проста адкрыць яго старонкі ў інтэрнэце.

І яшчэ. Не пераводзьце марна тую самую ізаляцыйную стужку. Нават калі з'явіцца хакер, якога зацікавіць ваша асабістае жыццё, хутчэй за ўсё, ён проста зазірне на Perіscope...

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.