Вы тут

Поспехі беларускай навукі адлюстрованы ў міжнародных рэйтынгах


Поспехі беларускай навукі знаходзяць адлюстраванне ў самых розных міжнародных рэйтынгах. Так, напрыклад, у 2015 годзе Беларусь увайшла ў топ-10 краін свету з найбольш імклівым развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У глабальным індэксе інавацый за пяць гадоў наша краіна паднялася з 78-га на 53-ці радок. 15-е месца ў свеце па стварэнні новых ведаў, 32-е месца па выніках навукова-тэхнічнай дзейнасці — як сцвярджае старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр ШУМІЛІН, па згаданых паказчыках Беларусь выйшла на ўзровень краін Еўрапейскага саюза.


За апошні час беларусамі рэалізаваны шэраг праектаў міжнароднага ўзроўню. Так, у складзе аб'яднання ATLAS нашы навукоўцы зрабілі вялікі ўнёсак у адкрыццё славутага базона Хігса. Быў распрацаваны матэматычны дызайн хімічных злучэнняў, якія патэнцыйна могуць нейтралізоўваць ВІЧ-інфекцыю І тыпу. Лінейка «беспілотнікаў», энергаэфектыўныя святлодыёдныя выпраменьвальнікі для вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі, тэхналогія цеплавой стэрылізацыі хлебабулачных вырабаў без прымянення хімічных кансервантаў, кампазіцыйныя матэрыялы для 3D-прынтараў, шэраг фармацэўтычных распрацовак — усё гэта толькі маленькая частка са зробленага беларускімі навукоўцамі за апошні час.

Адна з галоўных рыс сучаснай беларускай навукі — яскравы ўхіл у бок прыкладных даследаванняў. Як зазначае старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір ГУСАКОЎ, практычна ўсе айчынныя распрацоўкі знаходзяць прымяненне на вытворчасці. Больш за 80% унутраных выдаткаў НАН накіроўваецца менавіта на прыкладныя работы, а фундаментальныя даследаванні вылучаюцца сваёй практычнай скіраванасцю. Як вынік — ужо цяпер ва ўстанове фарміруюць спіс з топ-100 навуковых распрацовак для ўкаранення ў рэальным сектары эканомікі.

Яшчэ адзін кірунак працы Акадэміі — стварэнне так званых кластараў, устаноў, скіраваных на выяўленне «кропак росту» і апераджальных абласцей развіцця навукі. Ужо працуе некалькі дзясяткаў такіх цэнтраў. На базе НАН пастаянна ствараюцца вытворчыя прадпрыемствы. Адзін з самых буйных праектаў, які ўжо знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі, — «Белбіяград», шматфункцыянальны навукова-тэхнічны парк.

«Мінулы год быў Годам моладзі, і вельмі важна, што пятая частка даследчыкаў НАН — гэта маладыя навукоўцы, — адзначыў Уладзімір Гусакоў. — А ўвогуле, я сказаў бы, што акадэмія навук — гэта маладзёжная арганізацыя, сярэдні ўзрост супрацоўнікаў знаходзіцца на ўзроўні 50 гадоў. Існуюць цэлыя маладзёжныя лабараторыі і праекты, а іх удзельнікі атрымліваюць шматлікія прэміі і ўзнагароды, у тым ліку міжнародныя».

«Добрая сістэма адукацыі без добрай навукі немагчымая, — упэўнены міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ. — Таму мы ўсе свае ўстановы вышэйшай адукацыі разглядаем як комплексы, дзе прыярытэтнымі з'яўляюцца навуковыя даследаванні. У нас сёння ў сістэме адукацыі дзейнічае прыкладна 300 навуковых школ па розных кірунках. І калі казаць пра прыярытэты дзяржавы, то нам падаецца, што менавіта ва ўніверсітэтах павінны аднолькава развівацца як фундаментальны, так і прыкладны сектар».

У беларускіх універсітэтах ствараюцца і ўстановы трансферту ведаў, дзе студэнтаў вучаць укараняць навуковыя веды на вытворчасці. Адсюль — вялікая колькасць прадпрыемстваў і цэнтраў, створаных на базе ВНУ. Развіваюцца і новыя формы студэнцкай навукі, у прыватнасці стартап-рух. Летась у Палескім дзяржаўным універсітэце прайшоў першы форум, прысвечаны менавіта гэтаму віду дзейнасці.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Навука на службе эканомікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.