Вы тут

Ляхавіцкаму райвыканкаму трэба заняцца экспартам


Міхаіл Мясніковіч параіў прадстаўнікам Ляхавіцкага райвыканкама заняцца экспартам, стварэннем працоўных месцаў і прыцягненнем інвестыцый.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама, на якім разглядалі пытанні, звязаныя з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту за мінулы год. Таксама паставілі задачы на сёлета. Акрамя таго, агучваліся і вынікі па рэалізацыі кадравай палітыкі на тэрыторыі раёна, выкананні рэгіянальнай праграмы «Кадры» за 2011—2015 гады.


Буйнатаварная вытворчасць — аснова эканомікі

Гаворачы ў цэлым аб выніках пяцігодкі, неабходна адзначыць, што аб'ёмы прамысловай вытворчасці раёна не пацярпелі змяненняў і засталіся на тым жа ўзроўні. Мяркуючы па справаздачах мясцовых ведамстваў, у большай ступені развівалася малое і сярэдняе прадпрымальніцтва. Таксама за пяць гадоў на 38% вырас гандаль. Аднак гэтыя паказчыкі занепакоілі Міхаіла Мясніковіча, бо яны сфарміраваліся на фоне застою буйнатаварнай вытворчасці, якая павінна быць прыярытэтам для развіцця эканомікі раёна.

«Буйнатаварная вытворчасць павінна складаць аснову нашай эканомікі, у тым ліку сельскагаспадарчага сектара і прамысловасці. Паслугі павінны быць менавіта вытворчага характару, а не пераразмеркаваннем капіталу, які быў створаны раней. Таму малы і сярэдні бізнес павінны толькі дапаўняць сферу буйнатаварнай вытворчасці», — адзначыў Старшыня Савета Рэспублікі.

Ён параіў кіраўнікам звярнуць увагу на працу з новымі прапановамі з улікам недахопаў, якія ёсць у сацыяльна-эканамічным развіцці. За год экспарт раёна ўпаў на 17,1%. Зменшылася на 10% і колькасць працуючых людзей у эканоміцы. Аб'ём інвестыцый склаў 49% да ўзроўню 2014 года. А гэта вельмі трывожная сітуацыя, якая патрабуе асаблівай увагі.

«Гэтаму можа быць толькі адна адзнака — «дрэнна». Таму трэба рабіць адпаведныя высновы. Неабходна мабілізаваць кадры, адшукваць усе крыніцы. З улікам досыць складанай сітуацыі праект рашэння пытанняў раёна павінен быць нацэлены на вынік», — пракаментаваў Старшыня Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч пазначыў асноўныя задачы, якія павінны адбіцца ў праекце развіцця раёна на 2016 год: у абавязковым парадку вырашыць пытанні праблемных сельскагаспадарчых арганізацый і кормавытворчасці для жывёлагадоўлі; старшыня райвыканкама павінен вырашыць пытанні праблемных прадпрыемстваў; знайсці магчымасці дадатковага даходу бюджэту раёна за кошт аптымізацыі выдаткаў, новых працоўных месцаў, нетрадыцыйных крыніц; знізіць сабекошт прадукцыі раёна; вырашыць пытанні па замацаванні маладых спецыялістаў.

Таксама Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што сітуацыя ў краіне складаная. У бліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб скарачэнні бюджэту да 50% на пазачарговыя патрэбы. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што сельскагаспадарчы раён атрымае ўсе запланаваныя ў рэспубліканскім і абласных бюджэтах сродкі на дарогі і меліярацыю. Члены выканкама абавязаліся прыняць усе заўвагі і за тыдзень прадставіць план развіцця раёна. Міхаіл Мясніковіч растлумачыў, што быў прызначаны Прэзідэнтам упаўнаважаным па справах Брэсцкай вобласці і паабяцаў, што будзе часцей наведваць у тым ліку і Ляхавіцкі раён.

Кансервавы завод падтрымаюць?

У Ляхавіцкім раёне добра развітая прамысловая вытворчасць. Мясцовы торфабрыкетны завод вырабляе палову аб'ёму прадукцыі ўсёй вобласці. Буйнымі экспартаарыентаванымі прадпрыемствамі лічацца малочны і льняны заводы. Але асаблівай увагі да сябе сёння патрабуе кансервавы завод. Можна сказаць, што прадпрыемства з'яўляецца адзіным прыбытковым у сваёй сферы на ўсю вобласць. Аднак аб'ёмы вытворчасці кансервавага завода за год знізіліся больш чым на 10%. Гэта адбылося з-за недахопу грашовых сродкаў на закупку сыравіны і высокага кошту крэдытных рэсурсаў. Прадпрыемству патрабуецца і тэхнічнае пераўзбраенне для выпуску новых сучасных прадуктаў, аднак атрыманы прыбытак ідзе на пагашэнне працэнтаў па пазыцы. Цяпер для завода важна вырашыць пытанне аб уключэнні яго ў спіс тых, што атрымліваюць ільготныя крэдыты. Дадатковыя сродкі патрэбны ў памеры 6 млрд рублёў. У выпадку магчымага ўключэння прадпрыемства ў гэты спіс ці вылучэння такіх сродкаў асобным дакументам, яно змагло б закупляць дастаткова сыравіны, як гэта было раней, для поўнай загрузкі прадпрыемства на ўвесь каляндарны год. Прадстаўнікі райвыканкама папрасілі дапамагчы з вырашэннем гэтай праблемы. У сваю чаргу Міхаіл Мясніковіч запэўніў, што пытанні з крэдытаваннем кансервавага завода пастараецца падтрымаць.

Акрамя таго, у сувязі з павелічэннем пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці раёна, Старшыня Савета Рэспублікі параіў кіраўнікам ведамстваў заняцца фінансавымі пытаннямі і вырашыць іх у самыя кароткія тэрміны. Пасля заканчэння пасяджэння Міхаіл Мясніковіч наведаў Ляхавіцкі малочны і льняны заводы.

kryzhevіch@zvіazda.by

г.  Ляхавічы

Загаловак у газеце: Трэба вырашаць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.