18 Верасень, аўторак

Акно


Акно. У традыцыйнай культуры беларусаў акно надзелена шэрагам сімвалічных функцый у абрадах сямейнага цыкла.


* У народных павер'ях акно ўспрымалася як выхад (шлях) для духаў, смерці. У галашэннях часта труну параўноўвалі з домам (адсюль дамавіна), а ў некаторых мясцовасцях у труне рабілі невялікую адтуліну — акно. Паўсюдна лічылі: убачыць у сне хату без вокнаў — да хуткай смерці. Верылі, што птушка, якая заляцела ў акно або стукаецца дзюбай у шыбу, прадказвае хуткую смерць кагосьці з блізкіх або знаёмых.

* Калі чалавек паміраў цяжка, вокны абавязкова адчынялі, а на падаконнік ставілі кубак з вадой, каб душа магла лёгка выйсці з цела і пакупацца ў гэтай вадзе. Калі чалавек паміраў, на вокны вывешвалі белы ручнік, каб у вёсцы хутка даведаліся: сям'і неабходна дапамога. У памінальныя дні на акно клалі першы блін для памерлага.

* Праз вокны адбываліся так званыя стасункі з душамі продкаў у дні ўшанавання продкаў на працягу года (Дзяды): існавала павер'е, што ў такія дні, калі глядзець у акно з вуліцы ў хату, можна ўбачыць сваіх памерлых сваякоў.

* У культуры ўсходніх славян акно супрацьпастаўлялася дзвярам. Яно было «нерэгламентаваным» выхадам для таго, каб «падмануць» нячыстую сілу, смерць, хваробы і г.д. Праз акно выносілі нябожчыкаў, якія былі нехрышчонымі (звычайна немаўлят), людзей іншага веравызнання, самазабойцаў. Так, калі ў хаце «не гадаваліся дзеці», г. зн. паміралі, наступнае немаўля, каб пахрысціць, перадавалі хросным праз акно.

* Акрамя таго, паўсюдна лічылася, што гэты шлях (выхад з акна) павінен заўсёды быць «чыстым», ён надзяляўся асаблівай святасцю. Таму праз акно катэгарычна забаранялася пляваць, выкідаць смецце, выліваць брудную ваду і г.д. Лічылася, што пад вокнамі стаіць анёл, які ахоўвае хату і ўсіх яе жыхароў.

* Акно заўсёды мела аканіцы, якія зачыняліся на ноч і адчыняліся з першымі сонечнымі промнямі, што яшчэ раз падкрэслівае сувязь хаты і жывога чалавека, які таксама раніцай (з абуджэннем) расплюшчвае вочы. Калі гаспадары пакідалі хату, вокны абавязкова трэба было зачыніць, як закрывалі вочы памерламу: іх забівалі шырокімі дошкамі крыж-накрыж. Такія дзеянні засцерагалі хату, каб у ёй не пасялілася нячыстая сіла.

* Прыкмячалі: калі аканіцы зімой рыпяць — да адлігі. Калі аконныя шыбы пацеюць — да змены надвор'я.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.