Вы тут

Вытворцам харчавання трэба арыентавацца на азіяцкія рынкі


Непрадказальнасць цэн на рынку энергарэсурсаў ставіць новыя задачы перад эканомікамі многіх краін. Паколькі Беларусь значна залежыць ад цэн на нафту, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паставіў кропку ў пытанні выбару эканамічнага курсу — працягнуць арыентавацца на развіццё нашых расійскіх партнёраў. Таксама ў гэтым годзе ў нашай краіне працягнецца праца над павышэннем эфектыўнасці продажаў машынабудаўнічага сектара і павышэннем прадукцыйнасці працы. Без увагі не застанецца захаванне спрыяльнага клімату для інавацыйных тэхналогій, а галоўнае — абарона ўнутранага рынку. Як будуць выконвацца пастаўленыя задачы ў перспектыве развіцця айчыннай эканомікі, для чытачоў газеты «Звязда» расказаў дэкан эканамічнага факультэта БДУ прафесар Міхаіл Кавалёў.


У чаканні нафтавай адлігі

«На нядаўняй нарадзе Прэзідэнт заявіў, што эканамічны курс у краіне мяняцца не будзе. Я думаю, што гэта правільнае рашэнне, абранае яшчэ 20 гадоў таму. Такая палітыка, накіраваная на будаўніцтва сацыяльна арыентаванай, рынкавай эканомікі, апраўдала сябе», — лічыць Міхаіл Кавалёў.

Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што ў апошнія 3 гады адбылося запаволенне эканамічнага росту, сёння варта звярнуць увагу на тэмпы росту эканомікі за апошнія 20 гадоў. Паказчыкі гавораць аб тым, што яны былі аднымі з самых высокіх у свеце. Экспарт у адносінах да 1994 году ў 2012 годзе вырас больш чым у 10 разоў.

«У значнай ступені і рост ВУП, і рост экспарту былі выкліканы высокімі цэнамі на энерганосьбіты. У апошнія гады ў складзе экспарту Беларусі нафтахімічны комплекс займаў траціну. Гэта прыблізна чацвёртая частка ВУП. Мы імпартавалі ў краіну ад 21 млн да 24 млн тон нафты ў год і перапрацоўвалі іх у нафтапрадукты. З іх 15 млн тон прадавалі за мяжой. Гэта прыносіла добры прыбытак краіне.

Больш за тое, расійскі бок у апошнія гады дазволіў нам не пералічваць вывазныя пошліны на нафтапрадукты, а залічваць іх у рэспубліканскі бюджэт. На жаль, у сувязі з часовым падзеннем цэн на нафту, я падкрэсліваю — менавіта часовым, бо яны павінны падняцца да ранейшых значэнняў, частку гэтых даходаў мы страцілі», — тлумачыць эканаміст.

Таксама ён распавёў, што ў гэтым годзе з-за нізкай рэнтабельнасці сышлі з рынку тыя пакупнікі, хто самі набывалі нафту, а ў Беларусі аплочвалі толькі паслугі нафтаперапрацоўкі. З-за гэтага нафтаперагонным заводам давялося самастойна закупляць «чорнае золата», перапрацоўваць і прадаваць яго.

«Трэба аддаць належнае нашым прадпрыемствам, бо яны хутка адаптаваліся да сітуацыі, нягледзячы на неабходнасць знайсці буйныя рэсурсы для закупкі, што азначала ўзяць крэдыты ў банкаў. У такой сітуацыі рэнтабельнасць нафтахімічнага комплексу некалькі знізілася, але ўсё роўна застаецца дадатнай і займае значнае месца ў нашай эканоміцы. Я перакананы, што нават сёння Беларусь, як і Галандыя, утрымае пазіцыі буйнога нафтахімічнага кластара», — гаворыць Міхаіл Кавалёў.

У прывязцы да курсу рубля

Валацільнасць на рынку энергарэсурсаў, бясспрэчна, уплывае на нашу эканоміку. Але гэта адбываецца не напрамую, а праз эканоміку Расіі.

«Расіяне ў новых умовах маюць менш грошай, каб купляць беларускае харчаванне, сельгастэхніку. Хуткая дэвальвацыя расійскага рубля ў адносінах да долара негатыўна ўплывае на закупку нашай краінай нафты і газу. Для Беларусі цэны на гэтыя энергарэсурсы выстаўляюцца ў доларах. У сваю чаргу мы прадаём нашу прадукцыю ў Расію па расійскіх цэнах. Таму, каб наш аграхарчовы сектар не прасядаў, даводзіцца дэвальваваць беларускі рубель услед з расійскім», — адзначыў прафесар.

Ён таксама лічыць, што цэны на прадукты харчавання ў Расіі ў хуткім часе пачнуць расці. Альбо наша краіна, хутчэй за ўсё, будзе весці перамовы аб тым, каб зафіксаваць цэны на беларускае харчаванне ў доларах, як гэта робіцца з нафтай і газам. А сітуацыя з энерганосьбітамі ў краіне зменіцца з уводам у строй Беларускай АЭС. Мы станем прыкметна менш траціць на расійскі газ.

Новыя напрамкі для харчавання

Міхаіл Кавалёў лічыць, што сённяшняя эканамічная сітуацыя павінна паскорыць працэсы дыверсіфікацыі рынкаў. Асабліва гэта закране рынак харчавання.

«Па міжнародных прагнозах харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН Расія даволі хутка рэалізуе праграму імпартазамяшчэння. Напрыклад, яна ўжо закрывае свае патрэбы ў прадукцыі птушкагадоўлі. У бліжэйшай будучыні закрые пытанне і па свініне, праз пяць гадоў — па малочнай прадукцыі і па ялавічыне. Пры такой колькасці ўрадлівых зямель Расія з часам не будзе закупляць харчовую прадукцыю для ўласных патрэб, а стане экспарцёрам», — растлумачыў прафесар.

У такой перспектыве, лічыць Міхаіл Кавалёў, айчынным вытворцам ужо сёння трэба пачынаць пераарыентавацца на Кітай і Індыю. У гэтых краінах насельніцтва цяпер актыўна пераходзіць ад спажывання рысу да мяса-малочнай прадукцыі. Ужо сёння яны закупляюць яе ў вялікай колькасці. Зараз варта задумацца пра тое, каб пачаць наладжваць лагістычныя сувязі і арыентаваць айчынныя брэнды на вытворчасць прадуктаў з улікам густаў азіяцкага насельніцтва.

Машынабудаванню патрэбны буйныя холдынгі

Адзін з асноўных сектараў, які прыносіць нашай краіне значную экспартную выручку, — сельскагаспадарчае машынабудаванне. З-за падзення цэн на нафту і санкцый у Расіі гэтую прадукцыю сталі купляць амаль удвая менш. Міхаіл Кавалёў лічыць, што так адбылося таксама з-за выхаду на рынак новых канкурэнтаў.

«Звужэнне рынку — гэта толькі адзін бок. Варта ўлічваць, што, напрыклад, КамАЗ стварыў кампанію, якая вырабляе аўтобусы, калі праводзяць тэндары, выйграе расійскі вытворца. Аналагічная сітуацыя і з трактарамі, камбайнамі. Такія ўмовы стварылі няпростае становішча для айчынных заводаў МАЗ, МТЗ і «Гомсельмаш». Аднак у гэтым часткова вінаватыя і самі нашы кампаніі. Як паказвае сусветная практыка, сёння могуць канкурыраваць на замежных рынках толькі буйныя холдынгі, якія прадаюць увесь комплекс тэхнікі, што адразу пакрывае патрэбы ўсяго сегменту. У нас жа кожны завод мае асобную тавараправодную сетку. Расійскі спажывец з-за гэтага не можа абраць у адным месцы любы беларускі прадукт», — тлумачыць эканаміст.

Ён лічыць, што ў краіне неабходна зрабіць акцэнт на стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі для ўсяго сельскагаспадарчага машынабудавання. Стварэнне буйнога холдынгу дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі на міжнародным рынку.

Як захаваць унутраны рынак?

Беларусь сёння ўваходзіць у ЕАЭС і не можа прыдумаць сваіх уласных мер па ахове рынку. Мікалай Кавалёў лічыць, што мы павінны працаваць па адзіных правілах саюза, аднак звяртаць увагу на «нямытныя» меры рэгулявання. І тут можна павучыцца ў Расспажыўнагляду, які часта вяртае беларусам вельмі якасную харчовую прадукцыю, калі яна павышае ўзровень канкурэнцыі на пэўных рынках Расіі. Арсенал «нямытнай» аховы рынку даволі шырокі, напрыклад — сертыфікацыя.

Як працуем — так і жывём

Новая рэдакцыя Дырэктывы №3 абвяшчае прадукцыйнасць працы галоўным прыярытэтам у доўгатэрміновай перспектыве. Наша адставанне па прадукцыйнасці працы ад краін ЕС, згодна з Дырэктывай Еўрасаюза, каля чатырох-пяці разоў, але гэта калі лічыць па абменным курсе. Калі ж лічыць наш валавы ўнутраны прадукт па амерыканскіх цэнах, згодна з сусветнай практыкай, то адставанне будзе некалькі большае, чым у два разы. Менавіта з-за гэтага беларусы роўна ў два разы адстаюць па валавым унутраным прадукце ад Германіі.

«Як працуем — так і жывём. Павысім прадукцыйнасць працы — будзем жыць лепш. І нічога няма страшнага ў тым, што мы кажам аб павышэнні прадукцыйнасці працы ў перыяд зніжэння пакупной здольнасці і звужэння асноўных рынкаў збыту. Варта задумацца і аб пераразмеркаванні кадраў. Мы маем сектары, дзе не хапае рабочых рук. Напрыклад, у нафтаперапрацоўцы, дзе ёсць буйныя інвестыцыйныя праекты. Неабходна перавучваць «лішніх» работнікаў і накіраваць іх туды, дзе яны патрэбныя. Ва ўсім свеце сёння высокая мабільнасць працоўнай сілы», — адзначыў Міхаіл Кавалёў.

Спрыяльны клімат для інавацый

Важны сектар эканомікі, на які сёння арыентуецца наша дзяржава, — высокія тэхналогіі. Міхаіл Кавалёў лічыць, што зараз шмат хто кажа аб біятэхналогіях, але гэта пакуль хутчэй толькі доўгатэрміновая перспектыва. У Беларусі ўжо цяпер ёсць сектар, які выходзіць на выручку ў 1 мільярд долараў у год, — Парк высокіх тэхналогій. І зараз неабходна павялічваць колькасць студэнтаў, якія неабходныя Парку. Сёння ў краіне каля 20 тысяч праграмістаў. Калі гэтая колькасць вырасце ў два разы, то экспартаваць свае прадукты і паслугі мы зможам і на 3, і на 5 мільярдаў долараў.

kryzhevіch@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.