Вы тут

Якая будучыня ў віртуальных картак у Беларусі?


Такія плацежныя карткі кліенты цяпер могуць стварыць амаль імгненна праз сістэму інтэрнэт-банкінгу.

Эксперты банкаўскай сферы ўпэўнены, што ў найбліжэйшыя гады Беларусь чакае масавы пераход на выкарыстанне віртуальных картак («ёСard») для аплаты пакупак у інтэрнэце, а праз тры гады на іх будзе прыпадаць каля 25% усіх анлайн-трансакцый у краіне.


Прыватныя банкі сёння пачалі актыўна дапамагаць масаваму распаўсюджванню гэтага прадукту на нашым рынку. «Колькасць віртуальных картак у Беларусі расце скачкападобна — толькі ў нашым банку ў лютым іх эмісія вырасла ў два разы. Акрамя таго, колькасць трансакцый з удзелам віртуальных картак за мінулы месяц павялічылася яшчэ больш прыкметна — у 2,5 раза, — адзначыў дырэктар дэпартамента электроннага бізнесу Альфа-Банка (Беларусь) Аляксей Корнікаў. — Для параўнання, плацяжоў у інтэрнэце па звычайных картках за той жа перыяд стала больш прыкладна на 30%».

Без наведвання ў банк

Спецыялісты звязваюць такую тэндэнцыю з ростам колькасці пакупак у інтэрнэце і адсутнасцю неабходнасці ісці ў банк, бо віртуальную картку можна імгненна стварыць у інтэрнэт-банку з ужо існуючага картачнага рахунку. Карыстальнікаў таксама прыцягвае адсутнасць фізічнага носьбіта: картка ўяўляе сабой сукупнасць лічбавай інфармацыі, якая захоўваецца ў «воблаку» — на аддаленым серверы.

Віртуальныя карткі адрозніваюцца яшчэ і тым, што для іх атрымання няма неабходнасці наведваць банк. Некаторыя банкі выкарыстоўваюць гібрыдны варыянт: прапануюць аформіць праз інтэрнэт заяўку, пачакаць некалькі дзён і забраць у аддзяленні «пластык» без магнітнай паласы і чыпа. Па сутнасці, гэта звычайная фізічная картка без магчымасці плаціць у звычайнай краме, гэта свайго роду «сертыфікат сапраўднасці» пакупак у інтэрнэце. «Будучыня ж за віртуальнымі карткамі, якія людзі будуць афармляць гэтак жа лёгка і хутка, як цяпер рэгіструюцца ў паштовых сэрвісах ці сацыяльных сетках. Бяспека, зручнасць і шырокі функцыянал забяспечаць імклівы рост попыту на віртуальныя карткі», — перакананы работнікі фінансавых інстытутаў.

Спецыяльны кашалёк для інтэрнэт-крам

Напрыклад, Альфа-Банк вывеў «ёCard» на рынак летась у лістападзе і адзначае ўстойлівую тэндэнцыю росту попыту на новы для беларускага рынку прадукт. Сярэдняя сума пакупкі па віртуальнай картцы сёння складае каля 7,5 долара. Так, часам пакупкі і сапраўды дробныя, але неабходнасць у іх ад гэтага не памяншаецца.

У 65% выпадкаў такія карткі адкрываюць у доларах. Часцей за ўсё віртуальны «пластык» выкарыстоўваюць для куплі тавараў у замежных інтэрнэт-крамах, набыцця авіябілетаў, браніравання гатэляў і арэнды аўтамабіляў.

Мінімальная рызыка

Сярод асноўных пераваг гэтага прадукту — большы ўзровень бяспекі, паколькі не трэба паведамляць інтэрнэт-краме рэквізіты асноўнай карткі. «Многія беларусы пакуль плацяць у інтэрнэце з зарплатнай карткі, што можа быць рызыкоўна з пункту гледжання «фроду» (ёсць такі від махлярства ў сферы інфармацыйных тэхналогій. — Аўт.) і курсавых рызык. У адрозненне ад такога звычайнага фармату, віртуальную картку можна папоўніць выключна на суму пакупкі і быць упэўненым, што ніхто гэтыя грошы не «вынесе». Пры гэтым рэквізіты карткі даступныя толькі ў інтэрнэт-банку, што гарантуе захаванасць грошай і поўную абарону ад крадзяжу і ўзлому. Да таго ж гэтую картку немагчыма згубіць, бо фізічна яе проста няма», — растлумачылі мне ў банку.

Развіццё віртуальных картак паскорыцца з прыходам у краіну тэхналогіі Host Card Emulated, якая дазваляе эмуляваць (імітацыя працы адной праграмы сродкамі іншай) электронныя ІD-дакументы, у тым ліку карткі доступу, транспартныя і банкаўскія карткі. З дапамогай смартфона і мабільнага дадатку можна будзе аплачваць пакупкі ў краме, разлічвацца ў кафэ і фітнес-цэнтрах. Адна з такіх тэхналогій — NFC — ужо атрымала шырокае развіццё за мяжой.

Без камісіі

Асобна спецыялісты нагадваюць, што сёння віртуальныя карткі ў Беларусі можна атрымаць бясплатна і маментальна: афармленне «ёCard» адбываецца праз інтэрнэт-банкінг. Больш за тое, у большасці камерцыйных банкаў краіны камісія на такое афармленне цяпер не спаганяецца, а тарыфы на папаўненне і зняцце сродкаў з першых дзён вясны зніжаны часам у разы. Вывесці грошы можна двума спосабамі: перавесці іх на пластыкавую або іншую электронную картку. Пры гэтым перавод паміж віртуальнымі карткамі ажыццяўляецца звычайна бясплатна. Падобныя віртуальныя рахункі прапануюць адкрыць у доларах, еўра або расійскіх рублях. Картка «ёCard» абаронена сістэмай бяспекі 3D-secure.

Загаловак у газеце: Віртуальны «пластык» для сеціва

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.