Вы тут

Арніталагічныя цуды сталіцы


Птушкі жывуць побач з чалавекам, але ці многія з нас добра знаёмы з крылатымі жыхарамі горада? Падчас лекцыі ў Водна-балотным цэнтры грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Руслан ШАЙКІН распавёў пра незвычайных прадстаўнікоў птушынага свету беларускай сталіцы, якіх можна назіраць штодня.


Малы, які завісае над галінай елкі, як калібры

Аказваецца, у Мінску жыве самая маленькая птушка Еўропы – жоўтагаловы каралёк. Для беларускай сталіцы від лічыцца звычайным. Пазнаюць каралька па жоўтай палосачцы на галаве. Зазвычай каралькі трымаюцца ў верхавінах дрэў, зрэдчас спускаюцца ў ніжні ярус лесу. Руслан вызначыў час, калі гэтых птушак можна ўбачыць ледзь не пад нагамі. У пачатку вясны, як толькі з’яўляюцца першыя праталіны, птушкі спускаюцца ўніз у пошуках спажывы. Каралькі вымушаны ўвесь час шукаць сабе розных насякомых, бо ў іх паскораны абмен рэчываў, яны з’ядаюць корму нашмат больш сваёй вагі (усяго 5 грамаў!).

Даволі часта свіст каралькоў блытаюць са свістам сініц, таму што асобныя гукі ў птушак вельмі падобныя. Да таго ж яны любяць трымацца ў чародках з іншымі птушкамі. “У адрозненне ад іншых птушыных, якія голасам пазначаюць сваю тэрыторыю, каралёк спявае ад душы, настрою”, – кажа Руслан. Голас у птушкі ціхенькі, але чутны здалёк.

Век каралька кароткі – у сярэднім ён жыве не больш за два гады.

Жоўтагаловы каралёк

Хто бегае ў Афрыку на зімоўку?

Драч выглядае сапраўдным няўклюдам. Падскокваючы ў палёце прыкладна на метр над зямлёй, ён нязграбна лятае, нібыта паранены. Нямногім шанцуе ўбачыць драча ў палёце, таму раней быў папулярны жарт: ён, маўляў, сыходзіць на зімоўку ў Афрыку пехатою. Па паводзінах вельмі нагадвае курапатку, але як ні дзіўна, з’яўляецца сваяком журавападобных. Прафесійны бягун прапісаўся ў двух сталічных парках: Лошыцкім і Уга Чавеса.

“Такое адчуванне, што яму падабаюцца гульні, звязаныя з бегам”, – заўважае Руслан.

Пачуць крэхт драча (“crex crex” па-лацінску) можна ў маі, падчас гнездавання. Крылаты крахтун палка абараняе ўласную тэрыторыю, але яго лёгка выманіць, уключыўшы запіс голасу драча. Пачуўшы саперніка, птушка адразу кінецца шукаць нягодніка.

Зараз папуляцыі драча у Еўропе скарачаюцца, бо від прывязаны да лугавых экасістэм, якіх з гадамі становіцца ўсё менш. Беларускія ўмовы цалкам задавальняюць драча, таму за гэтым бегуном назіраюць нават у вялікім горадзе.

Драч

Птушка-кузурка

Каго з птушыных лёгка пераблытаць з насякомым? Адказ відавочны: цвыркуноў. Адзін з якіх – салаўіны цвыркун – калісьці быў занесены ў Чырвоную кнігу. Родзічаў чарацянкі сапраўды лёгка прыняць за салаўя, хаця яны значна меншыя па памерах і паводзяць сябе інакш. Голас рачнога цвыркуна нагадвае “дзе-дзе-дзе” і амаль не адрозніваецца ад голасу зялёнага коніка.

Салаўіны цвыркун

Пеўчы сваяк дзятла

Сваё імя круцігалоўка атрымала за здольнасць моцна паварочваць галаву назад. Падобную да вераб’я птушку сямейства дзятлавых часцей не бачаць, а менавіта чуюць. Круцігалоўка часта і гучна падае свой голас, не падобны да звычайнага дзятлавага дробу.

У гэтай птушкі два пальцы размяшчаюцца спераду, а два ззаду (прылады для поўзання па дрэвах). Яна не будуе дуплаў, бо мае слабую дзюбку. Круцігалоўцы даводзіцца засяляцца ў старыя дуплы дзятлаў, часам выганяе дробных птушак – вераб’ёў, сініц, але ў некаторых выпадках і яе “просяць” вызваліць жытло. З задавальненнем харчуецца мурашамі і мурашынымі кукалкамі, насякомымі і бесхрыбетнымі жывёламі.

Круцігалоўка атрымала прапіску ў Лошыцкім парку.

Круцігалоўка

Схаваны ў трыснягу

Малы бугай гняздуецца ў кустоўі на вадаёмах са стаячай вадой. Паназіраць за жыццём рэдкай птушкі, занесенай у Чырвоную кнігу, можна ў заказніку “Лебядзіны”. Але адшукаць малога бугая няпроста: ён добра засвоіў майстэрства маскіроўкі. Пужлівая маленькая чапля хаваецца ад ворагаў, імітуючы трыснёг: для гэтага падымае дзюбку ўверх – і ад раслін яго ўжо не адрозніць.

Малы бугай

Самы чырвоны

Чаромашнік звычайны славіцца сваім чыстым голасам: на рускай мове яго песня перадаецца як “Витю видел?”. Пры гэтым птушка не прымае ўдзел у птушыным хоры, а спявае сама сабе, падалей ад суродзічаў. Падобны да вераб’я чаромашнік адметны ярка-чырвонай галавой і грудкай. Спецыялісты сцвярджаюць, што менавіта чаромашнік з’яўляецца носьбітам самага чыстага чырвонага колеру, які сустракаецца ў прыродзе.

Чаромашнік

Прафесійны ткач

Калі б праводзіўся конкурс на самае эфектнае гняздо, яго б выйграў рэмез звычайны. Для будоўлі птушка выкарыстоўвае раслінны пух, часам робіць не адно, а нават два гняздзечкі. Рэмеза блытаюць з грычуном малым ды сініцамі, а раней навукоўцы адносілі рэмеза да сямейства сініц. Пазнаюць па адметнай чорнай масцы на шэрай галаве. У Мінску рэмез – рэдкі госць, але яго заўважалі ў Драздах і заказніку “Лебядзіны”. Назіраць за птушкай лепш за ўсё ў маі, калі яна занята будаўніцтвам і падае голас. Самі ж гнёзды лепей шукаць увосень – для жытла рэмез выбірае найчасцей вербы, таполі.

Звычайны рэмез

У каго гняздо з лускі рыбы?

Чырванакніжнік зімародак – бадай, адна з самых эфектных птушак, якія сустракаюцца ў сталіцы. Яго яркая блакітная спінка блішчыць і пераліваецца на сонцы. Прыгажун любіць бавіць час каля вады, таму не здзіўляйцеся, калі заўважыце зімародка на Свіслачы альбо Лошы: ён аддае перавагу дробным рачулкам. Акрамя таго, зімародак зарэкамендаваў сябе выдатным рыбаком. Птушка гняздуецца ў норах, куды зацягвае рэшткі рыб. У яго гняздзе збіраецца даволі шмат рыбінай лускі.

Зімародак

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.