Вы тут

СПОРТ са звярыным выскалам


Акулы, крумкачы, зубры, чмялі, жураўлі і нават канарэйкі... Звяры не толькі становяцца зоркамі мультфільмаў і іншых мастацкіх твораў, але і натхняюць спартыўных функцыянераў і заўзятараў сваімі якасцямі, асаблівасцямі. Так і нараджаюцца назвы спартыўных каманд. Часам – са звярыным акцэнтам.


Беларусь: ад зуброў да крумкачоў

Калі скласці спіс спартыўных клубаў, якія назвалі ў гонар моцных драпежнікаў альбо грацыёзных, хуткіх птушак, назбіраецца сапраўдны заапарк. І Беларусь у гэтым сэнсе знаходзіцца недалёка ад іншых краін.

 

Капітан-крумкач Філіп Іваноў. Фота Надзеі Бужан

Апошні і, напэўна, самы выразны прыклад – футбольны клуб “Крумкачы”, які за некалькі гадоў з аматарскага калектыву ператварыўся ў прафесійную, баяздольную каманду, гісторыя якой вартая для сапраўднай экранізацыі. Але сёння мы не пра кіно, а пра мянушкі і назвы. Дык вось, аказваецца, што хлопцы ў пошуках арыгінальнага імя проста адкрылі беларускамоўны слоўнік і натрапілі на каларытнае слова крумкач, “вялікую чорную птушку сямейства крумкачовых, якая жывіцца пераважна падлай...”. Так і спыніліся на гэтым варыянце. У клуба з’явілася сімпатычная эмблема, колер для формы выбралі чорны і нават прыдумалі слоган: “Ляцець высока, глядзець – далёка!”. Пакуль на “крумкачоў” усё працуе. Каманда ў дэбютным для сябе сезоне ў Вышэйшай лізе набірае балы.

Гульцоў хакейнага клуба “Дынама” балельшчыкі называюць зубрамі. І ўсё, безумоўна, небеспадстаўна. Выява ўладара беларускіх пушчаў ужо даўно красуецца на гульнявых світарах хакеістаў і эмблеме каманды. Што цікава, у сціплым хакейным “Брэсце”, камандзе, якая ніколі зорак з нябёсаў не лавіла, з зубрам-сімвалам вызначыліся яшчэ напачатку 2000-х, задоўга да з’яўлення мінскага “Дынама” ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Абгрунтаванне напрошвалася само сабой. “Брэст знаходзіцца паблізу Белавежскай пушчы, дзе заўжды пражывалі зубры. Таму лагічна, што менавіта гэты звер адлюстраваны на нашай эмблеме”, – выказаўся калісьці наконт лагатыпа адзін з кіраўнікоў каманды.

Дарэчы, хакеем зубрыная тэма ў нашым спорце не заканчваецца. Сёлета сваё 25-годдзе адзначаць “Мінскія зубры”, каманда па амерыканскім футболе. Сёння хлопцы актыўна трэніруюцца і рыхтуюцца чарговы раз паўдзельнічаць у чэмпіянаце Украіны, дзе згуляюць, у тым ліку, з кіеўскімі “Бульдогамі” і львоўскімі “Львамі”. Ёсць, між іншым, ільвы і ў нас – на эмблеме хакейнага клуба “Магілёў”. Але карысці ад гэтага грознага звера ў горадзе над Дняпром няшмат. У выніку сёлетняга чэмпіянату краіны, які завяршыўся вікторыяй мінскага “Юнацтва”, магіляўчане апынуліся толькі на 10-м радку.

Звярыную тэму ў айчынным хакеі працягвае салігорскі “Шахцёр”. На грудзях хакеістаў адлюстраваны грозны крот у гарняцкай касцы, які перакусвае напалам клюшку.

"Шахцёр" (Салігорск)

У Віцебску пайшлі далей і змясцілі на лагатыпе аднайменнай лядовай дружыны буйнога мядзведзя. Балельшчыкі каманду так і называюць – “віцебскія мядзведзі”. У жаночым беларускім гандболе сітуацыя даволі цікавая. З эмблемы БНТУ-БелАЗа, флагмана чэмпіянату, рыкае чорная пантэра, а на лагатыпе каманды “Віцебск-Ганна” намалявана... курачка, што трымае гандбольны мячык. Сэнс шукайце ў назве каманды. Яе спонар – віцебская бройлерная птушкафабрыка.

“Чорныя каты” і нават “цюлені”

Але найбольш звяроў на лагатыпах і ў назвах спартыўных каманд у ЗША і ў Заходняй Еўропе. Вось дзе сапраўднае звярынае раздолле! Пачнем з Амерыкі. Нацыянальная хакейная ліга літаральна стракоча арыгінальнымі імёнамі. Тут табе і пінгвіны з Пітбсурга, і мядзведзі з Бостана, і каёты з Арызоны, і драпежнікі з Нэшвіла, і акулы з Сан-Хасэ... Што цікава, назву камандзе з Сан-Хасэ выбіралі самі балельшчыкі. І ў выніку свой выбар абгрунтавалі тым, што ў водах Ціхага акіяна, на якім знаходзіцца горад, пражывае 7 відаў акул. Той, хто сачыў за кар’ерай славутага беларускага хакеіста Руслана Салея, ведае пра магутных качак з Анахайма і пантэр з Фларыды.

У Амерыканскай хакейнай лізе, другой прафесійнай у Паўночнай Амерыцы, гуляюць ласі з Манітобы, лядовыя дзікі з Рокфарда... У Нацыянальнай баскетбольнай лізе ёсць быкі з Чыкага, шэршні з Шарлоты, ваўкі з Мінесоты. Часам цікавая не толькі назва, але і мастацкае рашэнне некаторых праектаў. Гэта проста трэба бачыць. Вось, напрыклад, альтэрнатыўны лагатып каманды “Сірак’юс Салці Догс” (злыя сабакі з Сірак’юса). У яго на галаве мы бачым сабаку, падобнага да далмацінца. На ім – бандана, у вусе – завушніца, у вачах – суровы позірк. Праўда, гэтай суровасці хапіла толькі на адзін год. У 2004-м клуб разваліўся. У Сан-Францыска пайшлі далей і назвалі каманду “СанФранцыска Сэлс”, – цюлені з Сан-Францыска. Арыгільнасці межаў няма.

"Сан-Хасэ Шаркс"

Але ў матухне Еўропе таксама не лыкам шытыя. У “Ліверпуля” на эмблеме мастак адлюстраваў сімвал горада, міфічную істоту – чырвоную птушку Лівер. А балельшчыкаў і футбалістаў нямецкага “Кёльна” празвалі казламі... Як сцвярджае паданне, кіраўніку каманды ў свой час падарылі козліка. Ён усім так спадабаўся, што стаў сімвалам клуба. Такіх казлоўсімвалаў у кёльнцаў было некалькі пакаленняў. І пакуль футбалісты вырашаюць, хто найлепшы з іх на футбольным полі, чарговы рагаты мірна гуляе за варотамі і скубе траўку. Англійскі футбол – скарб для даследчыкаў спартыўнага заапарка. За жоўта-чорны колеры гульнявой формы “Уотфард”, каманду, прэзідэнтам якой быў сам сэр Элтан Джон, называюць шэршнямі, “Вест Бромвіч Альбіён” – драздамі (бо выява гэтай птушкі на эмблеме). Праз каляровае падабенства з птушкай “Норвіч Сіці” празвалі канарэйкамі. “Лестэр Сіці” – лісамі, “Нюкасл Юнайтэд” – сарокамі, “Хал Сіці” – тыграмі. “Брайтан энд Хоўв Альбіён” называюць чайкамі, “Дэрбі Каунці” – баранамі.

А вось “Сандэрленд” клічуць чорнымі катамі, хаця ніякіх коцікаў на лагатыпе няма. Сэнс вось у чым. Падобная мянушка, якой гатовы пазбягаць многія, далучылася да калектыву таму, што непадалёк ад горада знаходзілася артылерыйская батарэя з такой назвай. А канчаткова назва прыжылася ў 1937 годзе, калі хлопчык на фінальны матч Кубка Англіі паміж “Сандэрлендам” і “Прэстанам” пранёс у кішэні чорнае кацяня. Для ўдачы. І клуб перамог: упершыню заваяваў пачэсны трафей! Гэта быў знак. Мянушка засталася. У “Сандэрлендзе” так палюбілі чорных катоў, што на працягу 1960-х на іх стадыёне жыў сапраўдны чорны кот, якога ўтрымлівала каманда. Ёсць у Англіі і каманды, якія атрымалі мянушкі ў гонар сабак. Чаму б і не? Так, клуб “Хадэрсфілд Таўн” называюць “тэр’ерамі”, “Барнслі” – “дварнякамі”.

“Хал Сіці”

У Іспаніі, напрыклад, на эмблеме “Валенсіі” адлюстраваны невялічкі кажан, на лагатыпе італьянскага “Бары” – сапраўдны певень. Ну а славуты бразільскі “Васку да Гама” нехта наогул называе траской. Што зробіш, і такое бывае. У галандскай каманды “Брэнда” ёсць вельмі вытанчаная мянушка “жамчужына поўдня”. А ёсць і не вельмі – De Ratten (пацукі).

Ну а афрыканскіх балельшчыкаў можна, напэўна, назваць самымі паэтычнымі. Вы толькі паслухайце. Хіба толькі паэт мог назваць сваю каманду “самотнымі зоркамі”. Гэта, калі што, пра каманду Ліберыі. А як вам “арлы Карфагена”? Гэта ўжо пра Туніс. Нацыянальную зборную Каморскіх астравоў балельшчыкі ласкава называюць цэлакантамі (рыбінамі, якія навукоўцы лічаць жывымі выкапнямі). Гульцы зборнай Беніна – “вавёркі”, Нігерыі – “суперарлы”, а Бурундзі – “ластаўкі”.

Казёл - сімвал футбольнай каманды "Кёльн"

Як бачым, балельшчыцкі розум на выдумку багаты ў кожнай краіне. Узровень арыгінальнасці часам проста зашкальвае. Аднак галоўнае ў тым, каб спорт ад гэтых рашэнняў рабіўся больш відовішчным і цікавым, а не наадварот. Мянушкам усё ж такі трэба адпавядаць. Бачыць на арэнах слабых ільвоў, тыграў ці пантэр, пагадзіцеся, неяк няправільна.

Якаў ЖУРБІН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.