Вы тут

Трагедыя на Блакітным беразе


Дзень узяцця Бастыліі загінула не менш за 84 чалавекі, сотні атрымалі траўмы. Па папярэдніх звестках, беларусаў сярод пацярпелых няма.


Чарговы раз мішэнню тэрарыстаў стала Францыя. Увечары 14 ліпеня тысячы жыхароў Ніцы і шматлікія турысты выйшлі на Англійскую набярэжную, каб пабачыць салют, прысвечаны галоўнаму дзяржаўнаму святу краіны. Каля 23:00 у натоўп на высокай хуткасці ўрэзаўся грузавы аўтамабіль. Па словах відавочцаў, машына рухалася зігзагамі — каб зачапіць як мага больш людзей... Смяротны заезд працягваўся амаль два кіламетры, за гэты час пад колы трапілі дзясяткі прысутных, сярод іх больш як паўсотні дзяцей. Акрамя гэтага, кіроўца вёў агонь па людзях са зброі.

Усё скончылася толькі пасля пэрастрэлкі з паліцыяй — тэрарыст быў ліквідаваны. Паведамляецца, што грузавік меў куленепрабівальнае лабавое шкло, гэта і стала прычынай зацягвання аперацыі. Злачынца быў забіты выстралам у бакавое акно. У машыне знайшлі зброю, у прыватнасці гранаты (пазней высветлілася, што гэта былі муляжы), а таксама дакументы на імя 31-гадовага выхадца з Туніса, які меў туніскі і французскі пашпарты, паведамляе Agence France-Presse. Грузавік, па інфармацыі Le Fіgaro, быў узяты ў арэнду ў адным з гарадоў на Блакітным беразе. Паведамляецца, што мужчына раней ужо трапляў пад увагу праваахоўных органаў у сувязі з дробнымі правапарушэннямі. Выданне Nіce Matіn называе і яго імя — Махамед Ляўэж Булель, кіроўца службы дастаўкі, бацька трохгадовага дзіцяці.

Пакуль невядомы матывы, якія падштурхнулі тэрарыста да здзейсненага, таксама няма інфармацыі аб тым, ці былі ў яго саўдзельнікі. Паведамляецца, што ў кватэры мужчыны быў праведзены вобыск. Прыналежнасць Махамеда Булеля да радыкальных суполак не пацвярджаецца. У інтэрв'ю Nіce Matіn суседзі сцвярджаюць, што ён не быў падобны да рэлігійнага чалавека. Пакуль што ніводная з тэрарыстычных груповак не ўзяла на сябе адказнасць за здзейсненае. Але прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд на начной прэс-канферэнцыі пасля трагедыі назваў тое, што здарылася, тэрактам.

Улады горада адмянілі ўсе грамадскія мерапрыемствы на бліжэйшы час, а таксама закрылі доступ на пляжы Ніцы. На няпэўны тэрмін закрыты і доступ на Англійскую набярэжную. У Францыі аб'яўлена трохдзённая агульнанацыянальная жалоба.

Як паведамляе прэс-служба беларускага Міністэрства замежных спраў, інфармацыя пра беларускіх пацярпелых у тэракце пакуль адсутнічае. Адсочваць сітуацыю працягвае пасольства Беларусі ў Францыі.

Свае спачуванні прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду накіраваў беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка. «З вялікім болем у Беларусі ўспрынялі паведамленне пра бязлітасны тэрарыстычны акт, які адбыўся 14 ліпеня 2016 года ў Ніцы ў значны для ўсёй Францыі дзень, — гаворыцца ў паведамленні. — Вялікая колькасць загінулых і параненых мірных грамадзян, наяўнасць сярод іх жанчын і дзяцей асабліва падкрэсліваюць нечалавечую сутнасць заказчыкаў і выканаўцаў тэрактаў».

«Беларусь рашуча асуджае любыя формы і праяўленні тэрарызму і экстрэмізму. Няма нічога больш важнага, чым мір і спакой у грамадстве, якія з'яўляюцца асновай устойлівага развіцця і дабрабыту кожнай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сваю заяву з нагоды трагедыі апублікавала і Міністэрства замежных спраў. У ёй гаворыцца, што ў Рэспубліцы Беларусь з глыбокім болем успрынялі паведамленне пра тэракт у Ніцы ноччу 14 ліпеня. У ведамстве падкрэсліваюць: асабліва цынічны характар здзейсненаму надае тое, што бесчалавечны акт тэрарызму адбыўся ў дзень святкавання французскім народам свайго нацыянальнага свята. «Беларускі бок рашуча асуджае ўсе праявы тэрарызму і лічыць, што акты гвалту ў дачыненні да цывільнага насельніцтва, якія пачасціліся апошнім часам, не могуць мець апраўдання і не павінны заставацца без жорсткай кансалідаванай рэакцыі сусветнай супольнасці» — гаворыцца ў заяве. Міністэрства выказвае спачуванні сем'ям і блізкім загінулых, а таксама жадае хуткага выздараўлення ўсім пацярпелым.

Тым часам у пасольстве Францыі ў Беларусі адкрылі кнігу спачуванняў, дзе кожны ахвотны можа пакінуць свае словы падтрымкі французскаму народу. Але праз абмежаваную колькасць людзей, якія можа прыняць установа, у пасольстве грамадзянам рэкамендуюць пісаць свае спачуванні на агульны электронны адрас дыппрадстаўніцтва webmestre.by@dіplomatіe.gouv.fr. Усе паведамленні перададуць уладам Францыі. На працягу дня беларусы неслі да будынка французскага пасольства кветкі і свечкі.

У МУС аналізуюць тэракты ў Заходняй Еўропе

Як паведаміў Дзмітрый Кур'ян, начальнік упраўлення аховы правапарадку Міністэрства ўнутраных спраў, тэракты, якія адбываюцца ў Еўропе, старанна аналізуюць як у МУС, так і ў тэрытарыяльных органах унутраных спраў нашай краіны. Зыходзячы з абстаноўкі, уносяцца неабходныя карэктывы, змены ў арганізацыю грамадскага правапарадку, каб можна было пазбегнуць падобных сітуацый у нашай краіне.

Якаў Журбін

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.