Вы тут

Прэзідэнт Беларусі лічыць Туркменістан нашым стратэгічным партнёрам


Нарошчванне таваразвароту, сумесныя інфраструктурныя праекты, удзел нашай краіны ў рэалізацыі праграм па развіцці сельскай гаспадаркі Туркменістана — гэта толькі некаторыя пытанні, якія абмяркоўваліся ўчора ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са сваім калегам — кіраўніком Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, які знаходзіцца ў нашай краіне з афіцыйным візітам.


Укараніць усё найлепшае

Аляксандр Лукашэнка, вітаючы Прэзідэнта гэтай краіны, прызнаўся, што яго ўражвае, як выкарыстоўваецца ў Туркменістане сусветны вопыт.

«Мы стараемся ўкараніць у Беларусі ўсё найлепшае, што вы робіце ў Ашгабаце, — адзначыў кіраўнік нашай краіны. — У той жа час мы дзелімся з вамі тым перадавым вопытам, які назапашаны ў нас і ў якім мае патрэбу ваша краіна».

«Я вельмі рады, што вы прыехалі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Час у свеце няпросты. Гэта вельмі важна, што, сустракаючыся, мы маем магчымасць абмеркаваць сітуацыю ў свеце — і як яна ўплывае на беларуска-туркменскія адносіны, і што нам трэба зрабіць яшчэ, каб пераадолець тыя негатыўныя з'явы, якія ўплываюць на нас, і не дапусціць большага іх уплыву на нашы дзяржавы».

Гурбангулы Бердымухамедаў выказаў кіраўніку нашай дзяржавы словы ўдзячнасці за запрашэнне наведаць Беларусь.

«У нас назапашана добрая прававая база як у палітычнай, так і ў гадлёва-эканамічнай, культурна-гуманітарнай сферах, — заўважыў ён. — Самае галоўнае, што па ўсім спектры палітычных пытанняў мы маем блізкія пазіцыі на міжнароднай арэне».

Па словах Прэзідэнта Туркменістана, гэта пазіцыі па бяспецы, падтрыманні ідэі міру ва ўсім свеце. Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўдзел у міжнародным форуме, прысвечаным 20-годдзю нейтральнага статусу Туркменістана. Што да гандлёва-эканамічнага супрцоўніцтва, то Гурбангулы Бердымухамедаў асабліва адзначыў праект па будаўніцтве Гарлыкскага горнаўзбагачальнага камбіната.

Рэзервы ёсць

«Штогадовыя сустрэчы на вышэйшым узроўні падкрэсліваюць стратэгічны характар беларуска-туркменскіх адносін, узаемную зацікаўленасць у развіцці партнёрства, — на гэтым зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка падчас уступнага слова на перамовах з туркменскім лідарам у пашыраным складзе. — Перамовы ў фармаце «адзін на адзін» пацвердзілі падобнасць нашых поглядаў. Беларусь і Туркменістан традыцыйна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках. Упэўнены, што так будзе і надалей».

Беларускі лідар адзначыў, што сёння Туркменістан карыстаецца заслужаным аўтарытэтам на сусветнай арэне як прадказальны партнёр, які праводзіць узважаную знешнюю палітыку. Па ініцыятыве гэтай краіны здзяйсняюцца інфраструктурныя праекты, якія маюць істотнае значэнне для ўсёй Цэнтральнай Азіі.

«Ваша садзейнічанне ў падключэнні да іх Беларусі можа стварыць дадатковую аснову для развіцця нашых адносін, яшчэ больш умацаваць вагу Туркменістана ў рэгіёне», — звярнуў увагу Прэзідэнт нашай краіны.

Па яго словах, у партнёрстве Мінска і Ашгабата ўжо ёсць некалькі стрыжнёвых кірункаў. Па-першае, гэта будаўніцтва Гарлыкскага горнаўзбагачальнага камбіната, якое стымулюе развіццё іншых вектараў супрацоўніцтва. Будаўніцтва, як запэўніў Прэзідэнт нашай краіны, будзе завершана ў намечаныя тэрміны. Гэты камбінат застаецца ключавым сумесным праектам, якому беларускі бок надае першарадную ўвагу. Прэзідэнт Туркменістана, у сваю чаргу, паведаміў, што Гарлыкскі горнаўзбагачальны камбінат плануецца здаць у 2017 годзе.

Значным кірункам узаемавыгаднага супрацоўніцтва з'яўляюцца таксама пастаўкі беларускай тэхнікі.

«Многія гады нашы машынабудаўнікі экспартавалі ў вашу краіну трактары, грузавікі, спецыяльна адаптаваныя да туркменскіх кліматычных умоў, — паведаміў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. — Мы зацікаўлены аднавіць продаж у мінулых аб'ёмах».

Ён асобна падкрэсліў, што наша дзяржава гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм па развіцці сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны Туркменістана.

У ліку перспектыўных сфер для развіцця ўзаемадзеяння Аляксандр Лукашэнка назваў і сферу транспарту.

«Мне вядома, што Туркменістан надае значную ўвагу развіццю транспартнай сеткі, — адзначыў ён. — Сумеснае праектаванне інфраструктуры чыгункі ў вашай краіне і адпаведнае навучанне персаналу дазволяць вам у далейшым самастойна рашаць складаныя тэхнічныя задачы. Беларускія арганізацыі маюць таксама магчымасці для ўдзелу ў будаўніцтве туркменскіх магістраляў, у тым ліку на ўмовах субпадраду».

Экспарт ІT-распрацовак

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Туркменістан дасягнулі істотных поспехаў у навукова-тэхнічным узаемадзеянні.

«Сумесна рэалізуецца высокатэхналагічны праект стварэння ў Туркменістане беспілотных авіяцыйных комплексаў, — сказаў ён. — Прапануем развіваць гэты кірунак».

Ён нагадаў, што падчас Нацыянальнай выставы Рэспублікі Беларусь у Ашгабаце ў снежні 2015 года была прадэманстравана новая лінейка мадэляў лятальных апаратаў такога тыпу.

«Перспектыўным рэзервам навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва застаюцца пакуль не задзейнічаныя ў поўнай меры сумесныя праекты ў сферы камп'ютарных тэхналогій, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Беларускія ІT-кампаніі гатовы працягваць укараненне сучасных тэхналогій у розныя сферы. Гутарка ідзе пра сістэмы электроннага дакументаабароту, кантролю аплаты праезду ў гарадскім пасажырскім транспарце, інвентарызацыі жылога фонду Ашгабата».

Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што з улікам дынамічнага развіцця туркменскай эканомікі наша краіна можа падзяліцца вопытам у падрыхтоўцы кадраў па рабочых спецыяльнасцях.

Учора таксама ў прысутнасці прэзідэнтаў абедзвюх краін быў падпісаны шэраг дакументаў па развіцці далейшага супрацоўніцтва.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Час скарыстоўваць магчымасці

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?