Вы тут

Калі адсутнічае СТРАХоўка


...У Белдзяржцырку людзей сёння няма — наступнае прадстаўленне адбудзецца заўтра. У зале толькі адзін глядач, і гэта я. У абсалютнай цішыні ў цэнтр арэны выходзіць мініяцюрная дзяўчына. У яе руках рэквізіт: некалькі вялікіх цыліндраў са шклапластыку (як мы пазней даведаемся, яны называюцца «цыгарамі»), крэсла на доўгіх ножках (па-цыркавому — «антыпод») і некалькі хустак. У дваццацігадовай гімнасткі-эквілібрысткі Алены КЛІМОВІЧ чарговая рэпетыцыя, паназіраць за якой напрасіліся і мы. Мэта візіту — распытаць пра асаблівасці прафесіі цыркача і даведацца, як у яе трапляюць новыя людзі.


Першае практыкаванне сённяшняй рэпетыцыі — антыпод. Алена кладзецца на крэсла ўніз галавой і пачынае рабіць нагамі такія рэчы, якія большасць з нас наўрад ці зробіць нават пры дапамозе рук: яна раскручвае і падкідвае «цыгары», жангліруе імі. Працэс цягнецца вельмі доўга, і гэта ўражвае — паспрабуйце проста вертыкальна патрымаць ногі ў паветры хоць бы хвіліны дзве-тры і зразумееце, пра што я кажу. Відовішча неверагоднае, але далей — болей. Дзяўчына бярэ ў рукі другі цыліндр, таксама раскручвае яго, падкідвае ў паветра і ловіць... Наступнае практыкаванне вельмі падобнае, але ў якасці рэквізіту выкарыстоўваюцца хусткі. Дзяўчына прыдае ім кручэнне, за кошт чаго плоская тканіна трымаецца на яе нагах, і цяпер жангліруе ўжо хусткамі.

— Я была вельмі няўрымслівым дзіцем, — кажа Алена. — Бацькам ад мяне ніколі жыцця не было, увесь час «на вушах хадзіла». Першай не вытрымала бабуля — у пяць гадоў узяла за руку і адвяла ў новую цыркавую студыю, якая толькі-толькі адкрылася ў маёй роднай Оршы. З будучай «спецыялізацыяй» вызначылася хутка — як толькі прыбегла ў залу, адразу ж палезла на канат. Вось і атрымалася, што стала гімнасткай. Але энергіі ўсё адно было зашмат — давялося весці мяне яшчэ і на танцы.

У цыркавой студыі дзяўчына правяла ўсё дзяцінства. Былі і пэўныя поспехі: удзел у фестывалях, конкурсах, паездкі па блізкім і далёкім замежжы, шматлікія дыпломы... Тым не менш Алена прызнаецца, што звязваць жыццё з цыркам ніколі не збіралася, старанна вучылася ў школе і нават атрымала залаты медаль. Пасля яе заканчэння паступіла на хімічны факультэт БДУ і пераехала ў сталіцу.

На вы­шы­ні 20 з ліш­нім мет­раў Але­на ад­чу­вае ся­бе ці не лепш, чым на зям­лі.

— На першым курсе я думала, што з цыркам трэба заканчваць, знайсці сур'ёзную працу і зарабляць грошы, — гаворыць паветраная гімнастка. — Пасядзела месяц дома і зразумела, што гэта ўжо неад'емная частка майго жыцця. Прыйшла ў Белдзяржцырк, прынесла ўсе свае дзіцячыя дыпломы, паказала нумар, і мяне ўзялі. У прынцыпе, тут і сваіх паветраных гімнастаў хапае, а вось у жанры антыпода ніхто не працуе, гэта выміраючы від цыркавога мастацтва. Можа, таму мне і пашанцавала. Цяпер я вучуся на трэцім курсе ўніверсітэта (тут працую на палову стаўкі), але дакладна магу сказаць, што мая будучыня звязана толькі з кар'ерай артыста. Хімію мазгамі я разумею, умею яе прымяняць, але не адчуваю ад гэтага задавальнення.

Дзяўчына лічыць, што найлепшым шляхам да цыркавой будучыні з'яўляюцца студыі, падобныя да той, дзе займалася яна сама. У такіх установах дзецям даюць папрацаваць ва ўсіх жанрах, і яны самі могуць выбраць тое, што ім больш даспадобы.

У «дарослым» цырку такой магчымасці няма. Другім распаўсюджаным шляхам у такую незвычайную прафесію з'яўляюцца цыркавыя дынастыі, калі бацькі з ранняга ўзросту развіваюць у дзецях майстэрства, перадаюць ім уласны досвед, а потым працэс паўтараецца... У Беларусі гэта, напрыклад, Бандарчукі, у Расіі — Запашныя... Акрамя таго, існуюць эстрадна-цыркавыя вучылішчы. Праўда, у Беларусі такіх устаноў няма. Найбліжэйшыя знаходзяцца ў Маскве і Кіеве. Але гатоваму артысту такая адукацыя, па словах Алены, непатрэбная — вельмі многае ў прафесіі вырашае самаадукацыя і здольнасць да творчасці.

Прак­ты­ка­ван­не з хуст­ка­мі: ка­лі пе­ра­стаць кру­ціць «сна­ра­ды», уся пры­га­жосць ім­гнен­на знік­не.

Тым часам мы пераходзім у другую залу. Тут знаходзіцца яшчэ адна арэна, але крэслаў гледачоў няма — гэта памяшканне прызначана выключна для рэпетыцый. Алена будзе адточваць майстэрства паветранай гімнастыкі на палотнах. Усё робіцца без страхоўкі — па словах дзяўчыны, у гэтай справе яна толькі замінае, бо ў ёй лёгка заблытацца. Але ў голасе ніякага страху не чуваць.

— Я зусім не баюся, — кажа яна. — На вышыні атрымліваю асалоду ад усяго: ад рухаў, адчуванняў. Ты падоўгу абкручваеш рукі тканінай, канцэнтруешся, потым робіш «абрыў» і па-сапраўднаму ляціш — гэта не перадаць словамі. Нехта адчувае «матылькоў у жываце» ад кахання, а я — ад такога падзення. Вядома, здараліся розныя небяспечныя рэчы — нядаўна сарвалася і павісла, зачапіўшыся нагой. Але гэта бывае рэдка, я імкнуся сябе кантраляваць.

Такія рэпетыцыі ў дзяўчыны штодзень. Адзін занятак павінен займаць не менш за гадзіну, але гімнастка звычайна праводзіць тут нашмат больш часу — адточвае кожны элемент.

Трэніровак няма толькі ў дні выступленняў. Падчас цыркавога сезона выступаць даводзіцца па некалькі разоў на тыдзень, а па святах — нават і на дзень. Яшчэ здараюцца гастролі, праўда, Алена ў іх не ўдзельнічае з-за вучобы. На летні перыяд артысты або з'язджаюць адпачываць, або шукаюць падпрацоўку.

— Да якога ўзросту можна працаваць? Насамрэч, век паветранага гімнаста не самы доўгі, — кажа дзяўчына. — Працуюць да таго часу, пакуль дазваляе арганізм. Звычайна гэта 30-35 гадоў. Далей большасць проста змяняе профіль работы: пераходзіць у дрэсіроўку, акрабатыку, пачынае працаваць з рэквізітам (тым жа антыподам). Можна займацца рэжысурай, бо досвед ужо назапашаны, адкрыць сваю цыркавую студыю. Калі не атрымліваецца, можна завяршыць цыркавую кар'еру, перайсці ў іншую сферу. У маім выпадку гэта можа быць радыехімія. Дарэчы, у 35 гадоў паветраны гімнаст ужо выходзіць на афіцыйную пенсію, таму зусім без грошай ты наўрад ці застанешся.

Ан­ты­под — адзін з «вы­мі­ра­ючых» жан­раў цыр­ка­во­га мас­тац­тва.

Ёсць у маладой гімнасткі і цэлы шэраг прафесійных узнагарод. Спецыяльна для цыркавых артыстаў у многіх краінах праводзяцца фестывалі, на якіх можна прадэманстраваць сваё майстэрства. Сярод апошніх дасягненняў Алены сярэбраны медаль маладзёжных Дэльфійскіх гульняў у расійскім Арле, другое месца на Рыжскім фестывалі, першае — на карпаратыўным фестывалі «Факел» у Расіі, фестывалі «Кветкі Расіі» ў Санкт-Пецярбургу і многіх іншых.

— Не магу сказаць, што ў цырку ў мяне шмат сяброў, — прызнаецца дзяўчына. — Калектыў выдатны, з усімі падтрымліваю добрыя адносіны, але сапраўдныя сябры ў мяне ва ўніверсітэце. Ім, дарэчы, вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Некалькі разоў нават прыходзілі на выступленні, не верылі вачам... У інтэрнаце могуць папрасіць мяне нешта падаць, бо ведаюць, што я магу зрабіць гэта нагой (смяецца).

Наконт будучыні Алена пакуль не загадвае. Пасля навучання на хімфаку яе чакае размеркаванне, але дзяўчына хоча застацца ў цырку.

— Я не лічу сваю працу складанай, — кажа яна. — Самае цяжкае — прымусіць сваё цела працаваць так, як табе трэба, бо яго магчымасці абмежаваны прыродай. Люблю сваю працу за тое, што яна неаднастайная. Здавалася б — штодзень рэпетуеш адны і тыя рухі, «праганяеш» аднолькавую праграму. Але заўсёды ёсць магчымасць дадаваць новыя элементы, змяняць іх парадак, прыдумляць цікавыя пераходы, карыстацца новым рэквізітам... У гэтым і заключаецца творчасць. Таму сумна ў цырку не бывае.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Абрыў» з-пад купала

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.