Вы тут

У Паршына, бліжэй да зор


Разам са здымачнай групай праграмы «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» сёння мы рушым у новую вандроўку-паляванне за песнямі і традыцыямі беларусаў. Гэтым разам кіруемся ў вёскі Паршына і Горы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Тут нас чакае знаёмства з творчасцю сапраўды вядомага фальклорнага гурта «Паршынскія зоры», а таксама сустрэча з супрацоўнікамі Горскага сельскага цэнтра фальклору і народнай творчасці, якія раскрыюць таямніцы, зашыфраваныя ў мясцовых строях. Дарэчы, у эфір канала «Беларусь 3» гэты выпуск праграмы «Наперад у мінулае» выйдзе ўжо ў нядзелю, 22 мая. Але давайце зазірнём у яе закуліссе.


«Пар­шын­скія зо­ры» на фес­ты­ва­лі «Бе­ра­гі­ня» ў па­сёл­ку Ак­цябр­скі.

І пасмяяцца, і пасумаваць

Жыццё жыхароў вёскі Паршына, што сёння ўваходзіць у Горацкі раён, нельга назваць аднолькава добрым ці кепскім цягам усёй гісторыі яе існавання. Вёска, вядомая з XVІ стагоддзя як уласнасць шляхты, праз некалькі стагоддзяў перайшла ва ўладу дзяржавы, а потым стала часткай памешчыцкай уласнасці. Таму мясцовыя жыхары мудра кажуць, што на памяці іх продкаў былі розныя падзеі, вясёлыя і сумныя. Натуральна, яны знайшлі сваё адлюстраванне ў песнях.

Сёння справай аднаўлення, захавання і перадачы наступнаму пакаленню песеннай і танцавальнай спадчыны рэгіёна займаецца народны ансамбль «Паршынскія зоры». Іх назва як мага лепш адпавядае сутнасці гурта, бо яны — сапраўдныя зоркі фальклорнай творчасці. Не так даўно калектыў адсвяткаваў 30-годдзе. За гады актыўнай дзейнасці спявачкі выступілі ў многіх гарадах Беларусі і Расіі: у Санкт-Пецярбургу ў кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава, у Мінску нават на сцэне Палаца Рэспублікі, некалькі разоў прадстаўлялі Горацкі раён на Рэспубліканскім фестывалі фальклору «Берагіня», што праходзіць раз на два гады ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці.

А хрэсьбінныя і вясельныя песенныя цыклы калектыву ў 2012 годзе ўключаны ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Дарэчы, мая сустрэча з гуртом не была першай. Два гады таму я пазнаёмілася з жанчынамі з «Паршынскіх зор» падчас фестывалю «Берагіня», але тады праз вірлівую праграму фестывалю і стомленасць саміх спявачак не атрымалася грунтоўна пагутарыць. А можа, гэта да лепшага, бо спатканне ў іх родным Паршыне, у доме Галіны Зубаравай, аздобленым вышыванымі ручнікамі, посцілкамі, атрымалася надзвычай цёплым і душэўным. Нават нягледзячы на мноства тэлекамер.

Калі ў жанчын з гурта запытацца, ці памятаюць яны нейкія абрадавыя, бытавыя, жартоўныя песні, якія спявалі яшчэ ў маладосці, адказ будзе нязменны:

— Усе!

Кожная з удзельніц калектыву ведае не менш як сотню песень, усе яны — з іх роднай мясцовасці, перанятыя ад мам і бабуль. І гэта — асаблівая рыса гурта. Кіраўнік калектыву Любава Уладыка кажа:

— «Паршынскія зоры» адметныя тым, што спяваюць жанчыны менавіта фальклорныя, свае родныя песні. Для іх гэта — скарбонка таленту, мудрасці. Ды і самі ўдзельніцы, якія на працягу трыццацігоддзя нясуць людзям прыгажосць і мудрасць народнай песні, — сапраўдны скарб. Нават жанчыны ў вельмі паважным узросце знаходзяць сілы, каб выходзіць на сцэну і спяваць, спяваць... Яны літаральна жывуць песняй. Напрыклад, найстарэйшай спявачцы калектыву Лідзіі Сіняковай ужо 87 гадоў, але яна з задавальненнем выступае і дорыць радасць гледачам. Гэта гонар для нас.

Дарэчы, Лідзія Пракопаўна прынесла ў гурт многа песень, некаторым ужо больш як сто гадоў, бо жанчына пераняла іх ад сваёй бабулі.

Каб пра­віль­на  за­вя­заць хуст­ку, трэ­ба ве­даць мност­ва пра­ві­лаў.

Свята — аж шэсць дзён!

Вясёлыя аўтэнтычныя песні — яшчэ адна адметная рыса гурта.

— Усіх здзіўляе, што мы спяваем вясёлыя бытавыя песні. Але гэта сапраўдныя творы, адноўленыя ў нашай мясцовасці, — расказвае Любава Уладыка. — Кажуць, як жыў народ — такія і песні спяваў. У жанчын было цяжкае жыццё, і яны спявалі пра працу, нястачу ў побыце. Вясёлыя песні гучалі толькі ў тых выпадках, калі ў людзей было свята, на душы — светла, чыста. Мы аднавілі такія песні са слоў старэйшых удзельніц калектыву, яны вельмі рэдкія, а некаторыя нават атрымалі другое жыццё. Па ўспамінах, згадках нараджаліся асобныя словы, радкі, куплеты.

У ліку такіх песень можна назваць жартоўную «Праху»:

А казалі на мяне, што не праха.

Ад торгу да торгу хадзіла,

Я й за рубль вераценца купіла,

За капеіцу кудзеліцу купіла.

Як устану ў панядзелак раненька,

Як выведу тры нітачкі я таненька.

Надзелала на руках мазалёчкі,

Застанецца мой міленькі без сарочкі...

Падобныя песні ў Паршыне называюць «Мікольскімі» і «Варварскімі». Раней у вёсцы, як і ў Смаленску, было прынята ўшаноўваць святых Міколу і Варвару аж па тры дні. Усе шэсць дзён вяскоўцы святкавалі, забаўляліся, весяліліся, так і нараджаліся вясёлыя песні. Вось як «Уцёніца»:

Па рацэ-рацэ ўцёніца плывёт.

Пра мяне младу бесслаўя ідзёт.

Што я стараму пірог спякла

Іза ўсякага нясеянага.

Паводле сюжэта, жанчына дадала ў пірог для старога мужа яшчэ «палонік і ложачку» дзёгцю, а для маладога мужа спякла пірог з сеянай пшанічнай мукі, а дадала да яго «палонік і ложачку» масла і мёду.

Яшчэ адна са старэйшын «Паршынскіх зор» Валянціна Багачова — сапраўдны спецыяліст па вясельным рэпертуары (яна нават неяк падчас паездкі атрымала жартоўную мянушку Флэшка, бо ведае бясконцае мноства песень, гісторый і балад). Спадарыня Валянціна расказвае:

— Як цяпер на вяселлі рэй вядзе тамада, а раней усім кіравалі сваты. На гэтую ролю выбіралі самых гаваркіх. Я заўсёды была сваццяй! Ведаю ўсе песні, асабліва тыя, якія спяваюць, выпраўляючы маладога да маладой. Маю пяцёра сыноў, а дачкі — ніводнай.

Лёс, адлюстраваны ў песні

Умеюць «Паршынскія зоры» і пасумаваць. Часта спяваюць «Бярозіцу», дзе адзінокая бяроза ў цёмным лесе, што ўвесь час глядзіць на паляну, атаясамліваецца з жанчынай, якая выйшла замуж за нялюбага і з сумам пазірае на добрых хлопцаў. А вось «Лябёдушка» асабліва дарагая калектыву.

— Песня мае сваю гісторыю, яна звязаная з лёсам былой удзельніцы нашага гурта. На жаль, жанчына, якая прынесла нам гэтую песню, ужо пайшла з жыцця, але памяць пра яе засталася, — тлумачыць кіраўнік гурта.

Гэта гісторыя пра няшчасны шлюб, у якім жанчына правяла маладыя гады. Каб дагнаць «леткі маладыя», яна просіць у таты каня. Але, на жаль, нават стаміўшы каня, страчаныя гады не вярнуць.

Жанчыны прызнаюцца, што ў некаторых момантах іх рэпертуар перагукаецца з творамі іншых калектываў краіны, выконваюць яны і досыць папулярныя народныя творы. Але, натуральна, у выкананні «Паршынскіх зор» яны набываюць новы настрой і гучанне.

Як правільна завязаць хустку

Цікава, што жанчыны з «Паршынскіх зор» выступаюць у касцюмах, набліжаных да горы-горацкага строю. У некаторых песнях нават гучаць назвы традыцыйных элементаў касцюма. Каб даведацца больш пра яго адметнасці, кіруемся ў Горскі сельскі цэнтр фальклору і народнай творчасці.

— Найважнейшым элементам адзення былі сарочкі. Іх насілі ў любым узросце і шылі ўручную, — расказваюць дзяўчаты з клуба «Святкі». — Таксама жанчыны насілі спадніцы і фартухі. Адметная рыса горы-горацкага строю — аднатонны кабат, або гарсэт. Ён абавязкова прымацоўваўся да спадніцы.

Дырэктар цэнтра фальклору і народнай творчасці Людміла Шыкунова расказала:

— Мы вядзём актыўную работу па вывучэнні, аднаўленні і папулярызацыі звестак пра мясцовыя строі. Так, у цэнтры можна пабачыць аўтэнтычныя касцюмы, якія супрацоўнікі ўстановы сабралі падчас этнаграфічных экспедыцый па рэгіёне. Рэканструкцыя касцюмаў таксама вядзецца па ўсіх правілах: у нашым цэнтры працуе ткалля Святлана Зэлікава, якая ўмее ткаць на старажытных кроснах. Не так даўно на конкурсе рэканструкцый касцюма, што праходзіў у Магілёве, горы-горацкі строй, адноўлены нашым цэнтрам, заняў першае месца.

Супрацоўнікі цэнтра фальклору і народнай творчасці вывучаюць не толькі самі строі, але і культуру іх нашэння, захавання. Нават маладыя дзяўчаты ўмеюць складаць спадніцы ў куфар адмысловым чынам — каб іх не трэба было прасаваць, яны ж навучаць правільна завязваць хустку.

Замужняй кабеце не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой — адсюль такая вялікая колькасць разнастайных галаўных убораў нашых продкаў. У рэгіёне насілі хусткі трох відаў — намітку, апарыську, прохараўку, а таксама чапцы, якія шыліся з астаткаў хусткі. Манера звязваць хустку магла расказаць пра сацыяльны статус і колькасць дзяцей у жанчыны. Так, колькасць складак над ілбом сведчыць пра тое, колькі разоў жанчына была замужам. Колькасці сыноў адпавядае тое, колькі разоў перакручаны «рог» хусткі з правага боку — сыны — працаўнікі ў хаце, а пра колькасць дачок у жанчыны распавядзе колькасць перакрутаў з левага боку — дочкі бліжэй да матчынага сэрца.

Вельмі радуе, што ў цэнтры фальклору і народнай творчасці ў вёсцы Горы моладзь, вучні — частыя госці і амаль гаспадары. Таму ёсць надзея, што нашы спрадвечныя традыцыі будуць жыць яшчэ шмат стагоддзяў.

veasіaluha@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.