Вы тут

Музей, кніга і спартыўныя спаборніцтвы


Якія яшчэ цікавінкі чакаюць гасцей фестывалю нацыянальных культур?

4-5 чэрвеня Гродна стане сапраўднай сталіцай фестывальнага руху краіны; тут пройдуць заключныя мерапрыемствы ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Сёлета свята ўпершыню пройдзе пад патранатам ЮНЕСКА.

Агульная колькасць удзельнікаў — каля 800 чалавек, гэта прадстаўнікі больш як 30 нацыянальна-культурных аб'яднанняў, а таксама выканаўцы, якія прайшлі адбор у сваіх абласцях. Падрабязная праграма фестывалю яшчэ распрацоўваецца, але ўжо вядома, што сёлета гасцей і ўдзельнікаў свята чакаюць сапраўдныя сюрпрызы. У іх ліку — спаборніцтвы па нацыянальных відах спорту, фэшн-шоу, адкрыццё музея фестывалю і прэзентацыя кнігі, што распавядае пра яго гісторыю. Падрабязней пра адметнасці праграмы і ход падрыхтоўкі да свята карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль ЧЭРНІК.


Чаму Гродна?

— Часта задаюць пытанне, чаму гэты фестываль праходзіць менавіта ў Гродне. Мы лічым, што фэст павінен мець сталую прапіску. Цяжка ўявіць, што «Славянскі базар» пройдзе не ў Віцебску, тэатральны фестываль «Белая Вежа» — не ў Брэсце, «Лістапад» — не ў Мінску, «Сожскі карагод» — не ў Гомелі, а «Залаты шлягер» — не ў Магілёве. Таму Гродна заўсёды будзе сталіцай фестывалю нацыянальных культур. Мне вельмі падабаецца, як горад рыхтуецца да свята. Сёння амаль усё да яго гатова. Добраўпарадкаваны пляцоўкі і парк, дзе пройдуць мерапрыемствы. Фестывальныя падзеі будуць праходзіць у цэнтральнай частцы горада, але ўжо на ўездзе ў горад з розных кірункаў гасцей прывітаюць адмысловыя білборды з паведамленнямі пра вялікі фэст.


Новы фармат

— Сёлета крыху змяніўся фармат правядзення фестывалю і яго канцэпцыя. Раней заключнае свята звычайна ўключала шэсце, адкрыццё, а на наступны дзень працавалі нацыянальныя падворкі, дзе нацыянальна-культурныя аб'яднанні, зарэгістраваныя ў нашай краіне, дэманстравалі народныя строі, танцы, песні, знаёмілі з кухняй. Сёлета святкаванне пачнецца а 12 гадзіне. Спачатку з плошчы Леніна на Савецкую плошчу пройдзе шэсце, у якім прымуць удзел прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб'яднанняў, потым — адкрыццё на Савецкай плошчы. Пасля адкрыцця пачнуцца канцэртныя праграмы на ўсіх фестывальных пляцоўках горада. Вызначана тры асноўныя з іх — плошчы Савецкая і Леніна, а таксама парк Жылібера, астатнія — невялічкія пляцоўкі, якія размесцяцца ў цэнтральнай частцы горада. Пачнецца праца нацынальных падворкаў ва ўтульных дворыках горада. Адметна, што архітэктура старой часткі Гродна так выдатна захавалася, што нацыянальныя падворкі могуць размясціцца літаральна ў кожным дворыку.


Культура — ва ўсім

— Я быў на фестывалях нацыянальных культур за мяжой — у Чэхіі, Польшчы. Але наш фэст адрозніваецца ад іх, ён адметны менавіта насычанай праграмай. Плануюцца не толькі канцэрты і работа падворкаў, але і выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы. Упершыню пройдуць спаборніцтвы па нацыянальных відах спорту. Можа, спартыўныя спаборніцтвы атрымаюць сталую прапіску ў праграме фестывалю, прыжывуцца. Адметна, што ў іх могуць прыняць удзел усе нацыянальна-культурныя аб'яднанні. Магчыма, пераможцам будзе прадстаўнік той нацыянальнасці, дзе пэўны від спорту надзвычай папулярны, а можа і не. Будзе таксама праходзіць фэшн-шоу «Мода ад народа». Мы хочам звярнуць асаблівую ўвагу на нацыянальныя касцюмы. Канечне, у нашай свядомасці ёсць пэўны ўніфікаваны вобраз народных строяў, але ж адзенне розных рэгіёнаў кожнай краіны адрозніваецца. У Год культуры хочацца паказваць культуру ў розных аспектах — у спорце, нацыянальных строях, прыгатаванні ежы.


Пад патранатам ЮНЕСКА

— Сёлета ў фэсце першы раз прымуць удзел ліванцы, чачэнцы, сірыйцы і амерыканцы. Упершыню афіцыйны патранат над правядзеннем фестывалю ўзяло ЮНЕСКА. Паведамленне пра гэта мы атрымалі ад пастаяннага прадстаўніка нашай краіны ў гэтай арганізацыі Паўла Латушкі. Гэта надзвычай важна для нас, бо такі патранат могуць атрымаць толькі самыя знакавыя фестывалі, якія маюць даўнія традыцыі і багатую гісторыю. Думаецца, у тым, што ў нашай краіне няма нацыянальных канфліктаў, што прадстаўнікі ўсіх нацый жывуць побач і кожная з іх можа развіваць сваю культуру, паказваць здабыткі шырокай публіцы, не апошнюю ролю адыгрывае і фестываль нацыянальных культур. Ведаю, што гэта сапраўднае свята для многіх. Яго сапраўды чакаюць! Таму няма сумненняў, што ў Гродна завітае шмат гасцей з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы.


Толькі айчынныя выканаўцы!

— Кожны фестываль павінен мець адметную рысу. Сёлета пабачыць свет кніга «Летапіс Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур», якая стане выдатным падарункам гасцям ад Гродзенскага гарвыканкама. Таксама будзе адкрыты музей гісторыі фестывалю. Раней мы запрашалі выканаўцаў з замежжа, але сёлета ў Гродне будуць выступаць беларускія артысты. Гэта гурты «Чысты голас», «Бяседа», «Ветах», Navі, J-Mors, Pawa і многія іншыя. Думаю, гэта правільна. Варта паказваць публіцы свае калектывы, а ў нас выканаўцаў, здольных уразіць публіку, паказаць сваё майстэрства, досыць многа. Упершыню таксама пройдзе эстрадны канцэрт нацыянальна-культурных аб'яднанняў. Тут артысты прадставяць не народныя песні і танцы, а сучасныя эстрадныя нумары. Пройдуць таксама гумарыстычныя канцэрты, пры падтрымцы кінатэатра «Чырвоная зорка» адбудуцца кінапаказы, у тым ліку пад адкрытым небам.

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.